Вёска Вялікія Прусы: вогненная сястра Хатыні

Дзе б ні жылі цяпер нашчадкі тых пакутнікаў, што ацалелі, калі карнікі спальвалі ў вайну беларускія вёскі, — яны памятаюць і цяпер пра трагедыю іх родных людзей
Дзе б ні жылі цяпер нашчадкі тых пакутнікаў, што ацалелі, калі карнікі спальвалі ў вайну беларускія вёскі, — яны памятаюць і цяпер пра трагедыю іх родных людзей

Дзень 22 сакавіка — Дзень памяці ахвяраў Хатыні. Карнікі спалілі гэтую лясную вёску разам з яе жыхарамі ў партызанскай зоне, у Лагойскім раёне якраз на хрысціянскае свята Саракі (Сарака Святых) у ваенным 1943-м. Былі разбураны ўсе 26 хат, забіта 149 чалавек.

А “вогненных вёсак” па Беларусі — тысячы. Пра адну з іх нагадала Людміла Фуга, журналістка з украінскага горада Мікалаева, з мясцовай газеты “Южная правда”. Трапіўшы на вечарыну Мікалаеўскай суполкі беларусаў “Голас Радзімы”, прысвечаную Дню роднай мовы, яна вельмі расчулілася. Пра тое пісала і ў сваёй газеце, а мы спасылаліся на яе тэкст (“Жывая спадчына” ў Мікалаеве, ГР, 3.03.2016)..

“Вельмі яе расчуліла песня ў выкананні Ірыны Дарафеевай “Спадчына”, — напісала нам кіраўніца суполкі Таццяна Дзяменнікава. — Людміла расказала нам  пазней: спявачка падобная да яе матулі, такая ж прыгожая была яна ў маладосці”. А маці яе, Марыя, беларуска: нарадзілася 12 ліпеня 1930 года ў вёсцы Стараселле непадалёк ад Грэска — бо ў Грэскім райбюро ЗАГС 11 ліпеня 1947 года ёй была выдадзена паўторная метрыка. У 1954-м выйшла замуж за ўкраінца і пераехала жыць ва Украіну. Кажа: маці вучылася ў Брэсце на швачку, а бацька там служыў. У дзіцячыя гады Людміла ездзіла з бацькамі на радзіму матулі, зберагае ў сэрцы ўспаміны пра цудоўную краіну продкаў. А нядаўна ў Людмілы з’явілася ўнучка (дачка Алена жыве ў Харкаве), і назвалі яе Марыяй: у гонар прабабулі-беларускі, якой не стала ў 2014-м”.

Вось што пісала пра сустрэчу з Беларуссю Людміла Фуга: “Мне тады было 10 гадоў, але чэпкая дзіцячая памяць захоўвае ўспаміны пра сапраўдную беларускую вёску і дзедаву хату з бярвёнаў. У памяці ўсплылі моманты, як мы ўсе разам дружна выходзілі ў поле, рвалі лён і звязвалі яго ў снапы, дапамагаючы дзядулю выконваць калгасную норму. І як збіралі ў лесе лісічкі, прыпадымаючы мяккі мох... Памятаю нават той непаўторны водар паветра: свежы пах ігліцы і грыбоў. Дарэчы, дзядуля адзіны з мамінай радні застаўся жывым пасля вайны, а ваяваў у партызанскім атрадзе. Астатнія нашы родзічы былі зажыва спаленыя фашыстамі-карнікамі ў забітых хатах. Мама — ёй тады было 11 гадоў — з маленькім брацікам паспелі збегчы, схаваліся. Яны бачылі, як гарыць іх хата.... У вёсцы, пабудаванай нанова, на месцы пахавання астанкаў спаленых людзей усталяваны абеліск: як у Хатыні. Памятаю, мы з мамай стаялі, абняўшыся, ля гранітнай сцяны, дзе выбітыя імёны і прозвішчы загінулых нашых сваякоў. І плакалі...

У лісце ў нашу рэдакцыю сама Людміла Фуга дадае падрабязнасці: “Мама мая родам з Беларусі, якая ў вайну панесла асабліва вялікія страты. Там фашысты вынішчалі людзей вёскамі. У такой глухой лясной вёсцы і мама нарадзілася. Сям’я была поўнаю: бабуля, дзядуля, маці, бацька і двое дзяцей. Калі пачалася вайна, бацька мамы, мой дзед, як і ўсе мужчыны, здольныя трымаць зброю, сышоў у лес да партызанаў, якія не давалі супакою фашыстам. Таму ў вёскі засылалі спецыяльныя карныя атрады, якія спальвалі іх датла: разам з людзьмі. Аднойчы такі атрад з’явіўся і ў мамінай вёсцы. Калі яе акружалі, дзеці і тыя, хто мог хутка рухацца, беглі ў лес. Мама з малодшым братам, чатырох гадоў, схаваліся на могілках (на краі вёскі, на ўзгорку), адкуль добра была бачна іх хата) і чакалі дарослых. А іх усё не было… Бабуля,  якой было толькі 35, усё ўгаворвала сваіх бацькоў, якія не хацелі пакідаць гаспадарку, хутчэй збірацца. А тым часам карнікі замкнулі дзверы, падпалілі хату. Звар’яцелым ад страху дзецям было відаць з пагорка, як яна гарэла. Паўсюль былі чуваць крыкі людзей, аўтаматныя чэргі. А на другiм канцы вёскі палала іншая хата,  у якой жылі маці і сястра майго дзеда… Калі прыйшлі партызаны, вёска дагарала. Не ацалела ніводнай хаты. Парэшткі людзей былі пахаваныя ў брацкай магіле на тым жа пагорку на краі вёскі. Гэта была вёска Вялікія Прусы Капыльскага раёна Мінскай вобласці”.

Людміла напісала і прозвішчы яе родзічаў, якіх спалілі карнікі: Высоцкая Марыя Іванаўна, 61 год. Высоцкая Ганна Міхайлаўна, 40 гадоў. Высоцкая Вольга Андрэеўна, 35 гадоў. Жылка Алена Пятроўна, 60 гадоў. Жылка Андрэй Паўлавіч, 62 гады. Вечная ім памяць.

Помнікаў вёскам, спаленых у вайну, вельмі шмат па Беларусі. Людміла піша: “Хацелася б яшчэ раз напомніць пра гэта. Асабліва цяпер, калі камусьці вельмі хочацца пагуляць у ваенныя гульні. Можа б ім варта было б пабываць у Беларусі, пачытаць імёны на помніках — імёны жыўцом спаленых людзей, нашых продкаў. Мы заўсёды будзем пра іх памятаць”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter