Вёска над балотам

"Мо, хто-небудзь з вас падумае: “Ну што цікавага ў балоце? Дрыгва, багна, летам камары, невыносная млявасць”. Катэгарычна не згодзен"

А вёска Пешкі сваім лёсам

Навек зраднілася з балотам... 

Мы летам цягнем тут пракосы, 

Аж вочы залівае потам. 

Пад восень – шчодра журавіны, 

А на кустах яшчэ й арэхі. 

Красуе спелая каліна, 

І ўсё – для нашае ўцехі. 

Тут  ёсць  усё

Не здзіўляйцеся, паважаныя чытачы, што гэтыя вершаваныя радкі, якія нарадзіліся ў маім сэрцы, я прысвяціў... звычайнаму балоту. Пра яго ж і мой невялічкі аповяд. Мо, хто-небудзь з вас падумае: “Ну што цікавага ў балоце? Дрыгва, багна, летам камары, невыносная млявасць”. Катэгарычна не зго-дзен з такім меркаваннем, бо і сам асабіста, і многія мае сябры, якія родам з вёскі, перакананы ў адваротным: нашы балоты – цэлы сусвет, надзвычай разнастайны, цікавы, нават хвалюючы. Тут табе і самыя розныя дрэвы, і кусты, і сапраўднае царства траў. А ягады? Журавіны, брусніцы, чарніцы... А птушкі? Буслы, журавы, качкі, цецерукі, глухары... Любяць тут паласавацца ласі, дзікі і, добра пад’еўшы, схавацца ад ворагаў ды спачыць.

За апошнія 50 гадоў водна-балотныя ўгоддзі ў нашай рэспубліцы скараціліся з 3 мільёнаў да 1,4 мільёна гектараў. Мы ведаем, чым гэта выклікана, і я не стаўлю сваёй задачай ана-лізаваць праблему, гэта асобная, вельмі сур’ёзная тэма. Тым больш што меліярацыя шмат чым абагаціла нашу сельскую гаспадарку, яна была проста неабходна для Беларусі. Добра, што ў апошні час наша экалагічная палітыка цвёрда вырашае важнейшую задачу аховы прыроды – разумна выкарыстоўваць і берагчы балоты. 

Сенакос  пачаўся!

Ведаю, што ў ліку соцень тысяч гектараў асушаных балот ёсць і тое, з якім назаўсёды параднілася мая родная  вёска Пешкі ў Бярозаўскім раёне. За паўстагоддзя, як пакінуў родныя мясціны, у жыццёвым віры і клопатах шмат што забылася з майго дзяцінства, у якім вельмі дарагія і хвалюючыя малюнкі звязаны менавіта з балотам. 

Вось толькі некалькі, можна так сказаць, з’яў. Калі з вясны браліся спорныя дажджы, то ў сярэдзіне чэрвеня на балоце ўжо стаяла густая сакавітая трава. Першы дзень сенакосу – нібы свята для вёскі. На балота выходзіла каля трыццаці мужыкоў. Яны гналі шырокія пракосы ад самай вёскі да канала, гэта кіламетра паўтара. Крыху адпачывалі і ўжо касілі ў напрамку вёскі. Над балотам пераліваўся мілагучны сталёвы звон, за мужыкамі заставаліся густыя валкі скошанай травы, а паветра настойвалася на яе водары... 

Кожная вясковая кабета хоць на некалькі хвілін адрывалася ад сваіх клопатаў у хаце ці агародзе – толькі не ўпусціць такое цудоўнае відовішча, як першы дзень сенакосу. А што мы, хлапчукі? У нас, вядома ж, не хапала сіл класці такія ж шырокія пракосы, як мужыкі. Таму мы збіралі сваю брыгаду, шукалі мясціны, дзе трава была рэдкая, і касілі, каб мець свае сумленныя працадні. 

Гэта была зусім не хлапчуковая забава, бо каб брыгадзір вечарам запісаў табе адзін працадзень, трэба скасіць — добра запомніў  на ўсё жыццё – дваццаць дзве з паловай соткі. Амаль чвэрць гектара. Іншы раз, калі падганяў час, брыгадзір прасіў нас скасіць участак, дзе трава стаяла ў пояс. Мы не адмаўляліся, вось тады і залівала нашы вочы салёным потам, а пад канец дня так стамляліся, што ледзьве пляліся дадому. Ну а ў працоўнай кніжцы з’яўлялася яшчэ адна “палачка”. Гэта значыць працадзень, на які позняй восенню налічвалі некалькі капеек альбо і наогул нічога не плацілі. Такія былі мае школьныя канікулы ў далёкае лета 1955 года... 

Надзвычай вабіла людзей балота ў пагодлівую восень, калі яно добра падсыхала. Можна было смела ездзіць на падво-дзе. Мужыкі звазілі  ў свае двары сена, скошанае на дзялянках для хатняй худобы. Некаторыя пакідалі добра збітыя стагі на балоце да зімы. 

Арэхі  для  вавёркі

Па ўсяму балоту пускалі кароў – якое прыволле! Мы, пастухі, нават не глядзелі за статкам, бо ўсё было скошана, прыбрана і ніякай шкоды каровы не рабілі. У нас пачыналася сваё “паляванне” – збор арэхаў. На балоце было шмат астраўкоў – высокіх сухіх мясцін, вяскоўцы называлі іх грудкамі. Яны багата зарасталі густым арэшнікам, рабінай, калінай, дзе-нідзе стаялі прыгожыя разлапістыя дубы. 

Вось ужо радасць для хлапчукоў, калі на кустоў’і цэлымі гронкамі сядзелі арэхі, ружовыя ад шчодрага летняга сонца. Больш за ўсё такіх гронак гойдалася на самым версе старых кустоў, быццам дражніла нас: паспрабуйце дастаць. Ды ці ж гэта перашкода для ўвішных хлапчукоў? Мы выразалі доўгія гнуткія кіі з моцнай галінай, абломвалі яе, і атрымліваўся кій-крук. 

Гнулі крукам доўгія, пругкія галіны да самай зямлі — і, калі ласка, арэхі просяцца ў рот. Яны былі надзвычай смачныя, бо за ўсё лета, адкрытыя сонцу, бралі ад яго куды больш жывой сілы, чым тыя, што хаваліся ў кустоўі. Адной рукой трымаеш галіну, другой рвеш арэхі – і за пазуху, куды ж яшчэ. Потым адпускалі галіну, і яна лёгка ляцела ўверх, быццам задаволеная тым, што аддала свае пачастункі нам. 

У нас былі свае строгія правілы такога збору арэхаў. Галіны гнулі вельмі асцярожна, каб, крый божа, не зламаць. Бо ў наступным годзе і надалей яны зноў будуць рыхтаваць нам свае смачныя ласункі. Таму мы вельмі бераглі арэшнікі на балотных астраўках. 

І яшчэ. Мы ніколі не чысцілі куст да апошняга арэха. Калі хто-небудзь дазваляў сабе такое, папракалі: “Ты што, пра вавёрку забыў?” Так, так, частку арэхаў мы пакідалі вавёркам, якім добра жылося на гэтых самых грудках. Іх ніхто не палохаў, яны весела скакалі па галінах, робячы запасы на зіму. І паняцце “арэхі для вавёркі” для нас, вясковых хлапчукоў, было тады  падсвядомым сумленнем і мараллю, хаця мы і не думалі пра такія высокія матэрыі. 

Ах,  колькі  было  журавін

У жніўні на шматлікіх балотных купінах густа высыпалі журавіны. Перш чым іх браць у кошык, мы абавязкова спрабавалі на смак: ад сакавітых кіславата-салодкіх ягад зводзіла сківіцы, і мы жмурылі вочы. Ну што ж, як мы казалі, вельмі “сярдзітыя” свежыя журавіны, затое які смачны кісель варыла з іх маці зімой. І ніяк нельга было абысціся без іх пры квашанні капусты. Таму нарыхтоўвалі журавін шмат. Занятак цяжкі, калі натрапіш на багатую мясціну – некалькі гадзін сядзіш на кукішках, бярэш і бярэш ягады. Мы здавалі іх кааператарам і мелі добрую капейку. 

У двары нарыхтоўшчыка Які-ма, што жыў на хутары, стаялі сотні бочак, туды ссыпалі сакавітыя журавіны. Амаль штодзень прыходзілі з райцэнтра машыны і забіралі такія  бясцэнныя дары нашага балота. 

Мы тады не ведалі, наколькі багатыя вітамінамі журавіны, як памагаюць яны ад розных хвароб. Іх радзіла столькі многа, і нікому не прыходзіла ў галаву, што калі-небудзь раптам згіне такое багацце. Цяпер гэтай ягады значна менш па ўсёй рэспубліцы. А між іншым, штогадовы ўраджай журавін у сто цэнтнераў з гектара і болей мае вышэйшую каштоўнасць, чым адзін гектар высокапрадукцыйнага спелага лесу. Вось як. 

Тут я паспрабаваў вельмі сціпла перадаць вобраз балота, з якім непарыўна звязана доля маёй малой радзімы. Перакананы, што ў многіх нашых людзей, якія нарадзіліся і пайшлі ў свет з вёскі, жывуць у сэрцах такія ж успаміны. Таму, паважаныя чытачы, не прымайце гэты мой аповяд як нешта асабістае. Такое святое, асабістае павінна быць у душы кожнага чалавека. Калі ж няма, яго трэба пашкадаваць... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter