Вёска ў майскiм вэлюме

Уся наша вёска зараз быццам пераплецена вянкамi...

Вясновыя днi ў вёсцы пасля доўгай нуднай зiмы – як хвалюючае адкрыццё новага свету, прынамсi, для мяне гэта так. Асаблiва, калi ты вырваўся з вялiкага горада, напоўненага гулам, мiтуснёй, тлумам… Дыхаеш сярод веснавога прастору паветрам, у якiм столькi чысцiнi, свежасцi, бадзёрасцi, i быццам прасвятляешся.

Вось жа невычэрпная разнастайнасць i багацце нашай прыроды, яе здзiўляючая мудрасць i жыццёвая сiла. Здаецца, кожная чарговая вясна прыходзiць да нас па спрадвечных законах часу, нiчога новага, асаблiвага, нечаканага не можа быць, i ўсё ж. У кожным подыху вясны, кожнай з’яве, нават невялiчкiм моманце ёсць свая адметнасць. Бо вобраз вясны таленавiта i душэўна саткала прырода з незвычайнага мноства розных фарбаў, колераў, пахаў, гукаў… Нездарма сказана, што ў прыродзе цуды на кожным кроку, не лянуйся толькi iх бачыць, успрымаць, захапляцца. Што ж, паспрабуем i мы хоць крыху паглядзець i здзiвiцца.

Уся наша вёска зараз быццам пераплецена вялiкiмi квяцiстымi вянкамi незвычайна чыстых i свежых колераў. Па сядзiбах, уздоўж вулiц прывольна разышлiся сады, яны атулiлi некаторыя пабудовы, i цяпер усюды белая жывая квецень. Зусiм як у жывым вэлюме вёска, такое параўнанне найбольш адпавядае яе майскаму вобразу. Надзвычай клапатлiва, з высокiм густам прыбралася яна, стала на дзiва светлай i ўрачыстай.

Вёска апранае свой вэлюм не адразу, а паступова, быццам хоча прадоўжыць гэты ўрачысты працэс, гэтае жывое хараство, каб ад яго як мага больш атрымалi задавальнення i ўзнёслых пацуццяў людзi. Спачатку зацвiтаюць чарэшнi, i ў нашым садзе, i ў суседа дзядзькi Сiвага, апантанага аматара прыроды, гэтыя дрэвы такiя купчыста-белыя, яны бы тыя вялiкiя банты на вэлюме нявесты. А яшчэ чарэшнi вельмi падобныя на белыя храмы. У iх густой вяршалiне з ранiцы да вечара не сцiхае роўнае, трапяткое пчалiнае гудзенне, быццам святая малiтва ў царкве. На нашай чарэшнi пчол столькi, што мы здзiўляемся: адкуль яны, тут жа блiзка няма пчальнiка. А вось яны дружна прылятаюць, руплiва завiхаюцца ў гэтым белым прыволлi. I спажыву маюць добрую, нездарма ж густы водар даносiцца ад чарэшнi да нашай хаты, а гэта метраў дзесяць. I снуюць безупынку працавiтыя пчолкi то да чарэшнi, то ад яе, да сваiх вулляў, стараюцца не ўпусцiць такую шчодрую пару. Значыць, веснавы дзень можа кармiць цэлы год не толькi чалавека…

За чарэшняй пакрылiся белай квеценню слiвы, потым моцныя букецiкi разбеглiся на кронах груш. Праўда, грушы зацвiтаюць нетаропка, быццам яшчэ не ўпэўнены, што ўжо прыйшло сапраўднае цяпло i трэба спяшацца жыць. I вось нарэшце вясна ўзялася за яблынi, для iх падрыхтавала асаблiвае адзенне, дзе арганiчна, надзвычай пяшчотна пераплялiся колеры белы i светла-ружовы…

Крочу нетаропка па вулiцы i бачу: на лавачцы, каля сваёй хаткi, сядзiць бабулька Ганна. Яна ўжо вельмi старэнькая i слабая, а вось выбралася на вулiцу.

— Добры дзень, бабуля! — вiтаюся. – Як сёлетняя вясна?

— Ох, сыночак, вясна заўсёды прыгажуня, — адказвае. – Я ўжо адлiчыла восемдзесят пяць гадкоў, увесь час жыву ў гэтай вёсцы, колькi ўсяго выцерпела, а пра вёсны ўспамiнаю i думаю, як пра святы. Вось i зараз сяджу i дыхаю ёю. Толькi так i набiраюся крыху сiл.

— Што, i заўсёды тут было столькi садоў?

— Ага, вясна ж без саду – як бедны, няшчасны чалавек. Нават страшную вайну перажылi нашы сады. А немцы ж спалiлi ўсю вёску, усе пабудовы, тых жыхароў, якiя не паспелi ўцячы i схавацца ў лесе, пабiлi. Я паспела, мяне лес i выратаваў. Вёска адбудоўвалася доўга, не хапала мужыкоў, каб ставiць новыя хаты. Усюды чарнелi папялiшчы, на многiя з iх жыццё так i не прыйшло. А сады? Разраслiся людзям на радасць. Тут табе i яблыкi, грушы, слiвы, вiшнi свежыя, духмяныя летам i восенню. А зiмою варылi з iх розныя кампоты, вельмi патрэбны прыбытак у сям’ю ў тыя галодныя пасляваенныя гады. Таму i бераглi людзi сады…

— А цяпер, як вы лiчыце? У вёсцы ж на свабодных участках пасялiлася шмат новых людзей, i ўсе – гарадскiя жыхары. Iм даспадобы сады?

— Вось гэта мяне, сыночак, раней надта хвалявала. А цяпер супакоiлася, бачу: гаспадарлiвыя людзi прыйшлi ў нашу вёску, няхай гэта i гарадскiя, але ў нас – дачнiкi. I пра зямельку клапоцяцца, завялi агароды. I каля кожнай хаты – сад, ну, не такi вялiкi, як раней, але ж расце амаль усё, што трэба. Яблыкi, грушы, ды якiя смачныя, мы раней такiх нават i не каштавалi. Таму зараз, вясною, i радуе вока, цешыць душу вёска ў такой багатай квеценi.

— Быццам нявеста ў вэлюме перад вяселлем, — рашаюся на свой вобраз i чакаю, як успрыме яго бабуля.

— Ой, вельмi ж хораша кажаце пра нашу вёску, дзякуй вам, — бабуля ажывiлася, глядзiць на мяне чыстым, ясным позiркам, i я бачу ў яе вачах iскрынкi i адценнi таго маляўнiчага, разнастайнага, хвалюючага i вечна жывога свету, iмя якому – вясна…

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter