Каждый школьник с калинковичских Домановичей гордится землячкой

Вёска Дзенiсовiчы названа ў гонар камiсара Надзеi

СТРОЙНАЯ русавалосая прыгажуня з вясёлымі блакітнымі вачамі. Надзея ДЗЕНІСОВІЧ, дырэктар Беразнякоўскай школкі, была душою моладзі. Старажылы дзіву даваліся, колькі энергіі было ў гэтай дзяўчыне. Але ўвайшла яна ў гісторыю як першы камісар партызанскага атрада на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. 14 ліпеня 1942-га жыццё Надзеі трагічна абарвалася…

На 23-гадовую партызанку фашысты палявалі, як на прынадную здабычу, не адзін дзень. Экскурсія ў музеі Даманавіцкай школы пачынаецца амаль што з такіх слоў. Аўдыторыя замірае. Сёння гонар расказваць пра знакамітую зямлячку, выпускніцу школы выпаў 15-гадовай Ганне Гецман. Хоць і збіраецца дзяўчынка паступаць на медыка, але лічыць, што патрэбна ведаць і гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. І не з падручнікаў, а на прыкладах жыцця вёскі:

— Калі ўпершыню пачула пра Надзею Дзенісовіч, уразіла яе мэтанакіраванасць: вырасла ў простай сялянскай сям’і, вывучылася на настаўніцу і ўжо ў такім маладым узросце кіравала школай. А калі краіну накрыла ліхалецце, незадоўга перад акупацыяй, рашэннем Даманавіцкага райкама КП(б)Б у ліку некалькіх надзейных патрыётаў Надзея Дзенісовіч была пакінута ў тыле ворага для арганізацыі партызанскай барацьбы. Падпольшчыцы даручылі назіраць за двума ляснымі складамі-схронамі паблізу ад роднай хаты ў Блудзіме.

Надзея адразу ўзялася да стварэння падполля. Разам з сяброўкамі-камсамолкамі Вольгай Канаш, Матронай Аўласенка, Наталляй Вашкевіч, Верай Бураковай будучы камісар партызанскага атрада распаўсюджвала лістоўкі па навакольных Халодніках, Даманавічах, Анісавічах, Тарканах, Бабровічах. Жыхароў заклікалі на барацьбу з ворагам. Нехта данёс фашыстам, і яны арганізавалі сапраўднае паляванне на Дзенісовіч і яе паплечніц.

Аднойчы ў канцы верасня 1941 года ля яе хаты спыніўся грузавік з немцамі, патрыётку арыштавалі, адвезлі ў камендатуру. Пачаліся допыты, катаванні. Ад пабояў не засталося і жывога месца на целе. Але яна маўчала, і, нічога не дабіўшыся, гітлераўцы яе адпусцілі. 

Васілевічы, Рэчыцкі раён, урочышча Рубанікі:
у брацкай магіле пахавана
Надзея ДЗЕНІСОВІЧ

У аповед уступае настаўніца Даманавіцкай школы Валянціна Фіцнер. Менавіта яна вучыць юных экскурсаводаў гісторыі:

— Ведаеце, вучань можа вызубрыць матэрыял. Але трэба, каб ён разумеў фактуру. Напрыклад, што значыць стварыць партызанскі атрад. Надзея Дзенісовіч, якая стала яго камісарам, не ў адзіночку гэта рабіла: была вялікая падрыхтоўчая работа. Трэба было не толькі ўмець кіраваць, але і шукаць зброю, правіянт...

6 ліпеня 1942 года ў Васілевічах Рэчыцкага раёна працавала падпольная група, якую “накрыў” узмоцнены атрад карнікаў. А раніцай таго дня Надзея ішла ў родны Блудзім на сустрэчу з сувязным. Не здагадвалася камісар, што пераступіць парог бацькоўскай хаты ў апошні раз. Не паспела падняцца на ганак, як яе схапілі, заціснулі рот, скруцілі. У апошні раз партызанка ўбачыла звязанымі маці, бацьку і 16-гадовую пляменніцу Міру. Яны ляжалі на падлозе пасярод хаты. Фашысты прапанавалі Надзі цаною здрады выкупіць уласнае жыццё, але мужная дзяўчына адмовілася.

Вылюдкі аблілі хату бензінам. Партызанку вывалаклі на вуліцу. Апошняе, што пачула яна, было галашэнне маці…

Карнікі падпальвалі адну за другой  хаты, выхоплівалі з рук мацярэй малых дзяцей і кідалі ў полымя, білі старых. Надзею Дзенісовіч з другімі партызанамі яны канваіравалі ва ўрочышча Рубанюкі за Васілевічы. На вачах камісара расстралялі ўсіх яе сяброў, а яе саму потым закапалі жывой. Толькі Мікалаю Алісейку і Паўлу Астапенку ўдалося пазбегнуць фашысцкіх лап. Менавіта яны і расказалі вяскоўцам пра подзвіг Надзеі і яе сяброў. А тыя збераглі памяць як каштоўную рэліквію.

ПАСЛЯ вайны ўдзячныя жыхары Палесся ўстанавілі на месцы гібелі патрыётаў дзевяць абеліскаў. На адным з іх і прозвішча Надзеі Дзенісовіч. Пасмяротна камсамолка была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, а ў яе гонар родная вёска Блудзім перайменавана ў Дзенісовічы. На месцы, дзе стаяла хата патрыёткі, — некалькі бярозак. Непадалёку і мемарыял жыхарам-абаронцам з навакольных вёсак. 

У Даманавічах на будынку школы, у якой вучылася і працавала славутая партызанка, ёсць толькі мемарыяльная дошка. Імем падпольшчыцы названа піянерская школьная дружына.

uskova@sb.by

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter