Выдатны i слаўны чалавек з Полацка незвычайнай вучонасцi

Сёння адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання Бібліі Францыска Скарыны

Узнаўленне  кніжнай спадчыны Скарыны — не аднаразовая акцыя, а буйны праект Нацыянальнай бібліятэкі
Сёння адбудзецца прэзентацыя факсімільнага выдання Бібліі Францыска Скарыны, выдаўцом і складальнікам якой выступіла Нацыянальная бібліятэка Беларусі


Акрамя таго, кожнае выданне цалкам рэпрезентуе найлепш захаваныя экзэмпляры кніг Скарыны з усімі пазнакамі на палях: тлумачэннямі, штампамі і пячаткамі, рукапіснымі адзнакамі і іншымі адбіткамі, расказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аляксандр Суша: 


— Усе гэтыя асаблівасці мы пакінулі, бо такія прыкметы аўтэнтычнасці вельмі каштоўныя. Напрыклад, вось тут на старонцы ад рукі на лацініцы напісана назва, якая стаіць на тытульным аркушы: «Библия русская, выложенная доктором Франциском Скориной». 


Узнаўленне такім чынам кніжнай спадчыны Скарыны — не аднаразовая акцыя, а буйны праект Нацыянальнай бібліятэкі і яе сацыяльнага партнёра, банка «БелВЭБ». Праект разлічаны да 2017 года — 500-гадовага юбілею беларускага кнігадрукавання. Як мяркуецца, выйдзе 20 тамоў факсімільнага аднаўлення і яшчэ адзін том дадаткаў і каментарыяў.


Дарэчы, падобныя спробы ўжо рабіліся больш за 20 гадоў таму, у 1990—1991 гадах, калі выйшлі тры тамы, якія ўвабралі ў сябе амаль усе кнігі пражскага этапу дзейнасці Скарыны. Крыху пазней у Германіі ў выглядзе рэпрынта выйшаў яго «Апостал», але вельмі абмежаваным тыражом, ды і паліграфічная якасць выдання была невысокая. 


Але паўнавартаснага выдання, у якім былі б захаваны і асабліваці паперы, і выкарыстаны ўсе найлепш захаваныя ў свеце выданні Скарыны, і тым больш аднаўленне кожнай кнігі асобным томам, пакуль яшчэ не было. Больш таго: спецыялісты вызначылі для сябе, што за 500 гадоў кнігадрукавання цалкам кніжная спадчына Скарыны ніколі не аднаўлялася — ні ў электронным выглядзе, ні ў друкаваным.


Кожнае выданне суправаджаецца пэўнымі каментарыямі. У першым томе змешчаны біяграфічны нарыс, прысвечаны Скарыне на беларускай, рускай і англійскай мовах. У кожным томе чытачы знойдуць даследаванні пра адпаведную кнігу і пераклады аўтарскіх прадмоў і пасляслоўяў Скарыны да яе. 


— Нечуваным да таго часу было, што друкар да кожнага з выданняў пісаў свае аўтарскія тлумачэнні, якія называліся «да простага люду» ці «да люду паспалітага», у якіх ён тлумачыў асветніцкі патэнцыял кожнай кнігі. Напрыклад, кніга «Лічбы» магла выкарыстоўвацца для навучання матэматыцы, кніга «Выхад» — для вывучэння гісторыі і гэтак далей, — працягвае Аляксандр Аляксандравіч. — Для нас было нечакана яшчэ і тое, што ўсе гэтыя прадмовы і пасляслоўі ніколі раней не перакладаліся цалкам не толькі на англійскую ці рускую, але нават і на сучасную беларускую мову, толькі фрагменты, урыўкі. 


Сёлета да пяці ўжо выдадзеных тамоў убачаць свет яшчэ шэсць. Увесь тыраж — тысяча экзэмпляраў кожнага тома — прызначаны для бясплатнай перадачы ў бібліятэкі, музеі, архівы, навучальныя ўстановы, навуковыя арганізацыі нашай краіны і за мяжу. Кожная раённая бібліятэка, буйны музей і ўніверсітэт атрымаюць гэты камплект. Першая перадача кніг у бібліятэкі ўжо адбылася, і чытачы, і супрацоўнікі бібліятэк вельмі пазітыўна адгукнуліся на факсімільнае выданне. 


Удзельнікі праекта спадзяюцца, што ўклад Скарыны ў сусветнае кнігадрукаванне дазволіць Мінску прэтэндаваць на статус кніжнай сталіцы свету-2017. Перамовы з ЮНЕСКА на гэты конт ужо праходзілі, зараз ідзе фарміраванне Нацыянальнага дасье. Атрыманне такога статусу дазволіць прыцягнуць у Беларусь адразу цэлы шэраг буйных міжнародных мерапрыемстваў. 


Нягледзячы на тое што Францыск Скарына, бадай, самая значная асоба з усіх знакамітых беларусаў, вядома пра яго жыццё няшмат. 


Дакладна нават не вядомы даты яго нараджэння і смерці. Па меркаваннях даследчыкаў, нарадзіўся ён каля 1490 года, а магчыма ў другой палове 1480-х. Быў малодшым сынам полацкага купца і землеўладальніка Лук’яна Скарыны. Верагодна, першапачатковую адукацыю атрымаў у родным Полацку альбо ў Вільні. 


Але дакладна вядома, што ў 1504 годзе ён паступіў вучыцца ў Кракаўскую акадэмію на факультэт вольных мастацтваў, або філасофіі. Акадэмія лічылася адным з асноўных цэнтраў еўрапейскай астраноміі і астралогіі, матэматыкі, прававых і гуманітарных навук. Праз два гады ён вытрымаў экзамен на ступень бакалаўра вольных мастацтваў.


Невядома, дзе Скарына знаходзіўся ў 1507—1512 гадах. Ёсць меркаванні, што скончыў універсітэт і ў Празе, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, але больш лагічна дапусціць, што ён атрымаў доктарскі дыплом у Кракаве. 


Прыкладна восенню 1512 года ён прыбыў у італьянскую Падую. Некаторыя даследчыкі лічаць — каб набыць прафесію ўрача. Іншыя прытрымліваюцца думкі, што вучыўся ён у другой установе, у тым жа Кракаве, дзе дзейнічалі дзве медыцынскія кафедры, але без права выдаваць доктарскія дыпломы. Сюды ж прыехаў толькі абараніць ступень доктара медыцынскіх навук. У выніку іспыты ён вытрываў бліскуча. 


У 1517-м пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Якуба Бабіча і Багдана Онькава асветнік заснаваў у Празе першае ў гісторыі ўсходнеславянскіх народаў выдавецтва, абсталяваў друкарню і на працягу трох гадоў выдаваў ілюстраваныя Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полоцька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». 


Кнігі Новага Запавету, надрукаваныя Скарынам, выходзілі на працягу 1517—1519 гадоў. Усяго ў Празе пабачылі свет не менш за 23 яго кнігі, але, магчыма, іх было і больш. Апошнім часам даследчыкі выказваюць думку, што некаторыя рукапісныя копіі, друкаваныя арыгіналы якіх не высветлены, на самой справе былі зроблены з невядомых выданняў Скарыны. 


Каля 1520 года Францыск Скарына пераехаў у сталіцу ВКЛ Вільню. У пачатку 1520-х ён заснаваў у доме Якуба Бабіча першую ва Усходняй Еўропе друкарню і пачаў тут кнігадрукаванне. Каля 1522-га выдаў «Малую падарожную кніжку», у 1525-м — кнігу «Апостал».


Але хуткім часам справы пайшлі на спад. Адзін за адным пачалі паміраць яго фундатары. З удавой аднаго з іх — Юрыя Адверніка — Маргарытай Скарына нават ажаніўся. Але гэта яго фінансавага становішча асабліва не палепшыла. 


У канцы 1520-х—пачатку 1530-х Скарына паспрабаваў шукаць шчасця ў Маскве, аднак беспаспяхова: кнігі яго былі спалены, а самога яго абвінавацілі ў прыхільнасці да каталіцызму і ерасі. 


Няшчасці не спыняліся. За нечаканай смерцю старэйшага брата Івана ў Познані пачалася зацяжная судовая цяганіна з яго крэдыторамі. Амаль тры гады асветніку прыйшлося змагацца з правакацыямі хітрых гандляроў. Толькі ў кастрычніку 1529-га канфлікт быў спынены, даўгі заплачаны, рэштка маёмасці нябожчыка Івана Скарыны перайшла да яго сына Рамана. Але праз некалькі гадоў справа брата Івана зноў усплыла ў судзе. Завяршылася яна шчасліва толькі пасля ўмяшання караля Жыгімонта. У давяршэнне ўсіх бед вялікі пажар у Вільні ў 1530 годзе знішчыў будынак, дзе Скарына планаваў размясціць друкарню. 


Аднак заслугі Скарыны ўсё ж былі прызнаны на радзіме пры яго жыцці. Указам караля «выдатны і слаўны Францыск Скарына з Полацка», чалавек «незвычайнай вучонасці» вызваляўся з-пад юрысдыкцыі гарадскіх і земскіх судоў, браўся пад каралеўскую «ахову і апеку», фактычна далучаўся да шляхецкага саслоўя. 


Тым не менш напрыканцы 1530-х Скарына зноў пакідае радзіму і ўладкоўваецца ў Празе. Раней гісторыкі сцвярджалі, быццам там ён «прыняў пасаду» садоўніка чэшскага караля Фердынанда I Габсбурга. Аднак сёння схіляюцца да думкі, што гэтае меркаванне ўзнікла з-за падабенства імен садоўніка-італьянца Франчэска і Францыска Скарыны. Хутчэй за ўсё ў Празе Скарына працаваў урачом. 


Памёр Скарына прыкладна ў 1551 годзе, паколькі вядома, што яго сын Сімяон прыязджаў у Прагу за спадчынай ў 1552-м. Месца пахавання беларускага першадрукара невядома. 


Кніжная спадчына Францыска Скарыны — гэта, мусіць, самы неацэнны і бясцэнны скарб Беларусі, нашага народа і культуры.  

Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ»


НА ЗДЫМКУ: Аляксандр СУША дэманструе канвалют з чатырох Кніг Царстваў, выдадзеных Скарынам у час Пражскага перыяду, і новае факсімільнае выданне. 


Фота Віталія ГІЛЯ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?