Гомельские нейрохирурги напечатали фрагмент позвоночника на 3D-принтере

Выдатнiкi друку

Хто сказаў, што ўрач — гэта прафесія зусiм не творчая? На справе добрае ўяўленне бывае патрэбна не толькі пісьменнікам, мастакам цi акцёрам, але і медыкам, асаблiва нейрахірургам. Менавiта прадстаўнiкам гэтай спецыяльнасцi даводзіцца літаральна дамалёўваць у сваёй галаве тое, што нельга ўбачыць ужывую цi на здымках МРТ. Камп’ютарная тамаграма, вядома, добрая, але яна дае толькі малюнак у двухмернай плоскасцi, тады як у ідэале патрэбна трохмерная карцiна. Таму 3D-прынтынг органаў пры планаванні аперацыі — адзін з самых лепшых варыянтаў, які ўжываецца ва ўсім свеце. Зараз перавагі такой тэхналогіі ацанілі і спецыялісты Гомельскай абласной клiнiчнай бальнiцы № 2.


У аддзяленне спінальнай хірургіі паступіў пацыент пенсіённага ўзросту. Прыкладна гадоў дзесяць таму ў яго была сур’ёзная траўма шыйнага аддзела пазваночніка: пералом другога шыйнага пазванка.

— Мужчына пера­жыў гэта, пра­цяг­ваў працаваць, але пералом так і не зросся, — распавядае нейрахірург Васіль Гурыновіч. — З часам узнікла дэфармацыя, якая прывяла да звужэння пазваночнага канала (у норме яго дыяметр павінен быць прыкладна адзін сантыметр) і здушвання спіннога мозгу. У пацыента перыядычна з’яўляліся сімптомы будучай катастрофы, але, як гэта часта бывае, ён не надаў ім належнага значэння. А потым у адзін момант наступіла моцнае пагаршэнне. За некалькі дзён да аперацыі мужчына ўжо не мог ні самастойна хадзіць, ні нават рухаць рукамі.  

Каб аднавіць функцыянальнасць канечнасцей, патрабавалася аперацыя па пашырэнні пазваночнага канала. Сітуацыя для гомельскіх спецыялістаў не новая, у бальніцы і раней праводзіліся падобныя хірургічныя ўмяшанні, але галоўная складанасць гэтага выпадку ў тым, што пашкоджанае месца — гэта пераход галаўнога мозгу ў спінны.  

— Тут размяшчаецца вялікая колькасць жыццёва важных цэнтраў і структур. Іх пашкоджанне можа прывесці да смерці хворага, — тлумачыць Васіль Гурыновіч. — Так што дзейнічаць трэба вельмі асцярожна, каб нічога не зачапіць. А як вы самі разумееце, месца вельмі мала. Асабліва не разгорнешся, таму што працуем праз невялікі разрэз.  



На шчасце, сучасныя тэхналогіі значна палягчаюць задачу, пастаўленую перад нейрахірургамі. Практыка 3D-прынтынгу органаў шырока распаўсюджана ва ўсім свеце: ЗША, Японіі, Расіі і іншых краінах. Не так даўно гэты спіс папоўніла і наша краіна.

— Мы пастаянна наведваем разнастайныя канферэнцыі, вучымся, набіраемся вопыту, гле­дзячы на калег, — прызнаецца нейрахірург Яўген Кавалёў. — Сучасныя тэхналогіі дазваляюць дакладна спланаваць ход аперацыі, зрабіць яе больш бяспечнай. Даюць магчымасць патрымаць у руках орган або яго фрагмент, з якім давядзецца працаваць у аперацыйнай. Таму мы і вырашылі паспрабаваць. Спярша збіралі інфармацыю, даведваліся, якія праграмы могуць перавесці малюнак КТ у фармат, неабходны для друкавання на 3D-прынтары. Усё рабілі самастойна. А потым пачалі шукаць тых, хто ўвасобіць ідэю ў жыццё.  

Напэўна, нездарма кажуць: стукайцеся — і вам адчыняць. Медык стараўся адшукаць неабыякавых літаральна праз пошукавую сістэму. І знайшоў. Рэалізаваць задуманае дапамаглі ў Інстытуце механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук. Пластмасавая мадэль цалкам паўтарыла фрагмент пазваночніка пацыента. З дакладнасцю да долi міліметра!

— У выніку мы змаглі спланаваць аб’ём косткі, які трэба было выдаліць, каб вызваліць спінны мозг, паставілі тытанавыя імпланты. Падчас самой аперацыі, калі ўзнікалі якія-небудзь сумненні, пастаянна звяраліся з 3D-мадэллю: ці не адышлі ўбок? — успамінае Васіль Гурыновіч. — У цэлым гэтая тэхналогія дала нам магчымасць спакойна працаваць і скараціць час хірургічнага ўмяшання.

Паколькі спінны мозг пацыента працяглы час быў прыціснуты, узніклі змены ў нервовых валокнах. Каб усе аднавілася, вядома ж, спатрэбіцца час. І тым не менш ужо праз тыдзень пасля аперацыі ўрачы адзначаюць значны прагрэс: мужчына зноў стаў хадзіць, самастойна сябе абслугоўваць. Канчатковым жа вынікам лячэння стане зрашчэнне фрагмента патылічнай косткі і некалькіх пазванкоў.  

— Спадзяёмся, што рухомасць канечнасцей максімальна адновіцца, — падсумоўвае Васіль Андрэевіч. — Чалавек вернецца да нармальнага, звыклага для сябе жыцця.

Таццяна СЫЧКОВА

Фота Ганны ПАШЧАНКА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter