500 рейсов за смену: столичные полигоны временного хранения снега в эти дни работают с полной загрузкой

Выдалі снег на-гара

Апошнія дні праходзяць пад знакам вялікага снегу: за два дні перад выхаднымі выпала палова месячнай нормы ападкаў, сёння і заўтра на большай частцы тэрыторыі краіны зноў чакаецца снег, месцамі моцны. Пакуль адны атрымліваюць асалоду ад сапраўды зімовага надвор’я, другія змагаюцца са снежнымі заносамі. Прыгожы, зіхоткі і мяккі ў парках, скверах, садах, снег становіцца сур’ёзнай праблемай на тратуарах і праезджай частцы: можа адправіць аўто ў занос або затрымаць яго ў снежнай кашы, «падставіць ножку» пешаходу. Таму праца па ўборцы апошнім часам не спыняецца ні днём, ні ноччу, па вуліцах ходзяць дзясяткі самазвалаў са снегам. Карэспандэнт «Р» паглядзела, куды яны вязуць свой груз і што з ім там адбываецца. 

Шнекаротарны снегаачышчальнік фарміруе сапраўдныя снежныя горы.

Снег на сваім месцы

Па інфармацыі дзяржаўнага вытворчага прадпрыемства «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама», для складзіравання снегу, звезенага з гарадскіх вуліц, вызначана дзевяць палігонаў часовага захоўвання – сваю ўласную пляцоўку маюць амаль усе раёны горада, а таксама буйныя камунальныя арганізацыі, якія прымаюць актыўны ўдзел ва ўборцы снегу. Месцы для палігонаў абавязкова выбіраюць сумесна з эколагамі і калі не за межамі горада, то хаця б на пустках, аддаленых ад жылых дамоў і вадаёмаў. Справа ў тым, што разам са снегам на пляцоўку трапляюць соль, пясок, смецце, рэшткі нафтапрадуктаў. 

Снегу так многа, што на пад’ездах да палігона ўтварылася сапраўдная чарга з самазвалаў.

Палігон, дзе складзіруе прыбраны снег ДВА «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама», знаходзіцца на вуліцы Будслаўскай мікрараёна Навінкі. Знайсці яго зусім лёгка нават без дакладнага адрасу: трэба проста рухацца за шарэнгай самазвалаў са снегам. Але для прагулак гэта месца непрыдатнае: снежная каша пад нагамі, перамолатая коламі, мае ўжо чорны колер, а выбіраючы больш сухое месца, каб ступіць, неабходна сцерагчыся вялізных, цяжкіх машын. Добра, што хуткасць іх тут невялікая: перш чым пазбавіцца ад грузу, самазвалам даводзіцца некаторы час пастаяць у чарзе. 

Бульдозеры спыняюцца, толькі каб вызваліцца ад наліплага снегу.

Пляцоўка для часовага захоўвання снегу працуе кругласутачна і без выхадных – як і снегаўборачная тэхніка, і людзі, якія вызваляюць горад са снежнага палону. Палігон плошчай 24 000 квадратных метраў патрабуе пастаяннага нагляду і абслугоўвання. Проста так скінуць гурбу снегу тут нельга – толькі ў адведзеным месцы. Адгортваюць яго  бульдозеры, шнекаротарны снегаачышчальнік фарміруе сапраўдныя горы для эканоміі месца. На выездзе дыспетчар робіць адзнаку ў пуцявых лістах вадзіцеляў. Размаўляць нават няма часу – праца вядзецца няспынна.

Снежныя фантаны

Шнекаротарны снегаачышчальнік на шасі аўтамабіля «Урал» нагадвае гіганцкую мясарубку, валы якой, рухаючыся да цэнтра, разганяюцца да вялізнай хуткасці і пачынаюць літаральна ўгрызацца ў брудна-белыя гурбы, захопліваючы і здрабняючы іх. Пасля снег паступае ў выкідны патрубак і сапраўдным фантанам вылятае ў патрэбным кірунку. 

Кузавы выгружаюць у пэўным парадку. 

Як паведаміў Уладзімір Латушкін, намеснік генеральнага дырэктара па ўтрыманні аб’ектаў добраўпарадкавання ДВА «Гаррэмаўтадар Мінгарвыканкама», у кругласутачнай уборцы горада звычайна задзейнічана каля 630 адзінак тэхнікі і 700 чалавек. У першую чаргу ў парадак прыводзяць магістральныя вуліцы, затым – другарадныя. Адначасова ачышчаюць прыпынкі грамадскага транспарту і пешаходныя пераходы. За 12-гадзінную змену палігон прымае ў сярэднім 500–600 рэйсаў спецтэхнікі – гэта каля 1000–1200 рэйсаў і не менш за 30 000 кубаметраў снегу за суткі. 

Кіпіць праца і на астатніх пляцоўках, прызначаных для складзіравання снегу, – без яго гэтай зімой не застаўся ніхто. 

Валы снегаачышчальніка захопліваюць і здрабняюць снежныя пласты, адначасова адпраўляючы іх на патрэбнае месца.

Дарэчы, яшчэ некалькі месяцаў пасля заканчэння зімы жыццё на такіх снежных палігонах працягваецца: ідуць работы па ўборцы смецця, якое прывезлі разам са снегам з гарадскіх вуліц, «падварушванні» бруднага панцыра, што ўтвараецца на паверхні гурбаў з іх раставаннем і перашкаджае пранікненню сонечных прамянёў, а таксама па рэкультывацыі. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter