«Парням не повезло»: в Барановичах на частном подворье взорвался артиллерийский снаряд

Выбухная хваля небяспекі

Звычайныя суседскія «вячоркі» скончыліся для трох сяброў з Баранавіч трагедыяй. Гаспадар дома Дземурый Гіяргадзэ зараз ляжыць пад кропельніцай у траўматалагічным аддзяленні гарадской бальніцы, ён успамінае падзеі таго дня. На ўчастак, дзе яго дачка будуе дом, прыйшло двое суседзяў. Адзін з іх няўзнак штурхнуў «жалязяку», якая валялася на траве. Аказалася, што гэта зусім не бяскрыўдны кавалак металу, а артылерыйскі снарад калібру 152 мм. Што было далей, даведалася карэспандэнт «Р».

Участак, дзе адбыўся выбух.
Фота Ірыны КОМІК

У МНС расказалі, што ў 15.40 паступіла паведамленне аб выбуху боепрыпасаў на тэрыторыі прыватнага дома на вуліцы Лебядзінай. У выніку здарэння атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці гаспадар 1947 года нараджэння і двое яго знаёмых — усіх траіх шпіталізавалі. Як жа на падворку апынуўся снарад?

— Восенню мінулага года я хадзіў у лес па грыбы і знайшоў на ўскрайку снарад, ён сантыметраў дваццаць у даўжыню, — прыгадвае мужчына. — Не ведаю, навошта пацягнуў яго дадому, можа, з цікавасці. Потым ужо даведаўся, што гэта, быццам бы, снарад сістэмы залпавага агню «Ураган». Ён доўга валяўся ля гаража, і трэба ж было знаёмаму так неабачліва піхнуць жалезку…

Што было далей, мужчына памятае цьмяна: 

— Я быў крыху далей ад месца выбуху, таму пацярпеў не так моцна — урачы сказалі, што атрымаў асколачныя раны нагі і кісці. А вось хлопцам зусім не пашанцавала: аднаму адарвала ногі, у другога — адкрыты пералом калена. Я адразу патэлефанаваў у міліцыю, МНС і хуткую дапамогу, а потым, як убачыў адарваныя ногі, — закрычаў і страціў прытомнасць. Медыкі кажуць, што паляжаць у бальніцы мне давядзецца мінімум тыдзень, а суседзяў адправілі ў ваенны шпіталь.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter