Выбралі “мяккі” варыянт

У Беларусі прынялі рашэнне пра паэтапнае павышэнне пенсійнага ўзросту
Так, пытанне вырашана: працоўны парог 60 гадоў для мужчын і 55 гадоў для жанчын давядзецца перасягнуць. Цяпер беларускія жанчыны будуць працаваць да 58 гадоў, а мужчыны — да 63. Паднімуць пенсійны ўзрост паступова, расцягнуць пераход на пяцігодку — з 2017 па 2022 год. Штогод будуць плюсаваць па шэсць месяцаў. 



Дыскусія “павышаць ці не” працяг­валася доўга. Урад прапаноўваў тры сцэнарыі. Першы: павысіць узрост і мужчынам, і жанчынам на пяць гадоў. Другі: мужчынам — на тры гады, жанчынам — на пяць гадоў. Трэці — усім дабавіць па тры гады. Прэзідэнт зацвердзіў апошні, самы “мяккі” варыянт.

— За такі час мы зможам спакойна “праглынуць” гэтыя тры гады, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Для мяне, як бацькі, важна, каб мы на сваіх дзяцей праблемы не перакладалі. Мы павінны “пераварыць” іх самі.

У Беларусі працоўную пенсію па ўзросце атрымлівае работнік, 
які пералічваў абавязковыя ўзносы ў дзяржаўны пазабюджэтны Фонд сацыяльнай абароны не менш  за 15,5 года. 


З 1 студзеня 2017 года страхавы стаж павялічыцца яшчэ 
на 6 месяцаў. 


І кожны год будзе прырастаць, пакуль не дасягне дваццаці гадоў. 
Без неабходнага стажу можна прэтэндаваць толькі 
на сацыяльную пенсію



Старэнне насельніцтва — агульнасусветная тэндэнцыя. Для нагляднасці навукоўцы прыводзяць наступныя лічбы: на планеце кожную секунду двое чалавек пераходзяць 60-гадовую мяжу. У Беларусі пенсіянеры цяпер складаюць 27 працэнтаў, да 2020 года іх будзе ўжо 29.

— Пенсійны фонд у нас не расце, і нам даводзіцца фінансаваць яго з бюджэту. Мы забіраем сродкі ва ўрачоў, настаўнікаў, ваенных. Не развіваем дзяржаўныя ды іншыя праграмы, аддаючы грошы на тое, каб падтрымаць пажылых. Гэта дрэнна. У той жа час разумеем, што памяншаць пенсіі нельга. Гэтак жа, як і нельга павялічыць падаткі або сацыяльныя ўзносы, плацяжы ў гэтыя сацыяльныя фонды. Гэта не наш шлях. Таму неабходна павышаць пенсійны ўзрост, — аргументаваў пазіцыю прыняцця рашэння Аляксандр Лукашэнка.

Эксперты падлічылі, што прынятыя меры не толькі скароцяць дэфіцыт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны, але і дадуць прырост ВУП больш як на адзін працэнт пачынаючы з 2019 года. Да прыкладу, калі б рэформу правялі летась, то на пенсію не выйшлі б каля 142 тысяч чалавек. Толькі на выплатах ім маглі зэканоміць амаль 260 мільёнаў долараў.

Падпісаны ўказ — толькі пачатак пенсійнай рэформы. Пакуль у Беларусі захавалі салідарны падыход — калі адны працуюць, адлічваюць у Фонд сацабароны, а другія атрымліваюць пенсію. З сусветнага досведу возьмуць лепшае і адаптуюць да беларускіх рэалій. 

Уладзімір Міхайлаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter