Выбiванку ўратавала «сотка»

На «малаток» да Наталлі Клімко, непераўзыдзенага навагрудскага гуру, напрасілася карэспандэнт «СГ»

Замкі, сядзібы і паркі, старажытныя гарадзішчы і пагосты, археалагічныя артэфакты... Беларусы ведаюць, а дзяржава ахоўвае гісторыка-культурныя каштоўнасці краіны, бо яны — частка біяграфіі народа, яго генетычная памяць, частка нашай культуры.

Адметнасць. Менавіта гэтае слова вызначае тыя самыя здабыткі, што вылучаюць беларусаў як нацыю на шматаблічнай прасторы часу. У асноўным па такім крытэрыі спецыяльная камісія —  Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры — і выносіць свой вердыкт: надае статус каштоўнасці таму ці іншаму аб’екту альбо не.

І ёсць сярод іх тыя, якія нельга памацаць, узяць у рукі, дакрануцца. Гэта нематэрыяльная культурная спадчына. Нацыянальныя абрады, песні, танцы, рукадзелле, рамёствы, кухня… Інакш кажучы, усё тое, што робіць нас унікальнымі, таксама патрабуе клопату аховы, каб жыць і ў наступных стагоддзях.

Да прыкладу, знаёмы, раскручаны ў прэсе, абрад “Калядныя цары”, якім славіцца капыльскае Семежава. Альбо традыцыя ткацтва ручнікоў у веткаўскай вёсцы Няглюбка. А ці ведаем, якімі яшчэ каштоўнасцямі, кшталту гэтых, могуць па праву ганарыцца беларусы? У чым іх асаблівасць? 

На гэтыя і іншыя пытанні адкажа новая рубрыка “СГ” “Культурны феномен”.

Не памылюся, калі скажу, што з выцінанкай знаёмы, бадай, кожны з дзяцінства. Памятаеце, як вучылі складваць ліст паперы папалам, а потым нажніцамі выразаць сняжынку? Выцінанка як від дэкаратыўна-прыкладной творчасці распаўсюджана амаль ва ўсім свеце, мае тысячагадовую гісторыю. Беларусы ж адметны так званай выцінанкай-выбіванкай. Традыцыю гэту змаглі захаваць на Навагрудчыне. Асаблівасці старадаўняй тэхнікі карэспандэнт “СГ” адправілася пераймаць у Навагрудскі цэнтр рамёстваў да Наталлі КЛІМКО.

Вераніка и Наталля КЛІМКО — вучань і носьбіт, дачка і маці — на майстар-класе.

ГЭТА сёння Наталля Клімко, дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра рамёстваў, непераўзыдзены гуру і носьбіт традыцыйнай выцінанкі- выбіванкі. У далёкім 1998 годзе Наталля Аляксандраўна ўпершыню пачула пра ўнікальную тэхніку выразання, а дакладней сказаць, выбівання з паперы. Паваротнай падзеяй у засваенні мастацтва, якое сёння яна з любоўю і клопатам перадае вучням, было знаёмства з майстрам Нінай Шурак. Некалі, маленькай дзяўчынкай, тая бачыла, як з паперы рабіла фіранкі і набожнікі (аправы ікон) яе матуля, каб упрыгожыць на Вялікдзень хату. Ніна Пятроўна задумала зрабіць такія ж фіранкі для ўпрыгажэння інтэр’ера сялянскай хаты 30-х гадоў, калі распрацоўвала элементы экспазіцыі Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея. Склаўшы ў чатыры стосікі, “гармонікам”, ліст ватману, яна намалявала ячэістую сетку, а па ёй буйныя ружы.

— Але выразаць нажніцамі такі ўзор было немагчыма. Тады аднекуль прыйшоў успамін. Здаецца, матуля брала долата, каб выбіць на паперы ажурны ўзор. Старэйшая сястра Ніны Пятроўны расплюшчыла ёй цвік (звычайную “сотку”) і навастрыла яго. А потым, націснуўшы на паперу, заганяла цвік у яе, пастукваючы малатком. З першай, другой... З дзясяткам наступных работ Ніна Пятроўна не марудзіла. Аднойчы калекцыя майстрыхі патрапіла да высокіх экспертаў са сталіцы: яны былі здзіўлены, бо такую тэхналогію вырабу выцінанкі ведалі толькі з энцыклапедый. Здзівіліся, параілі працягнуць адраджэнне. А мы і рушылі ўслед парадзе. Мне нічога іншага не заставалася, як пераняць тэхніку.

І захапілася Наталля Аляксандраўна настолькі, што нават дыпломную работу, якую абараніла ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, выканала ў тэхніцы традыцыйных выбіванак. У комплекс вырабаў для афармлення сучаснага інтэр’ера да святочных вясновых дзён увайшлі ручнік-набожнік, дзве фіранкі на вокны, дэкаратыўнае пано, адна вялікая і тры маленькія сурвэткі. З гэтага камплекта святочнай велікоднай выбіванкі, лічыць Наталля Аляксандраўна і пачалася яе творчая дзейнасць. На жаль, Ніны Пятроўны ў хуткасці не стала, уздыхае майстар:

Цяпер выбіванкі, утымліку ўнікальны ручнік-набожнік Ніны ШУРАК,
як дарагія рэліквіі захоўваюць у Навагрудскім раённым цэн тры рамёстваў.


— Занятак выбіванкай быў сапраўдным захапленнем у яе жыцці. Не ўмеючы маляваць, яна як прафесійны мастак выконвала свае букеты, расліны, птушкі на выбіванках. Менавіта такой прагай да прыгажосці носьбіт заразіла, таму працягваць яе справу пачэсна для мяне. Гэтаму ж вучу і сваіх паслядоўнікаў. Але ж самі ведаеце, сёння цяжка знайсці таго чалавека, які б працягнуў традыцыю гэтай культурнай каштоўнасці. У асноўным займаюцца ў нас гэтым дзеці — частыя наведвальнікі цэнтра. Яны пакуль што да канца не асэнсоўваюць, носьбітам якой каштоўнасці становяцца. “Мы да вас на малаток”, — кажуць. І то добра, што заўзята на занятках вучацца. Калі хоць адзін з падлеткаў некалі ўспомніць, што такое выбіванка і як яе рабіць, скажу дзякуй.

ПРАШУ Наталлю Аляксандраўну навучыць і мяне базавым уменням. Збіраючы інструмент — а гэта расплюшчаны цвік, долата, малаток, дошка (лепш за ўсё дубовая, таму што трывалая) — і рыхтуючы працоўнае месца, майстрыха запэўнівае: такі шэдэўр толькі тут і можна зрабіць. Маўляў, у розных традыцый мастацтва выцінанкі свае адметнасці. Цяжка, напрыклад, зблытаць папяровую кітайскую выцінанку з выцінанкай майстра Вячаслава Дубінкі ці з работамі паслядоўнікаў маладзечанскай школы. Кожная краіна мае сваю адметную тэхніку выканання, а аўтар — почырк.

Зразумела, ні на якую арыгінальнасць, я, седзячы за сталом з усімі прыладамі для выбіванкі, не разлічвала. Проста вырашыла выканаць некалькі элементаў. Што і казаць — гэта было справай нязвыклай: адзін ромбік (гэта часцінка сеткі, на якой нанесены кветкавы ўзор) мне прыйшлося выбіваць амаль пяць мінут. Сэнс у тым, каб паставіць выбойнік (так называецца інструмент) і стукнуць па ім малатком. Папера прабіваецца менавіта на тым месцы, дзе стаяла долата. Працэс настолькі працаёмкі, што не кожнаму хопіць цярпення, каб выканаць хаця б адну толькі сурвэтку. Тэхніка вырабу выбіванак патрабуе шмат часу і ахайнасці. Напрыклад, трэба быць вельмі асцярожным, каб не перабіць малюнкі з аднаго ці іншага боку.

Макет кафэ, стылізаванага пад строй навагрудскай выцінанкі-выбіванкі.

Затое выбіванка — мастацтва, якім можна авалодаць амаль што ў любым узросце, уключаецца ў майстар-клас дачка Наталлі Клімко Вераніка:

— Мне 31 год, толькі два гады займаюся выбіванкай. Да справы прыцягнула маці. Мне спачатку было незразумела і цяжка паглыбіцца ў тонкасці гэтага старадаўняга рамяства. А потым — пайшло-паехала… Вось нават выставы аўтарскіх работ былі. А наогул мне выбіванка дапамагла першапачаткова ў прафесіі. Я інструктар па працоўнай тэрапіі ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Мае падапечныя з цікавасцю ставяцца да выбіванкі. Гэта рамяство, дзе яны заўзята ўдзельнічаюць у працэсе. Агульнымі намаганнямі мы ўпрыгожылі інтэр’еры нашай установы творамі мастацтва, якія зрабілі сваімі рукамі пастаяльцы дома-інтэрната.

Дарэчы, выбіванку Наталля Клімко лічыць актуальнай у стылізацыі сучасных інтэр’ераў. Яе, напрыклад, можна выкарыстоўваць у афармленні офісаў, агратурыстычных аб’ектаў, кафэ-бараў. Макет аднаго з іх прапанавала майстар на спецыяльным макеце. Там усё, пачынаючы ад вокнаў і заканчваючы барнай стойкай і крэсламі, аздоблена выцінанкай-выбіванкай. Засталося толькі знайсці захопленых людзей, якія б для ўвасаблення ідэі далі сваё кафэ навагрудскім майстрам.

uskova@sb.by

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?