Выбіраць ёсць з чаго

Калі слова “музей” патыхае на вас нафталінам, вы даўно не былі ў музеі
Калі слова “музей” патыхае на вас нафталінам, вы даўно не былі ў музеі. Прынамсі, у адным з літаратурных музеяў Мінска, дзе сёння адбываюцца дзіўныя рэчы. І ў такім разе мы прапануем вам “меню” з самых сакавітых, самых прывабных “музейных страў”. Балазе выбіраць ёсць з чаго.


Музей Петруся Броўкі
(вул. К. Маркса, 30)



Самы вядомы і папулярны яго праект — “Літаратурная серада”, які ладзіцца сумесна з парталам Textura.by. Для аматараў сучаснай літаратуры, прычым не толькі беларускай, тут па серадах адчыняецца райская брама: любімыя пісьменнікі, аўтары “Тэкстуры”, самі чытаюць свае творы. Сярод выступоўцаў ужо былі Дзмітрый Строцаў, Наста Кудасава, Яўген Бясчасны, Таня Светашова, Адам Шостак, Сяргей Календа... Але адчайвацца няварта: у нас яшчэ багата добрых аўтараў, таму вызваляйце сераду ад пільных спраў і кіруйцеся на Карла Маркса, 30.

Не менш цікавы праект “Чытаем сваё. Класіка”. Як кажуць арганізатары, “прыйшла пара развітацца з традыцыйнай школьнай нелюбоўю да белліту... Далоў сумны белліт!” У гэтай справе музею дапамагае жаночы партал VELVET і, ў прыватнасці, Ганна Севярынец.

У аснове праекта — тры прынцыпы: толькі тое, што цікава; толькі таму, што гэта цікава; толькі так, каб было цікава. Сустрэчы, дзе чакаюць перадусім школьнікаў ды студэнтаў, нагадваюць экскурсію па літаратурных кулуарах. Як два Максімы, Багдановіч і Горкі, сталі родзічамі? Як расплачваліся за месца ў трыядзе класікаў? За што насамрэч далі прэмію “Палескай рапсодыі” Уладзіміра Дубоўкі? Варта сказаць, што спрэчныя пытанні абмяркоўваюцца ўсур’ёз: на вечары запрашаюцца эксперты, а ў аснове кожнага літаратурнага “выкрыцця” — факты.


Музей Янкі Купалы
(вул. Я. Купалы, 4)



Сёння ён моцна нагадвае старасвецкі салон: тут збіраецца творчы квет Беларусі і вельмі часта сюды завітваюць высокапастаўленыя асобы. Самы яркі прыклад — праект “У дыялогу культур”, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы. У гэты дзень у музеі Янкі Купалы можна пачуць вершы на самых розных мовах з вуснаў міністраў, паслоў ды іншых дзяржаўных дзеячаў. Сёлета, напрыклад, удзельнічалі прадстаўнікі дыпмісій Арменіі, Балгарыі, Бразіліі, ЗША, Казахстана, Ірака, Ірана, Індыі, Карэі, Латвіі, Літвы, Палесціны, Румыніі, Сербіі, Турцыі, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі ды Эстоніі.

Падобная акцыя “Чытаем Купалу разам”, што праводзіцца з 2012 года. Разам — гэта значыць прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу ў Беларусі, студэнты і школьнікі, партнёры і сябры музея, прадстаўнікі камісіі па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, паэты і барды, акцёры вядучых беларускіх тэатраў. Па падліках музея, за ўвесь час у акцыі ўзялі ўдзел каля 10 000 чалавек! Прытым што праект выйшаў за межы Беларусі: сёлета Купалу чыталі ў Польшчы, Эстоніі і Славакіі.

І як не згадаць “Ноч літаратуры”, што вось ужо тры гады ладзіцца ў фармаце літаратурнай кавярні. Акрамя паэтаў, тут можна пачуць бардаў, якія выступаюць у фармаце “Свабодны мікрафон”. Словам, хапайце рукапісы, бярыце гітару — і ў музей! Усіх прымуць гасцінна. Сёлета ў межах “Ночы літаратуры” быў прэзентаваны шрыфт Рiasniar, які ўзнаўляе почырк Купалы. Шрыфт, дарэчы, можна бясплатна спампаваць з сайта рiasniar.by.


Музей Максіма Багдановіча
(вул. М. Багдановіча, 7а)



У  адрозненне ад іншых літаратурных музеяў, ён не мае доўгатэрміновых акцый, але гэта не значыць, што ў “храме” самага рамантычнага нашага паэта вам будзе сумна. Тут вас чакае іншае: тэматычныя вечарыны, дзве з якіх варта згадаць асобна — гэта Дзень паэзіі ды “Планета “Кахання”, над якой, вядома, ззяе зорка Венера.

Дзень паэзіі ў музеі Багдановіча незвычайны: ён збірае паэтаў і музыкаў, чыя асноўная прафесія не звязаная з мастацкім словам. З аднаго боку, — не такая ўжо і рэдкасць. З другога, — натхняльны прыклад. Ды і сам Максім Багдановіч, нягледзячы на жаданне вучыцца ў Санкт-Пецярбурзе на філолага і нават маючы рэкамендацыю ад “Нашай Нівы”, вымушаны быў саступіць бацьку і атрымаць прафесію юрыста ў Яраслаўлі. Сёлета ў якасці закладнікаў жорсткіх абставін выступілі Андрэй Адамовіч, Георгій Барташ, Павел Касцюкевіч, Уладзімір Пыльчанка, Цімох Авілін, Павел Селівончык і Сяргей Башлыкевіч.

Што да кахання, гісторыя Максіма і Ганны Какуевай добра вам вядомая. Трапяткое і няспраўджанае каханне дало свету знакаміты Багдановічаўскі “Раманс”. 24 красавіка, у дзень народзінаў Ганны, музей ладзіў адмысловую імпрэзу: вядомыя пісьменнікі — Адам Глобус, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Уладзь Лянкевіч, Міхаіл Бараноўскі, Георгій Барташ, Аксана Спрынчан, Віка Трэнас, Марыя Мартысевіч — распавядалі свае гісторыі кахання. І, мяркую, гэта не апошняя такая імпрэза.


Музей Якуба Коласа
(вул. Акадэмічная, 5)



Спадабалася “Літаратурная серада” ў доме Броўкі? Прыходзьце на наступны дзень у госці да Коласа. Страшна падумаць, але “Літаратурныя чацвяргі” з’явіліся яшчэ ў 1989 годзе!.. Праўда, праводзяцца яны раз на квартал. З навейшых цікавостак музея — “Якуб Колас і паэты Сярэбранага веку”. Спалучэнне незвычайнае, і тым не менш у пакоях Канстанціна Міхайлавіча гучаць вершы Блока, Гарадзецкага, Гумілёва, Ахматавай, Цвятаевай, Маякоўскага...

Бытуе меркаванне, што людзі творчых прафесій цяжка ўжываюцца. Што ж, вы можаце пачуць з першых вуснаў, ці насамрэч усё так блага. Варта толькі прыйсці на сустрэчу “Творчыя сем’і ў Доме Коласа”. Прычым завітваюць на такія вечары не толькі пісьменнікі, але і сем’і скульптараў, мастакоў, кампазітараў. Героямі праекта ўжо сталі Віктар Шніп і Людміла Рублеўская, Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі, Віктар Жыбуль і Вера Бурлак ды іншыя.

Тым жа, хто прагне ўбачыць літаратурную моладзь і скласці сваё суровае пра яе меркаванне, варта звярнуць увагу на праект “Усё сваю дарогу мае...”, сумесны з Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Ва ўтульнай коласавай гасцёўні, якая прымала квет нацыі, сёння прымаюць у СПБ.


Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры
(вул. Багдановіча, 13)



Цяпер галоўны яго праект — рамонт. Таму самае цікавае адбываецца “на выездзе”: з 2012 года музей ладзіць своеасаблівыя пісьменніцкія гастролі. Разам з творцамі яны выпраўляюцца ў падарожжы па літаратурных мясцінах; напрыклад, сёлета былі на Лепельшчыне, на радзіме Тодара Кляшторнага, летась — на Наваградчыне, з якой звязана імя Адама Міцкевіча, у Дастоева, адкуль продкі Дастаеўскага, на Капыльшчыне, дзе нарадзіўся паэт Адам Русак... У найбліжэйшых планах — падарожжа ў в. Нізок, на радзіму Петруся Глебкі, Кандрата Крапівы і Паўлюка Труса. На жаль, усім ахвочым да такіх вандровак далучыцца немагчыма, але музей ладзіць сустрэчы са слыннымі падарожнікамі тут, у Мінску, і, пэўна, самая цікавая — сустрэча з тэлевядучым Юрыем Жыгамонтам.

Наста Грышчук

infong@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter