«Вяжу без акуляраў на злосць хваробам»

ЛЯ АКНА з адсунутымі шторамі сядзела бабуля. Яна так захапілася вязаннем, што нават не заўважыла, як разам з дачкой у дом зайшлі чужыя людзі. Адклала ў бок вязанне, уважліва паглядзела на нас. «Вельмі люблю вязаць, — патлумачыла. — Хутка будуць гатовы шкарпэткі для ўнукаў». Юлія Ігнатаўна ІЛЬІНЕЦ вязала без акуляраў. «Гэта назло гадам і ўсім хваробам», — жартуе яна. Гутарым са старэйшай жыхаркай Шуміліна, яна з задавальненнем расказвае пра сваё жыццё. Нарадзілася ў вялікай сям’і: у бацькоў было дзясяцера дзяцей. Дзяцінства прайшло ў рабоце. Трэба было і жывёлу даглядаць, і жыта сярпом жаць, і воўну сучыць, і зерне малоць. Да вайны працавала ў паляводчай брыгадзе мясцовага калгаса, даглядала свіней, кароў.

Працавала многа, ела звычайную ежу і нікому не жадала дрэннага — такія «сакрэты» даўгалецця ад жыхаркі Шуміліна Юліі Ігнатаўны Ільінец, якая справіла днямі свой 100-гадовы юбілей.

ЛЯ АКНА з адсунутымі шторамі сядзела бабуля. Яна так захапілася вязаннем, што нават не заўважыла, як разам з дачкой у дом зайшлі чужыя людзі. Адклала ў бок вязанне, уважліва паглядзела на нас. «Вельмі люблю вязаць, — патлумачыла. — Хутка будуць гатовы шкарпэткі для ўнукаў». Юлія Ігнатаўна ІЛЬІНЕЦ вязала без акуляраў. «Гэта назло гадам і ўсім хваробам», — жартуе яна. Гутарым са старэйшай жыхаркай Шуміліна, яна з задавальненнем расказвае пра сваё жыццё. Нарадзілася ў вялікай сям’і: у бацькоў было дзясяцера дзяцей. Дзяцінства прайшло ў рабоце. Трэба было і жывёлу даглядаць, і жыта сярпом жаць, і воўну сучыць, і зерне малоць. Да вайны працавала ў паляводчай брыгадзе мясцовага калгаса, даглядала свіней, кароў.

«Жыццё маё перамянілася, калі выйшла замуж, — узгадвае юбілярша. — Упадабаў мяне Мікола з нашай вёскі, ён быў ваенны авіямеханік, ездзіў па ўсім Савецкім Саюзе. Жыццё наша прайшло «на чамаданах». Муж быў добры, пражылі мы з ім амаль шэсцьдзесят гадоў».

Памяць у суразмоўцы ўнікальная. Яна згадвае нямала цікавых выпадкаў.

«Палігоны размяшчаліся ў лесе, а мы, сем’і ваенных, жылі ў бліжэйшых вёсках, — працягвае бабуля. — Сяліліся ўсяго на некалькі месяцаў, пераезды былі вельмі частымі — ішлі ваенныя вучэнні. Дарэчы, яны не прыпыняліся і ў час вайны: камусьці трэба было вучыць маладых лётчыкаў. Рабілі гэта на ваенных палігонах. І хоць муж не ўдзельнічаў у баявых дзеяннях, затое быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і Чырвонага Сцяга — за добрую падрыхтоўку авіямеханікаў».

Юлія Ігнатаўна за сваё жыццё прывыкла да розных нечаканасцей. Вядома, жонка ваеннага. І па трывозе падымалася, за некалькі хвілін збірала «дзяжурны чамадан» для мужа. Пры частых пераездах пастаяннай работы ў яе не было. Таму сям’я здабывала грошы з падсобнай гаспадаркі: трымалі карову, свіней, гусей. І жывёла разам з гаспадарамі качавала з месца на месца.

Калі муж выйшаў у адстаўку, сям’я перабралася ў Шуміліна. Юлія Ігнатаўна жыве тут і зараз разам з дачкой Раісай, якая таксама ва ўзросце. Часты госць і памочнік — унук Іван, які прыязджае з Віцебска. А яшчэ жанчыны ўдзячныя сацыяльнаму работніку Галіне Котавай, яна ім вельмі дапамагае.

З Расіі наведваецца сын Валерый з сям’ёй. Былі яшчэ і двайняты, але памерлі маленькімі ў далёкім 1941 годзе… Сёння баба Юля мае траіх унукаў і чатырох праўнукаў.

Размаўляем пра жыццё-быццё. «Я не люблю сядзець без справы, — гаворыць яна. — Бульбу чышчу, бялізну прасую, шчаўе перабіраю. Па сваім жаданні зрабіла б яшчэ больш чаго, ды вось нага падводзіць, закралася нейкая хвароба ў калена… А яшчэ люблю глядзець тэлевізар, раскладваць пасьянс ...»

Вядома, Юлія Ігнатаўна ніколі не загадвала, колькі часу адведзена ёй жыць на белым свеце. Некаторыя яе родныя сёстры дажылі да 90-гадовага юбілею. «На раду напісана і мне пражыць доўга, — кажа жанчына. — Ніякіх сакрэтаў даўгалецця ў мяне няма. Працавала заўсёды многа, ела звычайную ежу і нікому не жадала ліхога».

На сямейным савеце родныя вырашылі адзначыць юбілей бабы Юлі з размахам — усё ж сто гадоў! Гасцей запрасілі паўсотню чалавек, заказалі сталоўку. Няхай юбілярша парадуецца. І ў гэту скарбонку пажаданняў ад родных і блізкіх (а юбіляршу павіншавалі і прадстаўнікі мясцовай улады, і раённы ваенкам, і савет ветэранаў, і іншыя арганізацыі) дададзім пажаданне моцнага здароўя, святла і дабра і мы.

Марыя СЕЛЮЦЕНКА

НА ЗДЫМКУ: 100-гадовая жыхарка Шуміліна Юлія ІЛЬІНЕЦ з дачкой Раісай.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter