Вязаная сядзіба ды плёначныя лапці…

Ніну Махнач ведаюць на Жыткаўшчыне не толькі як старэйшую медсястру, а і майстрыху, якая стварыла сапраўдны цэнтр народнай творчасці ў бальніцы сястрынскага догляду за старымі.

Ніну Махнач ведаюць на Жыткаўшчыне не толькі як старэйшую медсястру

Ніну Махнач ведаюць на Жыткаўшчыне не толькі як старэйшую медсястру, а і майстрыху, якая стварыла сапраўдны цэнтр народнай творчасці ў бальніцы сястрынскага догляду за старымі.

Быў некалі ў горадзе Жыткавічы дыспансер для хворых туберкулёзам. Неўзабаве яго закрылі, а памяшканні засталіся. Тады галоўны ўрач цэнтральнай бальніцы вырашыў адкрыць раённы пансіянат для адзінокіх старых. Кіраваць назначыў самую руплівую медсястру — Ніну Махнач. Па волі лёсу да Ніны Іванаўны траплялі адны жанчыны. У кожнай свая гаротная доля. Ці памерлі ўсе родныя, ці дзеці проста кінулі старэнькую маці ў вёсцы дажываць свой век. Сёння ў пансіянаце іх — больш за дваццаць...

На падворку пансіяната імправізаваны калодзеж з жураўлем. Каля градак вялікія лялькі — бабка ды дзедка. На адной назе важна стаіць драўляны бусел. А з простых пластыкавых бутэлек нават «пальмы растуць». Непадалеку бабулькі з мядсёстрамі нешта лепяць з гліны ды песні народныя пяюць. У пакоях гучаць палескія спевы. У тэксце — словы пра прымакоў. Тыя, хто не здольны ўжо выходзіць на вуліцу, сабраліся ў сваіх «кватэрках» нібы на вячоркі. Адны вышываюць гладдзю, другія — вяжуць, хтосьці пляце кош. Так і хочацца назваць іх дзяўчатамі. А ў фае арганізавана цэлая выстава. На канапе — падушкі з палескім арнаментам, звязаныя з нітак вавёркі ды мядзведзі. Ёсць нават паляна з мухаморамі. На выставачным стале ўвогуле сапраўдная сялянская сядзіба з хатняй скацінай і лялькамі ў лапцях. Ёсць нават мадэль «самагоннага апарата» з кранікам. А тое, што гэта медыцынская ўстанова, зразумела па чашы са змяёй. Таксама вязанай. Нямецкая дэлегацыя не так даўно завітвала ў раён і дзіву давалася ад такога крэатыву і майстэрства.

— Падумалася аднойчы, а чым мы будзем займацца з маімі бабулькамі? —расказвае Ніна Махнач. — Усе яны — выхадцы з вёсак, і напэўна добрыя майстрыхі. Так атрымаўся сапраўдны цэнтр народных рамёстваў! У першую чаргу ўсе умеюць шыць, вязаць і вышываць. Мае дзяўчаты-мядсёстры таксама падключыліся. Так і пачалі. Марыла, каб хто з бабуль лапці яшчэ ўмеў плесці. Не кожны сёння валодае такой тэхнікай. А ў гэтым годзе далучылася да нас майстрыха. Праўда, лаза ўжо «адышла», як кажуць. Але сплялі ўсе ж дэкаратыўныя і сувенірныя — звязалі. Вясною, з новаю лазой, абавязкова пачнем сваю асабістую лапцевую вытворчасць.

— А да вас, Ніна Іванаўна, адкуль прыйшоў талент? Хто вучыў народным рамёствам?

— Усё гэта перадалося мне ад роднай бабулі Ганны. Як зараз помню, яна наказвала: «Будзеш сама ўсе мець — ніколі гора не спазнаеш». У бабулі былі свае кросны, якія да гэтай пары захоўваю. Пасля вайны прыйшлося цяжка, усё рабілі самі. Але памятаю, як была вельмі моднай школьніцай са сваёй першай саматканай сумкай.

На здымках: Ніна МАХНАЧ (з правага боку) са сваімі «дзяўчатамі».

Ганна ЖУКОЎСКАЯ, «БН»

Фота  аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter