У новым праекце журналісты «СГ» раскажуць пра кулінарныя традыцыі розных рэгіёнаў краіны, асаблівасці мясцовых пачастункаў. Не абыдзем увагай народныя святы і фестывалі, прысвечаныя ўсяму багаццю беларускага абруса. Гаспадыні падзеляцца сакрэтамі, а мы з задавальненнем падтрымаем іх эксперыменты на кухні. Адным словам, смачна есці!
Своеасаблівыя стравы і абрады Масленічнага тыдня ў розных кутках краіны
Масленіца, або Сырны тыдзень, — зімова-вясенняе свята перад пачаткам Вялікага посту. У гэтым годзе яна пачынаецца ў панядзелак, 28 лютага. У беларусаў спрадвеку існавалі свае незвычайныя традыцыі напярэдадні Вялікага посту. Пры гэтым яны некалькі адрозніваліся ў залежнасці ад часткі краіны. Цікава, што ў апошні час свята набывае новыя рысы. Напрыклад, на Глыбоччыне пачалі фарбаваць у розныя колеры не толькі велікодныя яйкі, але і масленічныя блінцы. Падрабязнасці могуць выклікаць багаты апетыт, таму падрыхтуйцеся чытаць далей не на галодны страўнік.

Да Масленічнага тыдня мясцовыя гаспадыні рыхтуюць своеасаблівы клінковы сыр, перш за ўсё ўзгадвае метадыст па народнай творчасці Глыбоцкага цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Наталля Нікіфаровіч. У дзяцінстве яна назірала, як гэта рабіла маці. Для прыгатавання ласунку патрэбны тварог, кіслая смятана, соль. Гэтую масу выкладваюць у «клінок», які зроблены з марлі ці часткі тканіны, і падвешваюць на спецыяльныя металічныя трымальнікі, каб сыроватка сцякла. Потым сыр кладуць пад цяжар.
— Мнюцкая старана, найбольш вёска Мацюкова, робіць паласаты, ці вясёлкавы сыр, яго часта заказваюць на вяселлі, — адзначае Наталля Уладзіміраўна. — Для яго бяруць тыя ж прадукты, што і для клінковага, але з цукрам: на кілаграм тварагу 250 грамаў цукру і літр смятаны. Дабаўляюць разведзены на паравой лазні жэлацін, перамешваюць і дзеляць на некалькі частак. Калі маса гусцее, у кожную долю гаспадыні дадаюць харчовы фарбавальнік, усе змешваюць — і атрымліваецца паласаты сыр.
На Глыбоччыне блінцы таксама адмысловыя. Напрыклад, гатуюць укропнікі, ці бульбянікі. Гэта аладкі з варанай бульбы, малака, у якіх шмат зялёнага кропу. Вельмі прыгожыя, калі ён свежы.

— Самыя распаўсюджаныя на Масленіцу — наліснікі, — дадае метадыст. — У нас іх называюць «завіванкамі», бо скручваюць у трубачку з тоненькім слоем тварагу або проста так. Робяць гаспадыні і капуснікі — бліны, начыненыя капустай. Цыбульнікі — зусім проста здагадацца, з чаго яны. У бліннае цеста дадаюць парэзаную зялёную цыбулю. Гэта на любіцеля.
А найбольш моднымі, на погляд субяседніцы, апошнім часам сталі каляровыя бліны. У 2021-м гаспадыні ўдзельнічалі з імі (сінімі, чырвонымі, жоўтымі) у конкурсе на лепшую страву падчас Масленіцы.
— У адной яны атрымаліся падобныя да вясёлкі, — расказвае Наталля. — А яшчэ папулярнасць набывае традыцыя выпякаць на гэта свята блінцы на драўлянай калодзе. Нават старшыня Залескага сельсавета Барыс Заяц засвоіў гэту тэхналогію і пячэ іх.
На Гомельшчыне, у Кармянскім раёне, таксама на Масленіцу любяць ласавацца блінцамі. Тут іх часам называюць наліснікамі, дабаўляюць у начынку разынкі і іншую смакату. Папулярны салодкія хрусты. Менавіта іх на Кармяншчыне таксама робяць рознакаляровымі дзякуючы харчовым фарбавальнікам.
Сярод страў на святочным стале — дамашняя каўбаса, пальцам піханая, з цыбуляй і часнаком.
— І абавязкова картапляная бабка з «кавалькамі». Гэта смажанае сала з цыбуляй, — патлумачыла метадыст па народнай творчасці Кармянскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу Кацярына Якутовіч. — Бабку гатуюць з таркаванай бульбы, сала асобна. Запякаюць яе ў гаршчочку ў печы.
Рэжысёр Кармянскага раённага цэнтра культуры і вольнага часу Вольга Захарэнка нагадала пра сэнс спальвання пудзіла Масленіцы. Падчас тэатралізаванага прадстаўлення галоўны атрыбут свята знікае, але яго абавязкова трэба знайсці і спаліць. Такім чынам нашы продкі пазбаўляліся ад нягод і зімовых халадоў. Суправаджаецца гэта пажаданнямі: каб птушкі пелі, каб усе нягоды паляцелі, маразы пайшлі, няўдачы адышлі, каб зямля радзіла.

— У нашага масленічнага пудзіла галава ў выглядзе сонца, а таму што наш раён ільняны, дык промні з гэтага матэрыялу, — тлумачыць Вольга Захарэнка. — У некаторыя гады мы нават прапаноўвалі людзям пісаць запіскі і кідаць у вогнішча, каб усё дрэннае згарэла. Яшчэ абавязкова трэба правесці карагод. Гэта сімвал сонца, як і блін, заклік хуткага прыходу вясны.
Свае асаблівасці падрыхтоўкі да поснага часу і на захадзе краіны, дзе шмат каталікоў. Вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Рамановіч распавяла, як у аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна святкавалі Запусты і Папялец. У традыцыйным календары адэльчан Запусты — назва апошняга тыдня перад Вялікім постам. Пачынаўся ён «тлустым чацвяргом», які сёлета прыпадае на 3 сакавіка, — днём «шырокага разгулу».
— Як паведаміў нам Антон Пясецкі (самага старэйшага жыхара не стала ў 2021 годзе), нейкіх масавых мерапрыемстваў не было, гэты абрад звычайны для нашай мясцовасці да пачатку 1990-х, — расказвае спецыяліст. — Спраўляліся Запусты ў «тлусты чвартэк». У асноўным збіраліся кампаніямі — моладзь, па-суседску, як кажуць, хто з кім сябраваў. Спявалі «людовыя песні», танчылі, жартавалі.
У апошні аўторак перад Папяльцом (у гэтым годзе 1 сакавіка) заўсёды ладзілі танцы. Дзяўчаты танчылі і кідалі грошы на талерку для музыканта. Лічылі, якая дасць больш грошай, тая першая выйдзе замуж у гэтым годзе. Па хатах весяліліся ўсе да ранку.
— Найбольш вядомай забавай гэтай пары года ў адэльчан былі «кулікі», — дадае Наталля Рамановіч. — Амаль уся моладзь з вёскі на санях ездзіла ад хаты да хаты з жартамі і песнямі, узаемна высмейваючы адно аднаго.
Сані абавязкова ўпрыгожвалі стужкамі з галагонамі (ці бразготкамі). У гэтую пару моладзь коўзалася з горак на санках, «маразянках» — абмарожаных кашах, лядзянках — вырубленых на рацэ кавалках лёду, на перавернутых і трохі падмарожаных лаўках. Новыя сані ў Адэльску заўсёды абкатвалі з гары. Усцягвалі вялікія сані, палоззі якіх былі падбіты кованым жалезам, на гару, там садзіліся чалавек 10—20 «галава-ногі» — і стрымгалоў ляцелі ўніз. Толькі такія сані і будуць лёгкімі на хаду. Яшчэ качалі «балваноў», ці «бамбэлкаў» («снегавікоў»).
— У «тлусты чвартэк» на сталах павінны быць кілбасы, скварка, бабка бульбяная і засмажаная цыбуля, хрусты і, канечне, пончыкі, — адзначае субяседніца. — Раней іх называлі пампухамі, а хрусты — фаворкамі, і гэта азначала, што хутка «тлусты чвартэк». У гэтыя днi людзі наядаліся на запас, «запускаліся». Асабліва моладзь весялілася, а хлопцы і дзяўчаты прыглядваліся адзін да аднаго. Якія ж Запусты без музыкаў? Кажуць, што калісь танчылі «пад язык» і пад музыку нашых местачковых выканаўцаў.
Па ўспамінах таго ж Антона Пясецкага, «хацелася хучэй мяснога, пакупалі ў складчыну цялёнка, гатавалі розныя стравы з цяляціны, запякалі мяса, рабілі кілбасу дамашнюю, варылі халадзец, абавязкова пяклі хлеб, пончыкі». Яшчэ збіраліся кампаніямі з нядзелі да серады, прыгаворваючы: «Бежце пончэк на відэлец, бо вэ сьродэ юж Попелец». Шмат было на сталах тлустых, мясных страў: вяндліны, каўбас, кішак, вантрабянак, сальцісону, бігасу, смажаніны.
Да Вялікадня вернікі не павінны спажываць ежы жывёльнага паходжання, не наведваюць забаўляльных мерапрыемстваў. Таму на Запусты імкнуцца наесціся і нагуляцца на сем тыдняў наперад.
yasko@sb.by
Фота Наталлі РАМАНОВІЧ.