Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Вядомы і папулярны ў Беларусі дзіцячы часопіс святкуе 60-я ўгодкі

“Вясёлка” збірае сяброў

Усё лепшае — дзецям... Гэтыя словы ўвасобіліся прыгожаю явай, калі ў 1957-м таленавітыя людзі з ліку пісьменнікаў, мастакоў пачалі рабіць часопіс для беларускіх дзяцей. Узначаліў тады — на 17 гадоў — новую рэдакцыю Васіль Вітка: вясковец са Случчыны, педагог па адукацыі, паэт-казачнік і тонкі знаўца дзіцячых душаў. Гэта ён, дарэчы, прыдумаў і Васю Вясёлкіна… Помніцца, гутарылі мы з Цімохам Васільевічам (сапраўднае імя пісьменніка) неяк у 91-м, перад ягоным 80-годдзем, і на пытанне, як гэта з гадамі не развучыцца радавацца жыццю, захапляцца прыгажосцю свету, ён параіў: “Часцей глядзіце на зоры”. З такім загалоўкам і выйшла тое інтэрв’ю ў часопісе для настаўнікаў “Роднае слова”. Дарэчы, у Васіля Віткі, пазней даведаўся, ёсць і цікавае эсэ пад такою ж назвай: пра тое, як прачынаўся ў ягонай чуллівай душы казачнік, паэт. Прывучае сёння “Вясёлка” юных чытачоў і “на зоры глядзець”, і “пад ногі”, і ў мастацтве разбірацца, і слова роднае, традыцыі беларусаў паважаць. А яшчэ — выцінанкі рабіць, маляваць, вершаваць... Нават абыходзіцца з грашыма разумна прывучвае дзетак “Вясёлка” ў “Школе Грошыка”: гэта яе сумесны творчы праект з Беларусбанкам “па асвеце юных фінансістаў і банкіраў”.

Юныя артысты віншавалі сваю любімую “Вясёлку” песнямі, танцамі, вершамі

Мудрага пачынальніка-дзеда Васіля Вітку, ягоных калег-паслядоўнікаў Еўдакію Лось, Анатоля Грачанікава добрым словам згадвалі й на юбілейнай урачыстасці, з густам упрыгожанай святочным канцэртам, у мінскім Палацы культуры прафсаюзаў. Казалі й пра тое, што ў ліку аўтараў “Вясёлкі” былі, ды й сёння ёсць многія таленавітыя празаікі, паэты, мастакі. Аддавалі належнае Уладзіміру Ліпскаму як пісьменніку, арганізатару: гэта ён з 1978 года “ўзначальвае выданне ды гуртуе вакол яго лепшыя творчыя сілы Беларусі”. Доўгажыхар на “вясёлкаўскай” пасадзе, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі й сам 6 мая, на Юр’я па народным календары, адзначыў 77-годдзе. Але ж колькі ў гэтым сівавалосым аптымісце светлай энергіі! Ён да таго ж і такія крэатыўныя па форме і змесце кнігі свае, бадай, штогод выдае. І Беларускі дзіцячы фонд ад часу ягонага стварэння (1988) узначальвае, і ў Фестывалю гумару ў Аўцюках ён — як бацька хросны... Адным словам: Асоба. У серыі пад такой назвай, дарэчы, і вышла нядаўна кніжка пра Уладзіміра Сцяпанавіча. А да юбілею “Вясёлкі” грунтоўнае інтэрв’ю з галоўрэдам, пісьменнікам падало інфармацыйнае агенцтва БелТА: яго лёгка знайсці па ключавых словах “Липский юбилей Вясёлка”.

Весялосць і гумар у “Вясёлцы” з такім гумарным галоўрэдам — вельмі любяць. Сярод шматлікіх віншаванняў, якія паступілі на адрас юбіляркі, ёсць і “Высновы навукоўцаў у Год навукі”. Прыслухаемся. “Якія ў малечы найпершыя словы — Зрабілі вучоныя сёння высновы./ У працы ранейшыя ставяць дапіскі:/ Малеча шчабеча/ Ад самай калыскі/ Не “мама” і “тата” — “Вясёлка” ды “Ліпскі”./ Апошнім жа часам па ўсёй Беларусі/ Яшчэ прамаўляюць лагоднае “Буся”... Гэта, нагадаем, у “Вясёлкі” пяць гадоў таму з’явіўся малодшы брацік — часопіс “Буся” для дашкалят. І наша газета пра тую падзею пісала.

Вернемся, аднак, на “Свята колераў вясёлкі”. На сцэну, паводле задумы арганізатараў, падымаліся як дарослыя, так і дзеці. Ад Міністра інфармацыі Ліліі Ананіч (яна зачытала віншаванне “Вясёлцы” ад Прэзідэнта, уручала ўзнагароды супрацоўнікам рэдакцыі), да юных артыстаў з мінскага дзіцячага садка “Ліхтарык” (малыя чыталі вершы, спявалі, танцавалі). “Актывізацыю залы праводзяць мімы” — знайшоў я рэмарку ў сцэнарным плане. Бо ў глядзельнай зале сабралася шмат гасцей: ад малодшых школьнікаў да ветэранаў. Сярод іх і вядомыя пісьменнікі, педагогі, журналісты, дзеячы культуры. І ўсе — сябры “Вясёлкі”. Многія прывезлі юбілярцы падарункі, у тым ліку і зробленыя сваімі рукамі, нумары мастацкай самадзейнасці. Песнямі, танцамі, вершамі павіншавалі юбілярку артысты беларускай эстрады, дзіцячыя гурты “Шакаладная фабрыка”, “Святкі”, “Хвілінка” ды іншыя. А ўзнагароды вясёлкаўцам ды сябрам, актыўным аўтарам выдання ўручалі прадстаўнікі Мінінфармацыі, Мінадукацыі, Мінкультуры, Саюза пісьменнікаў Беларусі, Беларускага саюза журналістаў.

Звяртаючыся да сяброў часопіса, Уладзімір Ліпскі казаў, што “Вясёлка” — гэта яго жыццё, і ягоны лёс, і ягоны рай зямны. Што ён удзячны лёсу, і гэтаму раю, удзячны жыццю — за “Вясёлку”, якая нарадзілася вясною 60 гадоў назад. А далей — падключыў усіх да цікавай гульні, запытаўшы: “У вясёлцы — колькі колераў?” Зала, вядома ж, гукала: “Сем!” А Уладзімір Сцяпанавіч налічыў 60 колераў зямной “Вясёлкі”. Пачаў пералічваць: яна добрая, спагадлівая, прыветлівая, казачная, і святочная заўжды, і вясновая, а яшчэ — патрэбная і запатрабаваная... А ўрэшце папрасіў сяброў, што прыйшлі на свята, пашукаць і новыя колеры зямной “Вясёлкі” ды прыслаць на электронны адрас выдання. А той, хто знойдзе больш за 60 “колераў”, мае шанец атрымаць прыгожы падарунак. Прызнаюся: і мяне павяло ў пошукі. Ужо больш за сотню “колераў” “Вясёлкі” знайшоў, ды адчуваю: пералік яе вартасцяў можна доўжыць. Вось на адну толькі літару колькі вызначэнняў знайшлося: далікатная, дасціпная, дасведчаная, даступная, дзіцячая, дзівосная, друкаваная, добразычлівая, дзейная, духоўная, душэўная...

Уладзімір Ліпскі на чале рэдакцыі ўжо амаль 40 гадоў

Яшчэ галоўрэд адзначыў: “Вясёлка” трымаецца на сябрах, у тым яе прыгажосць і сіла: “10 тысяч “Вясёлак” паштальёны штомесяц разносяць па ўсёй Беларусі, і 10 тысяч сем’яў беларускіх чытаюць, гартаюць, атрымліваюць асалоду ад “Вясёлкі”. У нас ёсць маленькія сябры, крыху большыя сябры, і яшчэ большыя, а ёсць і дарослыя сябры”. Дарэчы, на ўрачыстасці ўпершыню ўручаліся дыпломы, прысвойвалася ганаровае званне “Сябар дзяцей”: яго заснавала рэдакцыя сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Сябры Вясёлкі”. А пасведчанне пад №1 атрымала Міністр інфармацыі Лілія Ананіч. Дарэчы, у згаданую суполку сяброў “Вясёлкі” ўваходзяць якраз “старэйшыя сябры” выдання — як асобныя людзі, так і цэлыя калектывы.

Між тым стаць сябрамі папулярнага дзіцячага часопіса ды маладога “Бусі” могуць і актывісты з беларускіх суполак замежжа ды іх дзеці, унукі. Уладзімір Ліпскі ў размове са мной заўважыў: “Мы не проста сядзім у кабінетах ды робім часопіс — мы актыўна рухаемся да дзяцей, праводзім вялікую арганізацыйную работу, маем для гэтага спецыяльны аддзел”. Наша газета расказвала, дарэчы, пра сустрэчы пісьменніка з беларусамі Польшчы. У інтэрв’ю карэспандэнту БелТА Уладзімір Ліпскі нагадаў, што ў часопіса ёсць афіцыйны сайт. Акрамя таго, абмяркоўваецца прапанова па распаўсюдзе “Вясёлкі” ды “Бусі” сіламі аднаго з мабільных аператараў сувязі. Галоўрэд спадзяецца, што “ў перспектыве “Вясёлка” і “Буся” пойдуць і ў замежжа, стануць даступнымі для ўсіх беларусаў свету. На мой погляд, каб дзеці памяталі й любілі родную мову і культуру, пачынаць трэба з гэтых часопісаў”.

Галоўрэд падлічыў, што выступіў летась перад дзецьмі больш за 100 разоў! А ягоная намесніца Анастасія Радзікевіч дадае: творчыя сустрэчы-канцэрты з сябрамі “Вясёлкі” да юбілею выдання праходзяць у школах, дзіцячых садках, бібліятэках Мінска, а таксама ў Барысаве, Дзяржынску, Любані, Навагрудку, Нясвіжы, Салігорску, Слуцку, Оршы. Уладзімір Сцяпанавіч лічыць: пры дапамозе “Вясёлкі” лёгка далучаць супляменнікаў да беларускай мовы, культуры, паэзіі. Дарэчы, настаўніца пачатковых класаў з Мінска Ірына Буторына распрацавала 50 арыгінальных урокаў: якраз да юбілею кніга «Урокі “Вясёлкі”» выйшла ў выдавецтве “Адукацыя i выхаванне”. Такі падручнік аж “просіцца” на ўрокі, што праходзяць у нядзельных беларускіх школах, беларускіх класах. Сайт, каардынаты рэдакцыі шукайце ў інтэрнэце. І журналісты газеты “ГР” трапілі ў пачэснае кола сяброў “Вясёлкі” — то можна адладзіць кантакты і праз нас.

Фота: Іван Ждановіч

Голас Радзімы № 18 (3522), чацвер, 18 мая, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter