Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дні беларускай культуры, якія праходзілі ў Латвіі, прымаў і латгальскі горад Краслава

“Вясёлка” ў восеньскім горадзе

Мы расказвалі ўжо, як Дні беларускай культуры закранулі прыгожым крылом Даўгаўпілс. І ў тую ж кастрычніцкую пару свята беларускае гасцінна прыняла Краслава, сустрэла нас выдатным надвор’ем. А святочную імпрэзу наша суполка “Уздым” праводзіла там разам з Беларускім таварыствам “Вясёлка” горада Краславы.

На Беларускае свята ў гарадскі Дом культуры сабралася шмат гледачоў. І бачылі б вы тых вясёлых, прыветных людзей! Заяўленай папярэдне колькасці месцаў не хапіла, і арганізатары хутка зарыентаваліся — даставілі крэслы ў прасторным фае, дзе й ладзілі мы свята. Прыемна было, што прыехалі ў Краславу таксама дэпутатка Сейма, старшыня Беларускага таварыства “Прамень” з Рыгі Алена Лазарава і журналістка газеты Саюза беларусаў Латвіі “Прамень”, сябар Елгаўскага беларускага таварыства “Лянок” Іна Олесава.

Для жыхароў Краславы госці з Даўгаўпілса падрыхтавалі праграму з удзелам танцавальнага гурта “Лянок” і народнага Моладзевага тэатра з беларускага горада Браслава. Святочная імпрэза па сцэнарыі Галіны Сантоцкай, за дзень да таго апрабаваная ў Даўгаўпілсе, з поспехам прайшла і ў Краславе. І для горада тое было падзеяй! Адкрывалі свята старшыня суполкі “Вясёлка” Святлана Стальмачонак і дэпутат Сейма Алена Лазарава. Гледачы цёпла прынялі як наш “Лянок”, так і вершы паэта Станіслава Валодзькі, мяне ў ролі вядучай. Прафесійна, з добрым з гумарам ігралі свае ролі ў спектаклі па знакамітай п’есе Янкі Купалы “Паўлінка” госці з Беларусі — артысты Моладзевага тэатра пад кіраўніцтвам рэжысёра Яўгена Набіева. Па ходзе спектакля чуліся апладысменты ўдзячных гледачоў.

Потым для ўдзельнікаў святочнага канцэрта краслаўскія беларусы зладзілі цікавую экскурсію па сядзібе вядомага шляхецкага роду Плятэраў. І гэта сімвалічна: Дні беларускай культуры — гэта ж заўсёды й адкрыццё нечага новага, і своеасаблівае гартанне слаўных старонак гісторыі нашай Бацькаўшчыны.

Людміла Сінякова, старшыня таварыства “Уздым”, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter