Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Даўнюю традыцыю продкаў — Гуканне Вясны — прыгожа і крэатыўна, з выездам у горад Бяндэры прадоўжылі ў Малдове прадстаўнікі чатырох беларускіх суполак

Вяснянкі пры Днястры

Вясна — заўсёды госця доўгачаканая! Бо прыносіць яна сонца, цяпло. З ёю абуджаецца прырода, і больш у сэрцы радасці, і светла верыцца ў будучыню. Вакол у свеце так неспакойна, што самы час успомніць старажытны беларускі абрад Гуканне Вясны — і замовіць у доўгачаканай прыгажуні ўсё тое, чаго нам хочацца. Мы ж падумалі: цудоўная рака Днястро, працягласцю больш за 1300 кіламетраў, што бяжыць па землях Малдовы і Украіны, выдатна падыдзе для старадаўніх беларускіх абрадавых дзеяў. Людзі спрадвеку ведалі: вада здольная перадаваць інфармацыю, запамінаць словы, думкі, пачуцці нашыя, ды ўключаць механізмы ацалення. Я на самай справе ўпэўнена: жывая вада рэчак, азёр ачышчае нас не толькі ад фізічнага, матэрыяльнага бруду, але і ад бруду энергетычнага, духоўнага.

Папяровыя птушкі — знакі беларускага абраду Гуканне Вясны на беразе Днястра

На беразе Днястра гукалі Вясну 2 красавіка прадстаўнікі чатырох грамадскіх суполак. То былі Таварыства беларускай культуры горада Бяндэры, Беларускі культурны рух Малдовы, Таварыства дружбы і супрацоўніцтва “Малдова—Беларусь” ды Асацыяцыя беларусаў муніцыпія Кішынёў “Беларусь”. Мы разам зладзілі першае выязное Гуканне Вясны — за межамі Кішынёва. І гэта было сімвалічнае яднанне беларусаў з усіх берагоў Днястра. Малады старшыня беларускай суполкі з Бяндэраў Аляксандр Лапацьеў паказаў сябе як выдатны, гасцінны гаспадар свята, якое ўдалося — на славу. На перспектыву ўсім раю: бліжэй да Прыроды! Больш крэатыву — і вы адчуеце сапраўдную моц традыцый продкаў.

Для сяброў і калегаў з беларускай дыяспары супляменнікі ў Бяндэрах зладзілі багатую культурную праграму. Мы ў суправаджэнні прафесійнага экскурсавода наведалі помнік архітэктуры XVI стагоддзя Бяндэрскую крэпасць — Cetatea Bendеr (Tighіna). Адкрылі для сябе шмат новага, з вышыні назіральнай пляцоўкі крэпасці любаваліся краявідамі, прыгажосцю Днястра. У незабыўным захапленні былі юныя вандроўнікі. Майму дзесяцігадоваму сыну, напрыклад, запомнілася ядро, на якім, кажуць, лётаў... сам барон Мюнхгаўзен. Нам расказвалі, што гэта цалкам рэальны, гістарычны персанаж. Праграму прадоўжыла і аглядная экскурсія па горадзе Bender, першая згадка пра які зафіксавана 1408 годам.

А пасля была ўтульная база адпачынку “Юнацтва”: ля самага Днястра. Шыкоўны краявід на рэчку і хараство вясновай прыроды нас проста паланілі. Здзяйсняць абрадавае дзейства ў такіх умовах — і асалода, і шчасце! Беларуска-малдаўскі этнічны тэатр “Куфар”, жывая часцінка Беларускага культурнага руху Малдовы, залучыў літаральна ўсіх у абрад Гуканне Вясны. Дзейства мае глыбокі сакральны сэнс. Нашы продкі верылі, ведалі: жывыя сілы прыроды прачнуцца і прынясуць свае даброты людзям толькі тады, калі іх пра тое — папросіш! Калі дапаможаш ім, пагукаеш іх на сваю зямлю. Галоўная ж адметнасць Гукання Вясны — шчырая праява нашай радасці да Жыцця, пазітыўнае стаўленне да свету, да Сусвету. А яшчэ — да бліжняга! І ўвогуле — да ўсяго таго, што ёсць вакол нас. Гэта векавая, містычная, дзівосная, да таго ж яркая і маляўнічая дэманстрацыя Вясне: мы — вартыя ўсяго самага лепшага, чыстага і светлага! Упершыню на беразе Днястра паводле старажытных канонаў беларусы Малдовы з вялікай павагай, радасцю і асалодай гукалі Вясну. Гэтаксама, як некалі нашы продкі, мы ўпрыгожылі дрэвы і бліжэйшыя пабудовы самаробнымі птушкамі-жаўрукамі, весела вадзілі карагоды, дружна спявалі песні-вяснянкі ды розныя душэўныя народныя песні. “Жавароначкі, прыляціце,/ Вясну красную прынясіце./ Шчасце-долечку мы гукаем,/ Зямлю-матухну адмыкаем!/ Гу-у-у-у...”

І патанцавалі мы ўсе нямала. Каштавалі розныя смачныя стравы беларускай і малдаўскай кухні, шмат жартавалі ды смяяліся. Віншавалі адзін аднаго з прыходам Вясны. Жадалі родным і блізкім людзям — здароўя, дабрабыту. А нашым краінам і народам — багатага ўраджаю, ладу і мірнага неба над галавой. Тым часам воды прыгожага, магутнага Днястра, пэўна, цалкам пагаджаліся з нашым беларускім светлым і радасным пасылам. Бо мы адчувалі: нам з ракою, з блізкімі людзьмі, з Вясною — так хораша разам!

Ганна Мазур, старшыня праўлення Беларускага культурнага руху Малдовы

Голас Радзімы № 15 (3519), чацвер, 13 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter