Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускі народны абрад Гуканне Вясны правялі ў Курганскім абласным мастацкім музеі Расіі

Вясну-красну ў Зауралле запрашалі

Печыва ў выглядзе птушак — сімвал Гукання Вясны. Фота: Анатоль Кляшчук
Каб хутчэй прыходзіла вясна ў Зауралле, мясцовыя беларусы вырашылі яе пагукаць. Праўда, на Беларусі гэта робяць на прыродзе — на ўзвышшах, пагорках, бліжэй да Сонца, прычым выбіраюць мясціны з вясновымі праталінамі. А вось у Кургане свята адзначалі ў памяшканні: толькі асвойваюць яго сімволіку, духоўныя сэнсы актывісты Курганскага цэнтра беларускай культуры “Батькавщина”.

На другім паверсе музея 7 красавіка, на Дабравешчанне, была разгорнута выстава “Славянскі свет”. Там і сабраліся тыя, хто паважае традыцыі продкаў. Былі запрошаны і пяцікласнікі з 32-й школы Кургана. Вядучая Святлана Кулакова распавяла пра старажытны беларускі абрад Гуканне Вясны, прычым яе аповед ілюстраваўся фота- і відэасюжэтамі. Некалькі беларускіх народных песень-вяснянак выканалі ўдзельнікі беларускага ансамбля “Журавачка”.

Для юных наведнікаў музея ладзіліся беларускія народныя гульні. А найбольш ім спадабаўся майстар-клас па вырабе абрадавых сімвалаў: птушак з салёнага цеста. Дзяцей, як і павялося здаўна ў беларусаў, частавалі таксама адметнымі прысмакамі — печывам у выглядзе птушачак.

Таццяна Макавеева, г. Курган

АД РЭДАКЦЫІ.

Калі тэкст рыхтаваўся да друку, кіраўніца Курганскага цэнтра беларускай культуры “Батькавщина” Людміла Урванцава ўдакладніла: народныя беларускія святы нашы супляменнікі “праводзяць абавязкова”. А вось наконт таго, каб рабіць гэта і з выездам, у сельскай мясцовасці, у вёсках, дзе кампактна жывуць суродзічы — пра тое беларусы Кургана “будуць думаць”. Спадзяемся, і досвед правядзення абрадаў у натуральных асяродках, пра які мы пішам — спатрэбіцца. А ён, нагадаем, ёсць у суполак Іркуцка, сёлета на прыродзе справілі Гуканне Вясны і ў Малдове — гл. папярэдні нумар ГР.

Што да фалькларыстаў, то, напрыклад, Алесь Лозка ў сваім “Беларусім народным календары” (1993) піша: “Дзяўчаты выходзяць да гумнаў, залазяць на стрэхі ды, седзячы на іх, спяваюць цыкл вяснянак, у якіх кожны слупок заканчваецца выклічнікам “Гу!” Калі ж ідуць на вуліцу, з тымі ж песнямі водзяць “танкі” (гэта значыць: танчаць, танцуюць. — Рэд.) У Ельні Чэрыкаўскага павета сыходзяцца ля лазні, збіраюць мялля, г. зн. кастрыцу ад ільну і пянькі, разводзяць агонь. Каля кастра і спяваюць вяснянкі. (“Так палюць мялля ўсякую вічарыну аж да Васкрэсных днёў”.) У некаторых месцах з вёсак накіроўваюцца на бліжэйшы пагорак, там і “гукаюць Вясну”. Нарэшце, дзе гэты звычай забываецца, дзяўчаты спяваюць вяснянкі проста ў сябе на прызбах. У апошні час у Гуканні Вясны большы ўдзел прымаюць і дзяўчынкі гадоў 12-14”.

Голас Радзімы № 16 (3520), чацвер, 20 красавіка, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter