В каком кинотеатре нескучно провести время?

Вясновыя прэм’еры

Тры мінскія кінатэатры парадуюць сваіх навед­вальнікаў навін­камі. Мы паглядзелі, якія з іх можна выбраць.

Карціна «Бяры ці бяжы» была летась вылучана на «Оскар» ад Эстоніі.

Бачылі ноч

Чарговая «Ноч кіно» пройдзе ў «Маскве» з 30 красавіка на 1 мая. Увазе гледачоў прапануюць адразу тры фільмы — фантастычны баявік, сямейную камедыю і займальны мультфільм. Пачатак сеанса — у 23.45. Апошнія цітры — у 6 раніцы. Што ў праграме?

Кадр з мультфільма «Вялікае падарожжа».

«Мсціўцы: фінал» (2019, ЗША). Тыя, што засталіся ў жывых, члены каманды Мсціўцаў і іх саюзнікі, павінны распрацаваць новы план, які дапаможа супрацьстаяць разбуральным дзеянням магутнага тытана Таноса.

«Дамавік» (2019, Расія). У Маскве ёсць незвычайны дом, а ў ім — дзіўная кватэра, у якой надоўга ніхто не затрымліваецца. І толькі калі ў яе заязджае мама з 8-гадовай дачкой Алінай, новыя жыхары даведваюцца, што жылплошча гэтая  няпростая і жыве ў кватэры самы сапраўдны дамавік...

«Вялікае падарожжа» (2019, ЗША — Расія). Бесталковы Бусел з цэнтра дастаўкі дзяцей пераблытаў адрасы і прынёс малыша Панду мядзведзю Мік-Міку. Той ва ўсім любіць парадак і вырашае даставіць Панду яго бацькам у Паўднёвы Кітай. У пошуках прыгод за Мік-Мікам адпраўляюцца неспакойны заяц Оскар, выхваляка-пелікан Дзюк, палахлівы воўк Янус і рамантык-тыгр Амур.

Балетны эксперымент

Выбраныя спектаклі прэстыжнай расійскай прэміі «Залатая маска» пакажуць у кіно. Адкрые сезон праекта TheatreHD 28 красавіка ў «Цэнтральным» фільм «Экман/Гёке/Нахарын» (2019). Гледачы ўбачаць адзін з самых яркіх танцавальных эксперыментаў апошніх гадоў — спектакль, які аб’яднаў разам работы трох харэографаў: «Цюль» шведа Аляксандра Экмана, «Адзінокі Джордж» немца Марка Гёке і «Мінус 16» ізраільцяніна Ахада Нахарына. Усе тры балеты — ад Маскоўскага акадэмічнага Музычнага тэатра К.С. Станіслаўскага і  У.І. Неміровіча-Данчанкі.

Вечар балета «Экман/Гёке/Нахарын» пакажуць у кіно.

  Пластычная свабода і нязвыклая тэхніка, сум і іронія, пошукі новых форм і вяртанне да вытокаў, Вівальдзі, Шастаковіч, Карлсон і «Хава нагіла» зліюцца на адной сцэне і створаць непаўторнае адчуванне дачынення да нараджэння новай класікі.

У маі кінапаказы працягне спектакль «Вішнёвы сад» з Рапапорт, Баярскай і Казлоўскім. Знакамітую чэхаўскую п’есу паставіў Леў Додзін, яго работу ў Малым драматычным тэатры — Тэатры Еўропы (Санкт-Пецярбург) крытыкі ўжо назвалі, магчыма, лепшым «Вішнёвым садам» у гісторыі. А ў чэрвені на вялікім экране спектакль «Гамлет|Калаж» — першая пастаноўка знакамітага Рабэра Лепажа ў Маскве, хіт маскоўскага Тэатра Нацый і адна з лепшых акцёрскіх работ Яўгена Міронава.

У паўночным ззянні

Пяты фестываль кіно паўночных і балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» запрашае з 10 па 17 мая ў кінатэатр «Мір». У праграме — 18 ігравых і дакументальных фільмаў з беларускімі субцітрамі, дзіцячая праграма, лекцыі, майстар-класы ад гасцей фестывалю і шмат іншага.

На экране — карціны са Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Эстоніі, Літвы, Латвіі. А сёлета яшчэ і з Грэнландыі (меладрама «Аноры»). Усе фільмы ў нас пакажуць упершыню, але многія прэм’еры адбыліся ўжо на буйных сусветных кінафестывалях. Напрыклад, фінская дакументальная карціна «Дзіўнае жыццё дзяўчыны па імені Ві» і дацкі фільм «Канікулы» прыехалі з амерыканскага Sundance; ісландская трагікамедыя «Жанчына на вайне» атрымала два прызы на «Тыдні крытыкі» ў Канах-2018; літоўскі фільм «Перажыць лета» ўпершыню быў паказаны на фестывалі ў Таронта; драма «Бяры ці бяжы» вылучалася на «Оскар» ад Эстоніі. У праграме таксама спецыяльны паказ дакументальнага фільма «Мая бабуля з Марса», знятага беларусам Аляксандрам Міхалковічам.

Ірына ЮР’ЕВА

Фота: kinopoisk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter