Сапраўдная вясна ў Раі – карэспандэнт “Рэспублікі” пабывала ў Сенненскай вёсачцы з дзіўнай назвай

Вясна ў Раі

А вы хацелі б пабываць у раі? Не палохайцеся: вядома ж, для гэтага зусім не варта шукаць дарогу ў іншы свет. Дастаткова прыехаць у Сенненскі раён. Як жывуць і пра што мараць жыхары тамтэйшай вёскі Рай, даведвалася наш карэспандэнт. 



... Дарога ў Рай у большасці сваёй неасфальтаваная. Кіламетраў дваццаць ад райцэнтра, і мы заязджаем у невялікую вёсачку. На ўскрайку — дрэўка ад дарожнага паказальніка. Старшыня Нямойтаўскага сельсавета Анатоль Бараноўскі ўздыхае: 

— Вось і таблічку з надпісам «Рай» адсюль ужо сцягнулі. Зробім заход з другога боку населенага пункта. 

Галоўнае — усё рабіць з душой.

Тут шыльда захавалася. І карцінка маляўнічая: з аднаго боку дарогі паказальнік, з другога — кампазіцыя з велізарных камянёў, звезеных, мабыць, з палёў. А непадалёку пасецца беласнежны рысак. Ён, праўда, зусім не хоча з намі знаёміцца — навошта мы казачнай сіўцы-бурцы, такія грэшныя і зямныя, з тоўстым пластом пылу цывілізацыі на падэшвах? Пасуюць візітнай картцы ўезду ў вёску і падворкі мясцовых жыхароў — многія з іх упрыгожаны вельмі незвычайна, у такт агульнай тэматыцы крэатыўна размаляваны мастакамі-самавучкамі. Ад цэнтра вёскі, якім, мяркуючы па ўсім, лічыцца жывёлагадоўчая ферма, у розныя бакі разбягаюцца тры невялікія вулачкі. Цікава, што ўсе яны маюць адну назву — Сусвет. Сімвалічна. У пачатку аднаго з Сусветаў — прыгожы домік з ажурнай альтанкай. Тут жыве старэйшына Рая Ганна Чарнова. Яна якраз завіхаецца ў сваіх кветніках: 

— Пакуль толькі нарцысы расцвілі, а летам у мяне тут усё красуе. Прыгажосць, радавацца не нарадавацца! Сёння вось збіраліся з мужам ехаць у горад за надзіманым басейнам, ды адклалі на час. Навошта басейн? Не, не ўнукам. Я і сама люблю паплюхацца...

Старэйшына вёскі Рай Ганна ЧАРНОВА

Сапраўды, як гэта: у Раі ды без купелі? Рэкамі, у адрозненне ад біблейскага, зямны Рай абдзелены. Няма тут і Адама з Евай. А вось Эдэмавы сады, сцвярджае 80-гадовая пенсіянерка Тамара Падалінская, ёсць. Вунь яны, падпіраюць вясковыя агароды: 

— Там калісьці пан Гаеўскі жыў, — ахвотна распавядае Тамара Іванаўна. — Цяпер, праўда, сады ўжо пастарэлі, але ўсё яшчэ квітнеюць. На гэтую сядзібу ў мінулым годзе прыязджаў сваяк Гаеўскіх з Польшчы, любаваўся яблынямі, векавымі таполямі. Там яшчэ і дзіўныя для нашых краёў дрэвы захаваліся — лістоўніцы, піхты.

Буслы ахоўваюць сяло

У вёсцы зараз каля трох дзясяткаў жыхароў. І большасць з іх — тыя, хто нарадзіўся і жыве тут усё жыццё. Вось, напрыклад, Ліна Ступаневіч — аксакал. Ёй 82 гады. Ні разу не з’язджала з Рая. Гэтак жа, як і абедзве яе старэйшыя сястры — Вера і Аня. І замуж за мясцовых хлопцаў выйшлі, і жылі амаль па суседству. А вось чаму вёску Раем назвалі, ніхто, на жаль, не ведае. Найбольш верагодная здагадка: пан Гаеўскі быў вельмі міласэрны да сваіх падданых, і гэта паўплывала на назву бліжэйшай да панскай сядзібы вёскі. 

Вось табе і глыбінка.

... Рай п’яніць водарам квітнеючых садоў і слепіць вочы беласнежнай пенай чаромхі. На старой ліпе курлыча бусел, а пад вясновым сонейкам на зялёным лужку грэюцца рахманыя авечкі. Сабака Амон па звычцы хаваецца ў будцы, прымаючы ўсіх чужынцаў за ветурачоў, а яго сяброўка Мурка бяжыць насустрач — хутчэй пацерціся аб ногі сваім тоўстым пухнатым бачком. Я б пагадзілася пагасцяваць у Раі яшчэ трошкі. Хаця спадзявацца на тое, што пастаяннае жыццё тут будзе бесклапотна райскім, зусім не варта. Дастаткова ўзгадаць любімую прыказку мясцовых жыхароў: калі жадаеш, каб падкова (а яна ёсць амаль на кожным падворку) прыносіла шчасце — трэба прыбіць яе да нагі і араць, араць, араць... Што і робяць сяльчане ў гэтую гарачую вясновую пару.

Жыватворнай вадзіцы напіцца...

«Знаёміцца не жадаю».

У Тамары ПАДАЛІНСКАЙ не хата — шэдэўр мастацтва

Тут добра ўсім — і людзям, і жывёле

a_veresk@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter