Вясна прыйдзе, бо яе клiчуць!

Гуканне вясны - традыцыйнае беларускае свята - прыйшло у мiнулую нядзелю у Беларускiм дзяржауным музеi народнай архiтэктуры i побыту

Цяжка было згубiцца па дарозе, хоць з цэнтра сталiцы да Строчыцаў, дзе размешчаны музей, не надта блiзка. У гэты сонечны i па-вясноваму цёплы дзянёк туды кiравалася багата народу: маладых i сталых, бацькоў і дзяцей.
Свята пачалося са старадаўняга сiмвалiчнага абраду — на вогнiшчы палiлi пудзiла зiмы, вадзiлi карагоды i спявалi традыцыйныя веснавыя спевы. Гурты этнiчнай музыкi “Guda”, “Дэсань”, “Калыханка”, “Медунiца”, “Талака” вiталi гасцей на высокiм пагорку.
— Нашы продкi называлi такi абрад “грэць зямлю”, каб хутчэй сыходзiў снег, — расказвае Аляксей ГЛУШКО, старшыня рэспублiканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Студэнцкае этнаграфiчнае таварыства”. — На вогнiшчы пяклi блiны i яечню, таму што гэтыя стравы па форме нагадваюць сонейка, якога так прагна чакаюць усе пасля доўгай зiмы. З цеста, глiны ляпiлi фiгуркi птушачак, рабiлi папяровых i саламяных жаўрукоў. Дзецi падкiдалi iх угару i такiм чынам запрашалi птушак вяртацца дадому i несцi з сабой вясну. Невыпадкова выбiраецца для абраду самае высокае месца, каб гук ад вяснянак iшоў далей. Раней дзяўчаты перагуквалiся нават цэлымi вёскамi.
Звычайна гуканне пачыналася з 1 сакавiка i працягвалася да першых палявых работ. Але абавязковымi былi гуляннi на святы Звеставання i Саракi. На Беларусi адраджэннем гэтай язычнiцкай традыцыi яшчэ ў сярэдзiне 80-х гадоў пачаў займацца гурт “Талака”. А “Студэнцкае этнаграфiчнае таварыства” вось ужо чацвёрты год запар ладзiць гуканне ў Беларускiм дзяржаўным музеi народнай архiтэктуры i побыту.
Мiханавiцкi гурт “Калыханка” — самы вясёлы ўдзельнiк свята.
— Нашай “Калыханцы” ўжо 17 год, а гэта ўжо пятае пакаленне, — адзначае “мама” калектыву Ларыса Мiкалаеўна Рыжкова. — Нашы былыя ўдзельнiцы прывялi сваiх дзетак да нас. Што рабiць, каб дзецi змалку прывучалiся цанiць роднае? Найперш самому трэба любiць сваю справу, дзецi гэта вельмi тонка адчуваюць. У Мiханавiчах увогуле стварылася своеасаблiвае асяроддзе: усе жыхары любяць фальклор.
Каля карчмы ўсе, хто з’еў замнога смачных i сытных блiноў,  мог скiнуць лiшак i заняцца народнымi вiдамi спорту.
Прымалi ўдзел у гуканнi вясны, карагодах i забавах не толькi жыхары Мiнска i навакольных вёсачак, але i госцi з далёкай Iталii. Анджэла з мястэчка Вейано, што пад Рымам, з задавальненнем падзялiўся ўражаннямi:
— Мне вельмi падабаюцца старажытныя народныя традыцыi. Мае мясцiны таксама багатыя на iх, i з гэтымi традыцыямi звязана шмат святаў i абрадаў. Мне было вельмi цiкава паглядзець на тое, як праходзяць такiя святы ў вас на Беларусi. Усё вельмi прыгожа i напоўнена глыбокiм сэнсам. Больш за ўсё мне спадабалася ваша традыцыйная архiтэктура i музыка. Я не разумею слоў спеваў, але добра адчуваю iх атмасферу. Я сам кiрую фальклорным ансамблем у Iталii, таму магу ацанiць вашу музыку.
Свята, як i ўсё добрае, хутка скончылася, але пра яго яшчэ будуць нагадваць папяровыя жаўрукi на дрэвах, сагрэтая вогнiшчам зямля i самае галоўнае — цёплая сонечная вясна. Яна ўжо не за гарамi, яна iдзе, бо яе так добра i радасна клiчуць!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter