З сакавіка мінскія кантралёры будуць працаваць без форменных камізэлек і стануць яшчэ больш непрыкметнымі для безбілетнікаў

Вясна. Кантралёры распрануцца

У сакавіку ў Мінску правядуць эксперымент: кантралёры ў трамваях будуць працаваць без форменных камізэлек. Пра гэта паведаміў начальнік кантрольна-рэвізорскай службы ДП «Мінсктранс» Юрый Давідовіч. Карэспандэнт «Р» выйшла ў рэйд разам з кантралёрамі аўтобуснага парка № 2, каб даведацца, чаму наспела неабходнасць у новаўвядзенні.


Мы знаходзімся на дыспетчарскай станцыі «Серабранка». Застаецца 15 хвілін да пачатку рэйда, і кантралёры апранаюць спецыяльную форму, якая пакуль яшчэ для іх абавязковая. Са Святланай Ажар, якая працуе кантралёрам з 2005 года, заходзім у аўтобус № 36 і, пакуль пасажыраў няма, размаўляем. Цікаўлюся ў яе, як безбілетнікі спрабуюць пазбегнуць штрафу за праезд пры сустрэчы з кантралёрам.

— Ведаеце, у нас кожны дзень шмат галаўнога болю з імі, — дзеліцца Святлана. — Так, часта замежныя студэнты робяць выгляд, што не разумеюць рускую мову. Што тычыцца нашых грамадзян, то некаторыя спрабуюць упэўніць, што нібыта прыехалі з іншага горада і не ведаюць пра існаванне кантралёраў, пра тое, што за праезд неабходна плаціць. Больш сур’ёзныя парушэнні — падробка дакументаў. Здараецца, пасажыры паказваюць фальшывыя пасведчанні інвалідаў, даведкі са школы. 

Калега Святланы дастае з кішэні і дэманструе квіткі, якія пасажыры хацелі выкарыстаць некалькі разоў. 

— Паглядзіце, — кажа яна. — Пасля таго як квіток прабіваюць, на ім застаецца інфармацыя пра час паездкі, маршрут, від і нумар транспарту. Некаторыя спрабуюць зрабіць так, каб гэты надпіс быў незаўважаным, і выкарыстоўваюць розныя сродкі: мыла, хімічны раствор, фарбы. Хтосьці адразае частку квітка ці прылеплівае туды паперу — нібыта гэта застанецца незаўважаным. 

Кантралёры ў спецыяльнай форме, якая пакуль для іх абавязковая

Аднак хітрыкі не праходзяць: той, хто пашкадаваў 60 капеек за праезд, заплаціць амаль у 20 разоў больш. Зараз штраф за безбілетны праезд складае 11 рублёў 50 капеек.

Пад’язджае аўтобус — мы накіроўваемся да ўваходу. Бачу, як некаторыя пасажыры, калі заўважаюць кантралёраў, кідаюцца да выхаду. Святлана і яе калега ўсміхаюцца і гавораць, што гэта звычайная справа. Пасля праверкі аўтобуса запыталася, што яны думаюць наконт новаўвядзення, якое плануецца. 

— Шчыра кажучы, я пакуль не разумею, добра гэта ці не, — заўважае Святлана. — Па-першае, той жа відэарэгістратар на звычайнай вопратцы будзе нязручна замацаваць. Па-другое, вы бачыце, як людзі мітусяцца, калі бачаць нас. А зараз уявіце, што ўсе яны, у тым ліку сярод іх трапляюцца і агрэсіўныя, засталіся ў транспарце і да іх зусім нечакана падыходзіць кантралёр. Безбілетнікаў лавіць будзем больш — гэта зразумела, але і колькасць канфліктаў узрасце.

Пасля чарговай праверкі кантралёры выводзяць з тралейбуса безбілетніка — студэнтку. У дзяўчыны няма з сабой ні грошай, ні пашпарта. Яна паказвае кантралёрам студэнцкі білет, каб засведчыць сваю асобу. Аднак гэты дакумент ім не падыходзіць: з 2016 года кантралёр не можа скласці пратакол на аплату штрафу без даных пашпарта пасажыра. У такіх выпадках, як, напрыклад, і з гэтай студэнткай, кантралёры выклікаюць міліцыю. 

Штраф за безбілетны праезд складае 11 рублёў 50 капеек
Фота Лізы ЦІМАШКОВАЙ

Сваё меркаванне наконт новаўвядзення выказаў у гутарцы з карэспандэнтам «Р» начальнік кантрольна-рэвізорскай службы ДП «Мінсктранс» Юрый Давідовіч:

— Ужо некалькі разоў мы мянялі форму кантралёраў, каб зрабіць яе больш непрыметнай. Але безбілетнікі ўсе роўна ўважліва сочаць за тым, каб на прыпынку не было кантралёраў, а калі бачаць іх, то ўцякаюць з транспарту, расштурхоўваючы сумленных пасажыраў. Хочацца, каб у нас такога не было. Акрамя таго, ажыццяўляць праверку на лініі без спецыяльнай формы ў гарадскім электрычным транспарце не забаронена. Мы запускаем новаўвядзенне ў якасці эксперымента, каб паглядзець, наколькі павялічыцца колькасць безбілетнікаў і ці паўплывае гэта на прыбыткі. За люты мы аштрафавалі каля 4000 пасажыраў, якія карысталіся транспартам без білетаў. Канешне, для нас важная і рэакцыя мінчан. Калі эксперымент пройдзе паспяхова, то, магчыма, новаўвядзенне распаўсюдзім на іншыя віды транспарту.

Кантралёры пачнуць працаваць у трамваях без форменных камізэлек у сакавіку, але дакладную дату пачатку эксперымента ў «Мінсктрансе» пакуль не называюць. 

Юлія МАТУЗАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter