Вясна чаруе песняй

Што раней спявалі беларусы вясной і летам?
Што раней спявалі беларусы вясной і летам? Калі вам цяжка адказаць, то даведацца пра гэта можна дзякуючы кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якая кожны год праводзіць фальклорныя канцэрты. Уваход вольны, паслухаем?



Дванаццаты этнаграфічны канцэрт «Фальклор беларускай глыбінкі». Уся камерная зала БДУКМ запоўненая. Шмат хто будзе стаяць. Але гэта нікога не турбуе, усе ўслухоўваюцца ў нязвыклую для гараджан гаворку бабуль-дзядуляў з гуртоў і ансамбляў беларускага фальклору. Апошнія — культурныя прадстаўнікі Тураўскага і Пінскага Палесся. Як яны выглядаюць! Кабеты-спявачкі — у яркіх хустках, кашулях з непаўторным узорам на грудзях, доўгіх пышных спадніцах. Вось яно, Палессе — сапраўдны носьбіт беларускай традыцыі.

Першым на сцэну выходзіць народны фальклорны ансамбль з вёскі Тонеж Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Адзінаццаць спявачак і адзіны спявак. Па зале яны гучнымі галасамі дружным хорам разносяць абрадавыя песні вяснова-летняга цыкла:  «За чарэтам зялёненькім», «Ой, гу-у, вясна!», «Вол бушуе, вясну чуе» і іншыя. Сарваўшы апладысменты, бабулі і адзіны дзядуля калектыву бянтэжацца, як дзеці. Званне народных — не нагода зазнавацца. Далей спяваюць фальклорны гурт з вёскі Церабень з аднайменнай назвай і гурт «Парачаначка» з вёскі Парэчча Пінскага раёна і таксама бянтэжацца. Добрымі вачамі яны абводзяць залу. Відаць, што такая ўвага і цікавасць да іх творчага занятку іх яшчэ больш натхняе. Ужо на сямейна-абрадавых песнях пра вяселле і радзіны яны нарэшце расспяваліся канчаткова. А калі з залы сталі падпяваць, то так разышліся, што ім нават ваду падносілі. Маўляў, бабулі, вы нам жывымі яшчэ патрэбныя. Падключыўся ансамбль «Багатуха» вёскі Камень Пінскага раёна. Заспявалі лірычныя і жартоўныя песні.


Унікальны абрад паказалі жыхары вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна.

— Прыемна, што акрамя фалькларыс-таў, спевакоў і даследчыкаў у зале ёсць і моладзь, якая імкнецца да роднай мовы і традыцый праз гук, —  кажа старшы выкладчык кафедры этналогіі і фальклору, а таксама рэжысёр і вядучая вечара Таццяна Пладунова. — З 2006 года мы запрашаем да нас самыя самабытныя і архаічныя калектывы краіны. Гурты, якія захавалі ў памяці найглыбокі пласт мыслення і паводзін традыцыйнага грамадства. Вельмі прыемна, што гэтыя калектывы змаглі наведаць Мінск і сёння.

Гурты і ансамблі завалілі ружамі, а яны слухачоў аддзячылі выдатным настроем ды новымі ведамі пра вёску на Палессі. Напрыканцы ўдзельнікам канцэрта ўручылі падзякі з подпісам рэктара і прарэктара БДУКМ — «За зберажэнне і папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі». Дзякуй ім за захаванне традыцый. Час і нам, маладым, захоўваць іх. Яшчэ прыйдзем паслухаць?


alinakasel@gmail.com

Фота Iвана ЛУЖЫНСКАГА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter