Вясковыя ўладары – зноў капыляне

У ТРЭЦІ раз пераможцай Мінскага абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі” стала маладая сям’я з Капыльскага раёна

На конкурсе, які праводзіўся ў мінулую суботу на базе адпачынку “Сонечная паляна” ў Бярэзінскім раёне, самымі актыўнымі, крэатыўнымі і спрытнымі прызнаны Святлана і Валерый Лазарэвічы з аграгарадка Бабоўня.

Зрэшты, усе 15 фіналістаў дастойна праявілі сябе ў розных спаборніцтвах за права быць “вясковымі ўладарамі”. Сапраўдная палітра талентаў і захапленняў, творчых здольнасцей была прадстаўлена ў конкурсе візітовак “Вітаем па-беларуску”. У дапаўненне кожны з удзельнікаў аформіў міні-выставу з работ па вышыўцы, разьбе па дрэве, саломапляценні і іншых.

Потым канкурсанты паказвалі сваё ўменне ў запрэжцы каня, чым займалася мужчынская палова. А вось здымалі конскую збрую жанчыны. Гаспадары секлі дровы, а гаспадыні іх складвалі. Інтэлектуальны конкурс датычыўся народных традыцый і свят. У сельскай спартыўнай эстафеце пары пераадольвалі водныя перашкоды і збіралі бульбу. Мужчыны таксама паказвалі свой спрыт у вязанні венікаў.

Атрымаць перамогу сям’і Лазарэвічаў дапамагло тое, што муж і жонка не толькі ўмела спраўляюцца з сялянскай работай, але і шмат чым захапляюцца. Святлана — пастаянны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці ў Лясноўскай школе, дзе яна працуе настаўніцай. Валерый — неаднакратны прызёр абласных і раённых спаборніцтваў па гіравым спорце. Цяпер яны рыхтуюцца да фіналу праекта, які адбудзецца ў Жлобіне падчас рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2013”. Бясспрэчна, у барацьбе за тытул “Уладара вёскі” ім прыйдзецца нялёгка. Аднак тры перамогі запар сямей сталічнага рэгіёна (2009—2011 гады), у тым ліку і адна — прадстаўнікоў Капыльшчыны, натхняюць іх на максімальную “выкладку”.

Алена КЛІМОВІЧ, «БН»

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter