Удыхнуць жыццё можна нават у вёску, дзе не засталося ніводнага жыхара

Вясковы рэнесанс

Калі б мяне папрасілі некалькімі словамі сказаць пра загадчыцу аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларысу Быцко, думала б нядоўга. Творчая, непаўторная... Лідар. Прыгажуня. Пра такіх кажуць “чалавек-аркестр”. Ларыса Мікалаеўна пра народную творчасць, ды і творцаў таксама, ведае, мабыць, усё. З мінулага года таленавіта творыць сама як гаспадыня нязвыклай творчай прасторы — аграсядзібы “Стулы” на Пружаншчыне.


Мы сядзім каля каміна  “альтанкі” —  так Ларыса Мікалаеўна называе драўляны, з вялікімі вокнамі, будынак, які ў канцы мінулага года вырас сярод лесу ў вёсцы Стойлы Пружанскага раёна. Пасля таго як пайшоў два гады таму з хутара за Стойламі ў іншы свет народны майстар Мікола Тарасюк, тут не засталося ніводнага жыхара, а Ларыса Мікалаеўна разам з мужам узяла ды, як парашут з неба, спусціла на неперспектыўную вёску жыццё — стварыла культурна-адукацыйны цэнтр “Вясковы рэнесанс”.

— Адродзіцца вёска? — пытаюся.

— А хто яго ведае? — Ларыса Мікалаеўна задуменна глядзіць на хатку, якую яны купілі з мужам. Там цяпер вада, святло. Цывілізацыя. У хляве — глядзельная зала, кінатэатр. Пад старымі яблынямі — вулічны рэстаран. — У мінулым годзе, калі мы яшчэ не пабудавалі наш “Вясковы рэнесанс”, прыехала да нас 48 маладых людзей з Варшавы. Я вельмі адмаўлялася ад візіту, бо яшчэ не было аніякай магчымасці прыняць столькі госцей. Але яны ўжо надта прасіліся, бо ў жыцці не бачылі вёску без жыхароў пасярод Белавежскай пушчы, і мы пагадзіліся. Думалі, дзе ім арганізаваць абед, і тут нам будаўнікі прывезлі фальц — бляху на дах — для будучага цэнтра. Гляджу на паддоны ад фальца і разумею, што Усявышні прыслаў нам стол для варшаўскай моладзі. Вось тады і нарадзіўся ў нас у сядзібе “Яблыневы рэстаран” пад старымі дрэвамі.

Сама Ларыса Быцко родам з Драгічыншчыны. З прыгожай вёскі Агдэмер. Чаму купілі хату ў Стойлах?  Бо часта тут бывалі ў Міколы Тарасюка. Ларыса Мікалаеўна ўспамінае, што першы раз узнікла такая думка падчас беларуска-шведскага праекта:

— І вось з гэтымі шведамі сядзім на прызбе і “палуднуем”, як дзед Тарасюк казаў. А я гляджу вакол — такая бясконцасць прасторы! Поле, за ім рэчка, лес... Чаму б не купіць тут сабе дамок? А пазней неяк з мужам размаўлялі, і ён кажа: “Чаго мы туды-сюды матляемся, давай купім хату, будзе дзе пераначаваць”.

Дарэчы, хто такі Мікола Тарасюк, ведаеце? Адзіны на ўсю Беларусь чалавек, які сам разам са сваім драўляным народам быў унесены у Спіс нематэрыяльнай спадчыны краіны! Але, можа, жыў бы ён ціха, выразаў бы свае кампазіцыі на пацеху аднавяскоўцам, калі б не сустрэча з Ларысай Мікалаеўнай. Вакол Тарасюка заўсёды было нейкае шоу, нейкі цуд, і яна адкрыла  яго свету. Пасля смерці майстра так хацелася Ларысе Быцко нешта зрабіць для яго памяці і яна прыдумала  пленэр мастакоў і разьбяроў “Сцежкамі Міколы Тарасюка”, прымеркаваны да даты нараджэння майстра:

— На дапамогу прыйшло нямецкае Прадстаўніцтва асацыяцыі народных універсітэтаў у Беларсуі DVV International, адгукнуўся Пружанскі райвыканкам.

А майстры працавалі над мемарыялам  у Стойлах на валанцёрскіх пачатках, хаця праца з дрэвам фізічна цяжкая, не гаворачы пра творчы патэнцыял. Так нарадзілася на радзіме Міколы Тарасюка  першая драўляная скульптурная кампазіцыя, помнік майстру. А ў 2016 годзе быў ажыццёўлены яшчэ адзін праект, вынікам якога стаў новы  арт-аб’ект, прысвечаны беларускаму самародку.

Мінулай зімой у культурна-адукацыйным цэнтры “Вясковы рэнесанс” з’явілася батлейка — народны тэатр з драўлянымі лялькамі. Сапраўдны мастацкі твор, бо стваралі яго лепшыя майстры народнай творчасці Брэсцкай вобласці, сябры грамадскага аб’яднання аматараў мастацтваў “Тур”.

Ларыса Мікалаеўна кажа, што пра батлейку раней мала што ведала:

— Гэтая батлейка мне прыснілася. Я ў сне ўбачыла, як яна павінна выглядаць.

У пачатку сёлетняга красавіка распачалі ў Стойлах летні сезон. Ларыса Мікалаеўна захоплена расказвае, як кружылі  журавы, як спявалі на ўсе, якія толькі можна, галасы птушкі:

— Мы сабралі процьму люду і ладзілі са студэнтамі Брэсцкага ўніверсітэта імя Пушкіна пленэр “Выцінанка-фіранка”, а з дзецьмі і дарослымі гукалі вясну, спальвалі зіму. Наладзілі сустрэчу з паэтэсай і культуролагам Антанінай Хатэнка і музыкантам Касяй Радзівілавай. Праводзілі майстар-класы па разьбярстве і стваралі новы спектакль для батлейкі.

Во дзе жыццё! Ні хвіліны спакою, ні дня адпачынку. Ларыса Мікалаеўна кажа, што без мужа Аляксандра наўрад ці здолела б зрабіць столькі:

— Мне шчасціць, што ўся сям’я, сваякі і сябры не проста падтрымліваюць мае праекты, а дапамагаюць канкрэтнымі справамі. Муж у вольны час “пера-кваліфікоўваецца” ў работніка культуры.  І на маёй працы, і ў маіх прыватных справах адна місія: зберажэнне спадчыны.

Дарэчы, разам с Аляксандрам яны ладзяць фестываль на радзіме яго продкаў на Кобрыншчыне, у апошнюю нядзелю верасня. Таму і далі такую рамантычную назву — “Вераснёвым днём у рэўні”. А на Вялікдзень адрадзілі традыцыю, якая бытавала тут у 50-я гады мінулага стагоддзя — катанне велікодных яек.

Ларыса Мікалаеўна — ініцыятар не аднаго вядомага ў краіне мерапрыемства: абласных святаў-конкурсаў фальклорнага мастацтва, этнаграфічнага праекта “Рух зямлі”. І, вядома, міжнароднага пленэра ганчароў у вёсцы Гарадная на Століншчыне. Дзякуючы пленэрам у Гарадной створаны сапраўдны музей ганчарства, у якім экспануюцца ганчарны посуд і керамічныя вырабы прадстаўнікоў

16 краін. Не ведаю больш месца, дзе можна было б пабачыць такія розныя і па форме, і па колеры вырабы з гліны: “сямак”, “збан”, “злівач”, “пододінэц”, “одінэц”, “рыньку”, “клечык”, “макотра”, “баньку”...

А яшчэ Ларыса Быцко — заснавальніца ордэна “За вернасць Бацькаўшчыне”. Вось што яна кажа пра гэта:

— Калі напрыканцы года ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” рыхтавалася выстава “Мікола Тарасюк і яго драўляны народ”, мы вырашылі парадаваць старога чалавека і прыдумалі яму ордэн. Хацелі выразаць з дрэва. А пасля вырашылі звярнуцца да знакамітага мастака-эмальера, аўтара адроджанага Крыжа Еўфрасінні Полацкай Міколы Кузьміча. Дзякуй Богу, ён адгукнуўся. Сам прывёз яго і ўручыў дзеду. Ох які шчаслівы быў майстар на гэтым вернісажы! Памятаю, што Мікалай Васільевіч ажно пацалаваў Кузьмічу руку і заплакаў. Вельмі кранальна! Пасля гэтага мы і вырашылі ўганароўваць народных творцаў і мастакоў, якія пражылі вялікае творчае жыццё і шмат зрабілі для сваёй Бацькаўшчыны. А на сёлетнюю Вербніцу ўручылі ордэн Ларысе Мікалаеўне Лось — за нястомныя намаганні па ўслаўленні саломкі і ў сувязі з 90-годдзем.

Мне здаецца, пра Ларысу Мікалаеўну даўно трэба каму-небудзь кнігу напісаць. А яна кажа, што сама напіша:

— Калі мы з мужам усё адужаем, — напішу сагу пра сваё будаўніцтва і пра шлях да “Вясковага рэнесансу”.

Вядома ж, такім вопытам трэба дзяліцца. Ларыса Быцко — незвычайная жанчына, лічыць, што кожная вёска — гэта цэлы Сусвет. І  калі нават не застаецца ў вёсках жыхароў, трэба, каб застаўся гэты Сусвет у нашых каранях, на ўзроўні генетычнай памяці.

valentinak3@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter