Вясковы краявід

Этнакультурны комплекс будуецца ў Мядзельскім раёне
Этнакультурны комплекс будуецца ў Мядзельскім раёне

Інвестыцыйны праект, адметны сваёй арыгінальнасцю, рэалізуецца ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця Нарачанскага рэгіёна на 2011—2015 гады. Аналагаў яму ў нашай краіне няма. Комплекс узводзіцца за сродкі прыватнага iнвестара і каштуе каля 6 млн. долараў. Мяркуецца, што ён зробіць свой важкі ўнёсак у турыстычную прывабнасць азёрнага краю.




Вёска Наносы, ля якой ідзе будаўніцтва, — месца надзвычай маляўнічае. Яна размясцілася на мысе, што накіраваўся далёка ў возера, і Нарач лашчыць яго сваімі лагоднымі хвалямі. Сасновы лес даруе чыстае, гаючае паветра, цішыня і спакой — месца для адпачынку ідэальнае. Менавіта тут хутка павінен адкрыцца этнакультурны турыстычны агракомплекс, дзе госці будуць не толькі знаёміцца з самабытнымі традыцыямі беларусаў і асаблівасцямі мясцовага побыту. Што самае важнае і цікавае — яны стануць непасрэднымі ўдзельнікамі ўсіх падзей, што маюць адбыцца ў вёсцы, змогуць навучыцца рамяству і гаспадарскім справам, даглядаць свойскую жывёлу і пячы хлеб.

Цікава, як жа ўсё гэта будзе? На экскурсію па вёсцы, якая ўжо набыла свае яўныя абрысы, нас суправаджае вядучы інжынер будаўніцтва аб’екта Алег Кулак. Такім чынам, усё спланавана разумна. Дванаццаць гасцявых дамоў размешчаны вельмі зручна. Дзесяць з іх — аднапавярховыя, а два — двухпавярховыя, так бы мовіць, для больш заможнага адпачынку, хоць падзел гэты даволі ўмоўны. Дызайн кожнага арыгінальны, але аб’яднаны адной канцэпцыяй — інтэр’ер стылізаваны пад даўніну: свяцільні, мэбля, фіранкі з элементамі беларускага традыцыйнага арнаменту, маляванкі на сценах і гэтак далей. Самае цікавае, на што трэба паглядзець, — гэта печы, яны ёсць ва ўсіх дамах. Шматфункцыянальныя, з лежакамі, месцамі для сушкі адзення і абутку і нават вяндлярняй. Але, зноў жа, кожная мае свае дызайнерскія адметнасці. Паклапаціліся пра гэта два адмысловыя майстры, унікальныя печнікі. Дзякуючы рашэнням аднаго з іх па выкарыстанні цэглы цеплааддача павялічваецца на 20 %. Літаральна невялікага бярэмя дроў дастаткова для таго, каб у доме надоўга было цёпла. А другі прапанаваў сваё бачанне ў выкарыстанні аддзелачных матэрыялаў і аўтарскае афармленне са стварэннем вобразаў зімы і лета. Пры кожным доме — лазня з парылкай, а на падворках ёсць пабудовы для ўтрымання свойскай птушкі. Так што свежая яешня гасцям гарантавана.

Дарэчы, прадукцыю да стала турыстаў мяркуецца дастаўляць з дапаможнай фермерскай гаспадаркi, што знаходзiцца ў вёсцы Абрамы. Там жа госці змогуць навучыцца даiць карову і ўвогуле даглядаць жывёлу.

Прагульваючыся па вёсцы, мы бачым, як на верхнiм i нiжнiм ставах усталёўваецца вадзяны млын. Агульнабудаўнічыя работы ўжо завершаны, зараз ідзе мантаж вадзянога кола. Ля яго плануецца зрабіць і пякарню, каб, змалоўшы зерне, можна было тут жа ўласнымі рукамі замясіць цеста і спячы духмяны хлеб. Недалёка і стары ветраны млын, зроблены яшчэ ў XVIII стагоддзі, а сюды перавезены з Магілёўскай вобласці.

— Насупраць, вось гэты прыгожы будынак, — манеж-стайня, дзе будуць утрымлівацца коні, а каля яго абсталявана тэрыторыя для выездкі. Пагарцаваць пад пільным наглядам інструктара зможа любы госць, а таксама накіравацца на конную прагулку ці пакатацца ў карэце. Калекцыю прадметаў даўніны і народнай творчасці прадставіць этнаграфічны музей. А на гандлёвай плошчы бу-дзе абсталяваны міні-рынак. Мяркуецца, што ён стане бойкім месцам, дзе магчыма набыць натуральныя і свежыя прадукты харчавання, розныя сувеніры, прылады, якія робяць мясцовае насельніцтва, мясцовыя фермеры, і яшчэ тое, што вырабіць наша гаспадарка, — распавядае Алег Кулак.

Увагу прыцягвае і яшчэ адзін цікавы будынак. Аказваецца, што гэта адміністрацыйнае памяшканне, а ля его — пажарнае дэпо, дзе размесціцца спецыяльная тэхніка. Несумненна, апраўданы падыход, бо пабудовы ў вёсцы драўляныя, і ў выпадку непрадбачанай сітуацыі трэба рэагаваць тэрмінова.

За стылістычнай аднастайнасцю комплексу пільна сочыць канцэпт-менеджар праекта, архітэктар Павел Голуб. Паводле яго слоў, у аснову архітэктурна-будаўнічага рашэння пакладзены два асноўныя прынцыпы: экалагічная чысціня і нацыянальны каларыт. Хочацца дадаць і тое, што пры ўсім гэтым паўсюдна прысутнічаюць патрэбныя атрыбуты выгод і камфорту, але зроблена гэта вельмі ненадакучліва і на першы погляд нават незаўважна.

Абслугоўваць адпачываючых будзе персанал, як мінімум, з 70 чалавек, а гэта новыя працоўныя месцы. Мяркуецца, што першых сваіх пастаяльцаў комплекс у Наносах прыме ў наступным годзе.

Марына БАРАДАЎКА, «Р»

Фота БЕЛТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter