Беларусь Сегодня

Минск
+16 oC
USD: 2.04
EUR: 2.32

Послание весейских школьников потомкам в 2062 год

Вясея: ад Пакроваў да паслання нашчадкам

Як сведчаць раскопкі археолагаў, плямёны дрыгавічоў пасяліліся на слуцкіх землях у VІІ—VІІІ стагоддзях. Даследчыкі вызначылі пасяленні першабытных славян на ўзбярэжжы Вясеі, якая поіць крынічнымі водамі прыток Прыпяці — раку Случ. 

Да сярэдзіны ХІІ стагоддзя гэтымі мясцінамі валодалі тураўскія князі, а потым тут гаспадарыў чарнігаўскі князь Святаслаў Вольгавіч, магнаты Алелькавічы, Радзівілы, Вітгенштэйны. 

Паселішча Вясея ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў дакументах Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд Паўночнай вайны, якая доўжылася з 1700 па 1721 год.

Праз вёску пралёг вядомы Кацярынінскі шлях, па якім у 1812 годзе рухаліся на ўсход напалеонаўскія войскі. На прылеглым да сялянскіх сядзіб полі адбыўся жорсткі бой паміж расійскімі і французскімі войскамі.



З сярэдзіны ХІХ стагоддзя маёнткам валодалі памешчыкі Кандратовіч, Пясляк, Бараноўскі. Дзейнічалі кузня, ветраны млын, капліца, хлебны магазін, шавецкая і кравецкая майстэрні, школа. Тут жылі самародак-скрыпач Самсон Фурсевіч і арыгінальны казачнік Юрый Заяц.

Не мінулі вёску ваенныя падзеі мінулага стагоддзя. Помнікам ушанавана памяць 150 землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

У першыя гады савецкай улады на базе параднага двара сядзібы памешчыка Кандратовіча была створана сельскагаспадарчая камуна «КІМ». Потым яна стала калгасам, рэарганізаваным у КСУП «Вясейскі Пакроў». Цэнтральная сядзіба гаспадаркі — вёска Вясея — у 2011 годзе атрымала статус аграгарадка Слуцкага раёна.

Тут нарадзіўся Канстанцін Давідоўскі — штурман-навігатар першага экіпажа касмічнага «Лунахода-1».

Ажыўлены шлях, што пракладзены з Масквы да Варшавы ў часы ўладання расійскай імператрыцы Кацярыны, падзяляе Вясею на дзве часткі. Паралельна з дарогай пралегла чыгунка з Асіповіч на Баранавічы. Двухпавярховыя катэджы, прасторныя дамы, адміністрацыйныя будынкі аграгарадка, па якім адправіўся вандраваць, схаваліся пад густымі шатамі высокіх разгалістых дрэў. Даволі часта па аўтатрасе курсіруюць маршруткі, некалькі разоў на чыгуначнай станцыі Паўстынь, што за дзесяць кіламетраў, спыняюцца пасажырскія цягнікі. Раней даводзілася бываць у гэтым прыгожым населеным пункце.

Былы кіраўнік ААТ «Вясейскі Пакроў» Лілія САВАНОВІЧ і сённяшні дырэктар Людміла САВАНОВІЧ.

Звыш дваццаці гадоў мясцовым калгасам кіравала мудрая сялянка Лілія Міхайлаўна Савановіч. Па многіх эканамічных паказчыках гаспадарка не ўступала вядомаму на ўсю рэспубліку лучнікоўскаму калгасу, які ўзначальваў Мікалай Ільіч Васілевіч. З прыбытку ўзводзіліся жылыя дамы, жывёлагадоўчыя фермы, збожжасховішчы, майстэрня па рамонце тэхнікі, сацыяльна-бытавыя пабудовы.

Больш прывабнай станавілася цэнтральная сядзіба — вёска Вясея. У цэнтры яе побач з былым памешчыцкім паркам паўсталі будынкі тыпавой сярэдняй школы, дзіцячага садка, Палаца культуры. Старэйшыя вяскоўцы ў гады масавага атэізму звярнуліся да старшыні з прапановай узвесці на могілках невялікую праваслаўную каплічку, каб было дзе адпяваць нябожчыкаў. Менавіта з успамінаў пра гэту незвычайную падзею пачалася размова з Ліліяй Савановіч. 

Завіталі да яе з дырэктарам ААТ «Вясейскі Пакроў» Людмілай Савановіч. Восьмы год яна ўзначальвае гаспадарку. Вадзіцелем працуе муж Сяргей Васільевіч. Цешаць іх тры ўнукі. Пацікавіўся ў Людмілы Аляксееўны, ці не сваякі яны з Ліліяй Савановіч. У адказ пачуў, што аднавяскоўцы. У іх роднай слуцкай вёсцы Лучнікі многія маюць гэта прозвішча.

Ветэран вайны і працы Мікалай МАЛЕЦКІ.

З Ліліяй Міхайлаўнай не бачыліся дзясятак гадоў. Праз невялікі дворык, усцелены жывым абрусам пярэстых кветак з аблітымі белым кіпенем вішнямі, прайшлі ў двухпавярховы катэдж. Нас сустрэла непадуладная часу абаяльная гаспадыня. Некалькі гадоў таму яна аўдавела. Сын з нявесткаю маюць сваё жыллё. Лілія Міхайлаўна сама ўпраўляецца па доме, трымае ў парадку агародчык, кветнік і садок. Не адышла і ад грамадскіх спраў. Цікавіцца вытворчай дзейнасцю калектыву, якому аддала значную частку жыцця, дапамагае мудрымі парадамі. Дзякуючы яе рашучасці і настойлівасці замест каплічкі Вясею ўпрыгожыў мураваны храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Тады, на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, намеснік настаяцеля Жыровіцкай абіцелі архіепіскап Гурый здзівіўся смеласці калгаснага кіраўніка.

Бласлаўленне на ўзвядзенне храма атрымалі ад Мітрапаліта Філарэта. Талакою працавалі і хутка справіліся з будоўляй. Набажэнствы праводзіць настаяцель айцец Генадзь Станкевіч.

Калі калгас, які насіў імя Сярго Арджанікідзэ, рэфармавалі ў адкрытае акцыянернае таварыства, Лілія Міхайлаўна прапанавала даць яму назву «Вясейскі Пакроў». Так і зарэгістравалі. Галоўнае свята аграгарадка ў дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы пачынаецца з набажэнства. Потым усіх запрашаюць у Дом культуры на ўрачысты канцэрт.

Галоўны заатэхнік ААТ «Вясейскі пакроў» Таццяна БОНДАР і спецыяліст Таццяна ПЕНЯЗЬ.

Ганаровы госць урачыстасці ветэран вайны і працы Мікалай Захаравіч Малецкі размяняў дзясяты дзясятак. Завіталі да вясейскага старажыла. Уразіла чысціня і парадак на двары і ў прасторным доме. Маладосць Мікалая Захаравіча выпала на ваенны час. Пасля вызвалення Случчыны ад гітлераўцаў восенню 1944 года яго прызвалі ў армію. Пачынаў ваенную службу ў 45-й вучэбнай стралковай дывізіі, дзе рыхтавалі сяржантаў. Шэсць гадоў адслужыў у Польшчы. Быў старшынёю роты. Завяршыў службу малодшым лейтэнантам. Узнагароджаны баявымі медалямі «За перамогу над Германіяй» і «За баявыя заслугі». Парадны касцюм упрыгожвае і медаль «За працоўную адзнаку». Пасля жаніцьбы завербаваўся на лесараспрацоўкі. З поўначы прывёз у Вясею 65 метраў кубічных будаўнічага лесу і сваімі рукамі ўзвёў дом. Да выхаду на пенсію працаваў у сельгастэхніцы. З жонкаю Вольгай Раманаўнай, якая ўжо на нябёсах, выхавалі трох дачок. Адна з іх — Ірына — засталася ў бацькоўскім доме.

Жывёлаводы муж і жонка Валерый і Таццяна КРАЎЧУКІ.

Многія сем’і ў аграгарадку прыватызавалі жыллё, атрыманае ад сельгаспрадпрыемства. Амаль дзве з паловай сотні кватэр пабудавана ў гаспадарцы, да якой некалькі гадоў таму далучылі суседнюю з цэнтральнай сядзібай у аграгарадку Мялешкі. Колькі вясковай дыпламатыі прыклала дырэктар Людміла Савановіч, каб аб’яднаць калектыў. Штодня ў пяць гадзін раніцы праводзіла нарад у Мялешках, а праз гадзіну-паўтары такі ж нарад у Вясеі. Ледзьве паспявала, але вытрымала. Дапамагалі кіраўніцтва раёна, суседзі. З насеннем азімых збожжавых выручыў тагачасны старшыня лучнікоўскай гаспадаркі Барыс Клешчукевіч.

Сёння ААТ «Вясейскі Пакроў» — адно з лепшых сельгаспрадпрыемстваў раёна. Асноўны прыбытак ад рэалізацыі малака і мяса. З пяці тысяч галоў буйной рагатай жывёлы амаль палова — дойны статак. Летась ад кожнай каровы атрымана звыш шасці тысяч кілаграмаў малака.

Дырэктар сярэдняй школы Марта ВЯДЗЁРКА з выхаванцамі.

Са спецыялістам ААТ «Вясейскі Пакроў» Таццянай Пенязь і галоўным заатэхнікам Таццянай Бондар адправіліся на малочна-таварную ферму № 1, што на ўскрайку аграгарадка. Па дарозе даведаўся: галоўны заатэхнік яшчэ і маці-гераіня. Муж яе Алег Уладзіміравіч — механізатар. Прафесію інжынера па сельгасмашынах атрымлівае ў сталічным аграрна-тэхнічным універсітэце старэйшы сын. Двое малодшых — школьнікі. Таццяна Бондар чвэрць стагоддзя працуе галоўным спецыялістам гаспадаркі. 

Калі прыехалі на ферму, закончылася ранішняя дойка і жывёлаводы наводзілі парадак. У суседнім цялятніку таксама кіпела праца. Даглядчык Валерый Краўчук на кані прывёз з сянажнай траншэі фураж. Каля цялятак увіхалася яго жонка Таццяна Уладзіміраўна. З гонарам адзначыла яна, што амаль трыццаць гадоў працуе на ферме. Ад гаспадаркі атрымалі катэдж на чатыры пакоі. Дзве дачкі ўжо маюць свае сем’і, жывуць асобна.

Загадчыца школьнага краязнаўчага музея Валянціна БЕЗЫНА і вучні.

Начальнік вытворчага ўчастка № 1 Канстанцін Пенязь, з якім сустрэліся на мехдвары, чакаў вяртання тэхнікі з кукурузнай плантацыі. За некалькі дзён на палях участка механізатары справіліся з сяўбой цеплалюбівай культуры на плошчы 400 гектараў. Усяго ў гаспадарцы звыш 6000 гектараў ворыва. Тэхніка новая, у полі не падводзіць. За апошнія гады машынна-трактарны парк абноўлены. Моладзь з ахвотаю папаўняе атрад механізатараў, жывёлаводаў. Засталіся працаваць у гаспадарцы выпускнікі сярэдняй школы Яўген і Мікалай Карцелі, Максім Міхаленя, Валерый Краўчанка, Анатоль Сурмачэўскі, Валянціна Шабунька, Таццяна Тонка, Вольга Малейчук.

Пасля заканчэння Беларус­кай дзяржветакадэміі атрымала накіраванне на працу ў Вясею Вольга Каховіч. Выйшла замуж. Муж Аляксей Аляксеевіч дыплом ветурача атрымаў у Гродзенскім дзяржсельгасуніверсітэце. Маладой сям’і гаспадарка выдзеліла катэдж. Падрастаюць дачка і сын.

Педагог Генадзь САК праводзіць урок працоўнага навучання.

Са старадарожскай вёскі Языль прыехала настаўнічаць у сярэднюю школу Марта Вядзёрка, з якою сустрэліся. Выкладала гісторыю, а летась узначаліла педкалектыў. Усцешвае Марту Уладзіміраўну, што колькасць навучэнцаў трымаецца на ўзроўні. Запоўнены выхаванцамі дзіцячы садзік. Школа ганарыцца сваімі вядомымі выпускнікамі. 

Штурманам-на­ві­га­та­рам першага экі­па­жа «Лунахода-1» увай­шоў у гісторыю касманаўтыкі выха­ва­нец Канстанцін Да­ві­доўскі. Ён часта прыязджаў да зем­ля­коў. У школьным кра­язнаўчым музеі, якім загадвае педагог Валянціна Безына, слыннаму земляку прысвечаны стэнд. Шмат матэрыялаў сабралі юныя краязнаўцы пра ўдзельнікаў вайны, партызан, вядомых аднасяльчан. Кампазітарам і артыстам народнага ансамбля народнай песні «Бяседа» стаў Мікалай Алешка.

Загадчыца сталовай Любоў ЕСЬМАН.

У краязнаўчым музеі сабраны ўнікальныя экспанаты. Сялянка Таццяна Новік перадала эксклюзіўны ручной работы буфет, выраблены народнымі ўмельцамі ў канцы пазамінулага стагоддзя. Побач з ім экспануюцца старадаўнія абразы, сабраныя ў вяскоўцаў. Школьны калідор нагадвае карцінную галерэю, дзе выстаўлены творы членаў мастацкага гуртка.

Цікава праходзяць урокі працы. Настаўнік Генадзь Сак з навучэнцамі збудавалі альтанку, абладзілі пляж ва ўрочышчы Муцьвіца на рэчцы Вясейка. Для старшакласнікаў летась адноўлена выкладанне асноў сельскай гаспадаркі. Заняткі пра­во­дзяць педагогі Тамара Пабядзінская і Жанна Салановіч.

Мінулагодняй восенню школьнікі напісалі пасланне моладзі 2062 года, калі іх альма-матар споўніцца 150 год. Капсулу са зваротам да нашчадкаў урачыста замуравалі ў сцяну школы. У Вясеі шануюць мінулае, дбаюць пра сённяшні дзень, ствараюць падмурак надзейнага будучага.

Слуцкі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Загрузка...
Новости и статьи