Чым парадуе XII Міжнародны тэатральны форум “М@rt.контакт”

Вясенні марафон

За тыдзень у Магілёве пакажуць 22 спектаклі з дзесяці краін
Такім насычаным выдасца XII Міжнародны тэатральны форум “М@rt.контакт”, які распачнецца ўжо ў наступны аўторак, 21 сакавіка. Свае пастаноўкі прадставяць калектывы з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Арменіі, Грузіі, ЗША, Літвы і Аўстрыі. Багатая не толькі геаграфія ўдзельнікаў, але і афіша, якая стракаціць спектаклямі, рознымі з пункту гледжання драматургіі, відаў тэатра і форм тэатральнай мовы.

белта

Да прыкладу, Алмацінскі тэатр Байтэна Амарава “Жас Сахна” адкрые фестываль спектаклем “Аднакласнікі. Урокі жыцця”, які быў удастоены Гран-пры Міжнароднага фестывалю вялікіх спектакляў малой формы “АrtОкраина” і прызнаны лепшай пастаноўкай у горадзе Алматы ў 2015 годзе. Тэатр драмы імя Фёдара Волкава з Яраслаўля парадуе камедыяй “Месяц у вёсцы” паводле твораў Івана Тургенева, якая вылучалася на Нацыянальную тэатральную прэмію “Залатая маска” ў шасці намінацыях. Адразу два калектывы — тэатр-студыя “Невялікі драматычны тэатр” з Санкт-Пецярбурга і тэатр-студыя з Вільнюса — прадставяць спектаклі па адным і тым жа творы “Браты Карамазавы”, і ў гледачоў будзе магчымасць параўнаць розныя тэатральныя мовы. Цікавасць павінны выклікаць шоу “33 (кабарэ)” Брэмнера Д’юці з Нью-Ёрка і stand up show “Калі б я быў татам” Айка Петрасяна з Ерэвана.

Парадуе магілёўскіх тэатралаў і беларуская праграма. Адну са сваіх самых яркіх пастановак — спектакль Дзмітрыя Багаслоўскага “Саша, вынесі смецце” — пакажа Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прывязе папулярны спектакль “Гэта ўсё яна”, пастаўлены пры падтрымцы Інстытута імя Гётэ. А Магілёўскі абласны тэатр лялек прэзентуе монаспектакль “Сіняя-сіняя” з удзелам лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі Мікалая Сцешыца. Аднайменны расказ Уладзіміра Караткевіча перанёс на сцэну малады, але ўжо вядомы рэжысёр Ігар Казакоў.

Штодзень магіляўчан чакаюць па тры-чатыры пастаноўкі, якія будуць праходзіць на некалькіх пляцоўках — у абласным драматычным тэатры, абласным тэатры лялек, канцэртнай зале “Магілёў” і нават у Музеі этнаграфіі. Вось дзе сапраўды тэатральны марафон! Акрамя таго, для ўдзельнікаў і гасцей форуму падрыхтавана багатая спецыяльная праграма. Падчас фестывалю будуць прэзентаваны кніга Андрэя Масквіна “Беларускі тэатр 1920—1930-х: адабраная памяць” і фотапраект “28”. Прадугледжаны прэс-канферэнцыі, абмеркаванні тэатразнаўцамі спектакляў, майстар-класы ад сапраўдных карыфеяў тэатральнага мастацтва і многае іншае. А вось прафесійнага журы ў гэтым годзе не будзе.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter