Вясельны фолк

Сёння традыцыйныя беларускія вясельныя песні могуць стаць гэткім жа модным упрыгожваннем на свяце маладых, як нябесныя ліхтарыкі і фантаны шампанскага

Сёння традыцыйныя беларускія вясельныя песні могуць стаць гэткім жа модным упрыгожваннем на свяце маладых, як нябесныя ліхтарыкі і фантаны шампанскага

Этна-фолк-гурт GUDA выпусціў унікальны альбом з вясельнымі абрадавымі спевамі. Праект “Вяселле”, над якім працавалі восем гадоў, удзельнікі гурта называюць самым складаным у сваім жыцці. У альбом увайшлі больш за тры дзясяткі абрадавых вясельных песень, а таксама апісанні цікавых фрагментаў вяселля, якія можна ўвасобіць у сучасных умовах. Праект выйшаў пры падтрымцы Беларускага народнага банка.

З бабулінага куфэрка

Чаму GUDA вырашыла звярнуцца менавіта да вясельных традыцый, растлумачыла кіраўнік гурта Вікторыя Міхно:

— Вясельныя абрады — тая частка нашай традыцыйнай спадчыны, якая існуе і сёння, але ўвасоблена яна ў нейкіх іншых формах. У многіх краінах старажытныя традыцыі выкарыстоўваюцца і ў сучасных абрадах, а ў нас чамусьці яны ўжываюцца вельмі рэдка. Мы падумалі, што гэта не зусім справядліва, тым болей што нашы “сівыя” абрады такія відовішчныя, глыбокія. І было б проста няслушна забыць пра іх.

Альбом мае ў першую чаргу практычнае значэнне і прызначаецца для маладых пар, якія вырашылі пабрацца шлюбам.

— Традыцыйныя вясельныя спевы могуць стаць добрым упрыгожваннем сучаснага свята, не падобным да таго, што можа прапанаваць забаўляльная індустрыя, — лічыць Вікторыя. — Да таго ж сёння ўсё больш модным становіцца брацца шлюбам не ў белых сукенках і класічных касцюмах, а ў нацыянальных строях, і ўключаць у вяселле элементы традыцыйнага абраду.

Мудрасць у галасах

Першая версія альбома была запісана яшчэ ў 2005 годзе.

— Але, паслухаўшы яго, мы зразумелі — штосьці не так. Вырашылі, што ўсё пераробім, — успамінае Вікторыя.

“Пераробка” заняла аж восем гадоў. Для рэалізацыі праекта прыйшлося выхаваць цэлае пакаленне спявачак. Дзякуючы іх таленту, выканальніцкаму майстэрству, паглыбленню ў традыцыю альбом і пабачыў свет.

— Наш галоўны поспех у тым, што спявачкі здолелі перадаць вопыт мінулых пакаленняў, народную мудрасць, уласцівую дадзенаму жанру. Не адразу ў нас гэта атрымалася, — расказвае Міхно. — Прыйшлося нямала папрацаваць, каб у голасе маладых дзяўчат з’явіліся гэтыя самыя мудрасць і спеласць. Відаць, дапамагло і тое, што за час падрыхтоўкі праекта спявачкі самі выходзілі замуж, і на іх вяселлях гучалі гэтыя песні.

Паколькі ў нашай краіне няма вёсак, дзе вясельныя песні выконваліся б аднолькава, у альбоме яны сабраны з розных рэгіёнаў — каб слухачы змаглі адчуць усё багацце беларускіх спеўных традыцый.

Песні замест псіхолагаў

Абрадавыя песні значна адрозніваюцца ад “Свадебных цветов”, “Обручального кольца”, “Выпьем за любовь” і іншых кампазіцый, якія мы чуем на сучасных вяселлях. І не толькі па змесце, але і па настрою.

— Сённяшнія глянцавыя часопісы і адпаведныя інтэрнэт-сайты навязваюць імідж нявесты, для якой вяселле ўяўляецца доўгачаканым, радасным і шчаслівым момантам, пасля якога жыццё наладзіцца, — разважае Вікторыя Міхно. — У традыцыі ж вяселле лічылася складаным пераходным этапам, калі маладая мусіць поўнасцю асэнсаваць, якая бездань яе чакае, наколькі неверагодна складана будзе ёй у новай сям’і, з людзьмі, якія маюць абсалютна іншыя жыццёвыя ўстаноўкі і звычкі, якім прыйдзецца падпарадкоўвацца. Абрадавыя песні рыхтуюць нявесту да гэтага. Мы чуем у песнях:

Наша дарожка карэністая,
доўгая,
Наша сваціца ганарыстая
і злая.
А я дарожку па каранёчку
разбяру,
А я сваціцу па ганарочку
пазнаю,
Як наша сваціца па хатачцы
ходзіць,
Як яна парадкі наводзіць...

Чалавеку з сённяшнім менталітэтам вельмі складана зразумець гэтыя песні. Аднак для нашых бабуль і дзядуляў, якія ўдзельнічалі ў абрадзе, яны мелі неверагодную каштоўнасць.

— Можна сказаць, што абрадавыя песні выконвалі своеасаблівую ролю псіхолагаў. Яны апускалі акрыленых маладых людзей на зямлю, папярэджваючы аб тым, што тыя не ў казку трапляюць, іх чакаюць клопаты, абавязкі, дзеці і гэтак далей, — расказвае кіраўнік GUDA. — Гэта, вядома, вельмі добра ўплывала на псіхалагічны стан людзей, якія пасля абраду пачыналі па-новаму жыць.

Золата ў валасах

Акрамя таго, песні навучалі, як маладыя павінны паводзіць сябе падчас абраду, каго мусяць адарыць, як абыходзіцца са сваякамі. Ёсць шмат песень, дзе ўсхваляюцца маладыя, сваты або бацькі. Так, у адной з іх спяваецца:

Маладзенькая Галечка,
чаму така харошая?
А ці сонца цябе радзіла,
ці месяц цябе гадаваў?
— А не сонца мяне радзіла,
не месяц мяне гадаваў.
Спарадзіла мяне маці
на цясовай караваці,
На пуховых падушачках,
на шаўковых дзяружачках...

— Асабіста мне вельмі падабаецца песня, якую давялося запісаць у 1992 годзе ў вёсцы Загацце Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, — дзеліцца Вікторыя Міхно. — Песня выконвалася, калі маладой часалі валасы перад тым, як пакласці ёй на галаву вянок. У песні распавядаецца аб тым, што дзяўчына ўвайшла ў камору, і ёй на галаву ўпалі кроплі золата. І вось яе сяброўкі сядзяць і чэшуць ёй валасы. Маладая сыпле золатам з рукаўца і кажа: “Да дзевачкі-дружачкі, зберыцё, дробнае драбніцы не берыцё — ёсць у мяне сястрыца маленька, яна тыя драбніцы і збярэ. А мяне сястрою назаве”. Неверагодна прыгожая песня па настроі, па вобразнасці.

Альбом “Вяселле” з’яўляецца своеасаблівым адкрыццём у музычнай культуры Беларусі. Сабраць разам абрадавыя вясельныя традыцыі дагэтуль нікому не ўдавалася. Цяпер жа любая пара, уключыўшы песні з альбома ў абрад свайго вяселля, можа далучыцца да нацыянальнай спадчыны. Эстэтычную асалоду ад аўтэнтычных спеваў атрымаюць і аматары фальклору, і этнічнай музыкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter