Сваё віншаванне маладажонам Юліі ды Георгію, якія пабраліся шлюбам у Самары, даслаў Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка

Вяселле над Волгай

Самарскія беларусы нядаўна згулялі нацыянальнае беларускае вяселле. Прычым не на сцэне, як часам бывае ў беларускіх суполках замежжа, а ў рэальным жыцці. Многія змаглі дакрануцца да нашай самабытнай культуры. Такое, прызнацца, не часта пабачыш цяпер і на беларускай зямлі (бо верх часцей бяруць масава-гламурныя пастаноўкі ад розных агенцтваў), а тут — вяселле ў народным стылі за мяжою, у самым сэрцы Расіі, на волжскіх берагах...


Юлія і Георгій рэгістравалі свой шлюб у святочных нацыянальных беларускіх касцюмах

Ідэя зладзіць вяселле з нацыянальным каларытам крышталізавалася і набыла рэальныя абрысы ў нашых супляменнікаў, калі вырашылі стварыць сям’ю кіраўніца моладзевага аддзялення Самарскай абласной грамадскай арганізацыі (САГА) беларусаў “Руска-Беларускае братэрства 2000” Юлія Цяплянская ды яе намеснік Георгій Курмакоў.

Між тым Ірына Глуская, прэзідэнт суполкі, прызнаецца: задумка з такім вяселлем была і раней, чакалі толькі добрую нагоду. А Юлія з Георгіем з радасцю згадзіліся прыўнесці ў сваю вясельную ўрачыстасць беларускія звычаі ды абрады. Ініцыятыву Ірыны Міхайлаўны падтрымалі таксама бацькі маладых з абодвух бакоў. Да справы падключыліся супрацоўнікі Дома дружбы народаў Самарскай вобласці, яго дырэктар Ігар Бураў. Апошні, дарэчы, і сваю жонку Юлію Уладзіміраўну (яна — загадчыца ЗАГСа Самарскага раёна гарадской акругі Самара) запрасіў у дапамогу: яна ўзяла на сябе клопаты правядзення вясельнага абраду пры рэгістрацыі шлюбу.

Беларускае вяселле ў Самары праходзіла на пачатку жніўня. Нявеста і жаніх, Юлія і Георгій, апранутыя былі ў нацыянальныя беларускія касцюмы. Вельмі прыгожа, элегантна глядзеліся. Пра тое, не хаваючы захаплення, казалі і шматлікія госці беларускага вяселля, і людзі староннія.   


Паводле беларускай традыцыі з вясельным караваем сустракаюць маладых іх бацькі

Мабыць, усім запомніцца і эмацыйны абрад выкупу нявесты — вясёлая дзея, што патрабуе ад жаніха цярпення, вытрымкі, а таксама розуму, спрыту і нават некаторых матэрыяльных выдаткаў, каб уз’яднацца з каханай. Быў і вясельны каравай, які, як вядома, сімвалізуе на беларускім вяселлі багацце і дабрабыт будучай сям’і, добрую долю і шчасце маладых. Нездарма і цяпер пышны каравай, які па форме нагадвае сонца, лічыцца наймагутным абярэгам новай сям’і. Яшчэ ладзіліся абрады, што мацуюць будучы дабрабыт маладой сям’і — тут пастараліся шафер і шаферка. У ЗАГСе, напрыклад, яны заслалі на падлогу спачатку чырвоны пояс, затым паклалі на яго два медныя пятакі, зверху накрылі ўсё ручніком. На яго маладыя і ўсталі пад час урачыстасці, як і заведзена: нявеста злева ад жаніха. Былі на вяселлі і нашы танцы, а беларускія вясельныя песні хораша спявалі артысткі вакальнага гурта “Каданс” абласной суполкі беларусаў. 

Зарадзілася на гэтым вяселлі і новая традыцыя: маладыя пасадзілі бярозку каля Дома дружбы народаў. І было вырашана, што з яе пачнецца алея. Дрэўцы будуць высаджваць маладыя і з іншых нацыянальных аб’яднанняў Самарскай вобласці пад час вясельных урачыстасцяў. Так што беларускае вяселле, можна сказаць, каранямі ўрастае ў самарскую зямлю. Яно адаптуецца да сучасных гарадскіх умоў і ў той жа час ладзіць повязь супляменнікаў з продкамі, якія цягам стагоддзяў адшліфавалі ды перадалі нам вясельныя абрады і звычаі як бясцэнную духоўную спадчыну. Хочацца верыць, што такі духоўны абярэг паспрыяе маладой сям’і, дапаможа Юліі з Георгіем будаваць шчаслівае сямейнае жыццё. Пра тое казалі ў сваіх пажаданнях і віншаваннях маладым усе госці беларускага вяселля.

Сваё віншаванне маладым даслаў і Пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка. У яго пасланні гаворыцца: “Паважаныя Юлія і Георгій! Дарагія маладыя! Шчыра і сардэчна віншую вас з цудоўнай падзеяй — Днём шлюбу — зліццём разам двух кахаючых сэрцаў. Характэрна, што гэта адбываецца на аснове самабытнай беларускай культуры, багацейшых беларускіх вясельных звычаяў і абрадаў, у якіх знайшлі адлюстраванне формы сям’і і шлюбу, прававыя нормы, маральныя каштоўнасці ды ідэалы.Сёння вы запалілі сваю зорку сямейнага шчасця. Няхай жа яна ярка асвятляе ўвесь доўгі шлях вашага жыцця, няхай вашыя два пярсцёнкі будуць абярэгам шчасця і дабрабыту. Беражыце святую любоў ад усіх нягод. Хай толькі радасць будзе ў вашым жыцці, а вашыя сэрцы, сагрэтыя любоўю, няхай б’юцца ва ўнісон. Ад усяго сэрца жадаю вам сямейнай утульнасці, цяпла і радасці, кахаць, паважаць і ахоўваць адзін аднаго”. Пасол выказаў маладым удзячнасць за іх уклад у захаванне і развіццё беларускай культуры, традыцый і звычаяў на самарскай зямлі.

Пажадаем і мы самарскім беларусам-маладажонам Юліі ды Георгію: жывіце ў каханні, шчасці, радасці і дастатку. Хай напоўніцца ваш дом смехам дзяцей, хай самабытная беларуская культура і надалей дапамагае вам годна ісці па жыцці.

Мікалай Бойка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter