«Вяселле» едзе ў Румынію

Купалаўцы паедуць на тэатральны фестываль у румынскім Сібіу

Тонкія акцэнты чэхаўскага тэксту на фоне добра вядомых савецкіх рэалій бліскуча перадаюць купалаўцы

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы прадставіць на Міжнародным тэатральным фестывалі ў горадзе Сібіу (Румынія) спектакль«Вяселле» (на здымку). Паказы адбудуцца 11-га і 12 чэрвеня, паведамілі «Р» у тэатры.

«Вяселле» — soundrama ў адной дзеі, пастаўленая расійскім рэжысёрам Уладзімірам Панковым у лютым 2009 года паводле аднайменнай п’есы А. Чэхава. На думку рэжысёра, саундрама — гэта змяшэнне жанраў, сціранне межаў паміж рознымі відамі мастацтва для стварэння чагосьці новага, інавацыйнага, незвычайнага.

Дзве гадзіны апантанага сцэнічнага дзеяння паглыбляюць гледача ў атмасферу вясельнага банкету, дзе ёсць месца для ўсяго: ад забабонаў і застольных песень да нястрымнай весялосці і гарачых танцаў. За гукамі і рытмамі вясельнай урачыстасці пазнаюцца тонкія акцэнты чэхаўскага тэксту на фоне добра вядомых савецкіх рэалій.

У пастаноўцы занята большая частка купалаўскай трупы: народны артыст СССР Генадзь Аўсянікаў, народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук, Мікалай Кірычэнка, Арнольд Памазан, артысты Святлана Анікей, Святлана Зелянкоўская, Міхаіл Зуй, Аляксандр Малчанаў, Ганна Хітрык, Вікторыя Чаўлытка і іншыя. У спектаклі таксама іграе артыст Маскоўскага драматычнага тэатра імя А.С. Пушкіна Андрэй Завадзюк. Адным з герояў спектакля з’яўляецца і аркестр, які аб’ядноўвае музыкантаў маскоўскага тэатра «SounDrama» і Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

З гэтым спектаклем купалаўцы два разы выязджалі на 40-дзённыя гастролі па Францыі, прадстаўлялі яго на IV Тбіліскім міжнародным фестывалі тэатра ў Грузіі ў верасні 2012 года, паказвалі на пляцоўках Расіі, Украіны, Іспаніі, Азербайджана і іншых краін. Пасля Сібіу спектакль будзе паказаны ў Маскве на Міжнародным тэатральным фестывалі імя А. П. Чэхава. «Вяселле» ўжо ўдзельнічала ў гэтым форуме ў 2010 годзе. І сёлета спектакль як адзін з найлепшых, пастаўленых сумеснымі намаганнямі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, Міжнароднай канфедэрацыі тэатральных саюзаў і Міжнароднага тэатральнага фестывалю імя А.П. Чэхава пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Між-дзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД, пакажуць 29-га і 30 чэрвеня на сцэне Тэатра імя Массавета.

---------------------------------------------

Даведка «Р»

Міжнародны тэатральны фестываль у румынскім Сібіу праходзіць кожны год на пачатку лета. Сёлета ён 20-ы, юбілейны. У Сібіу чакаюць каля дзвюх з паловай тысяч гасцей з 50 краін свету. Еўрапейская камісія назвала фестываль у Сібіу трэцім па значнасці пасля фестываляў у Эдынбургу і Авіньёне. У мінулым годзе ён сабраў больш за 2500 дзеячаў культуры на 350 мерапрыемствах.

Сібіу — горад з насельніцтвам каля 130 тысяч чалавек, адзін з важнейшых культурных і рэлігійных цэнтраў краіны. У 2007 годзе сумесна з Люксембургам быў абраны культурнай сталіцай Еўропы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
3.13
Загрузка...
Новости