«Вяртаць чалавека да яго каранёў, да яго iснасцi»

Думкi ўслых паэта Мiхася Башлакова

Мiхася Башлакова часта называюць самым бескампрамiсным беларускiм паэтам. Такi ён i ў жыццi, i ў творчасцi

Паэт Мiхась Башлакоў стаў сёлета лаўрэатам Дзяржаўнай прэмii ў галiне лiтаратуры. Высокай узнагародай ён адзначаны за кнiгi паэзii «Нетры» i «Палын. Чарнобыль». Дарэчы, абедзве ўжо набылi славу i за межамi радзiмы. «Нетры» ўвайшлi ў лiк ста лепшых кнiг свету адпаведна рэйтынга экспертаў знакамiтага кнiжнага кiрмашу ў Франкфурце-на-Майне ў Германii, а зборнiк «Палын. Чарнобыль» ушанаваны ў Бельгii элiтным залатым медалём. Мiхася Башлакова часта называюць самым бескампрамiсным беларускiм паэтам. Ён сапраўды такi: непрымiрымы да несправядлiвасцi, подласцi, абыякавасцi i бездухоўнасцi, шчыры i прынцыповы, упэўнены, што той, хто выходзiць да чытача, проста не мае права быць раўнадушным i несумленным. Як у творчасцi, так i ў жыццi. Некаторыя думкi ўслых Мiхася Башлакова (на здымку) прапануем чытачам «Р».

Пра згустак энергii

Часта блытаюць вершатворчасць i паэзiю. А гэта – зусiм розныя рэчы. Вершы пiшуць тысячы людзей, многiя выдаюць кнiгi i нават уступаюць у пiсьменнiцкi саюз. Але цi паэзiя гэта? Можна няблага зрыфмаваць радкi, прафесiйна, удала скласцi верш, прыдумаць ашаламляльныя параўнаннi, але калi ў вершы не будзе душы, музыкi, iнтанацыi, вядома ж, не будзе i паэзii.

Паэзiя – гэта згустак энергii, якая лiецца на паперу, калi ўжо не можаш трываць, калi немагчыма маўчаць, бо балiць душа i хочацца, каб было не так балюча i табе, i iншым. Такi твор нiколi не пакiне раўнадушным i чытача. Таму што энергiя, заложаная ў вершы, застаецца. Але каб яна адпаведна адгукалася ў душы чытача, выклiкала пэўныя эмоцыi, каб жыла ў слове, трэба, каб паэт уклаў у гэта слова свае пачуццi. Вось што такое сапраўдная паэзiя.

Кожнае з мастацтваў робiць свой унёсак у беларускую культуру, але лiтаратура заўсёды была на перадавой. Сапраўдны пiсьменнiк заўсёды iдзе наперадзе народа.

Ён – сумленне нацыi, бо абвострана адчувае праблемы, узнiмае балючыя пытаннi, каб прымусiць грамадства задумацца. Канечне, калi да яго голасу захочуць прыслухацца. Сёння, на жаль, не да пiсьменнiцкiх хваляванняў. Часы насталi жорсткiя i эгаiстычныя, амаральныя i раўнадушныя. Парушаюцца стагоддзямi выпрацаваныя табу – што можна i чаго нельга... Вяртаць чалавека да яго каранёў, да яго чалавечага аблiчча, да яго iснасцi – вось чым павiнны займацца наша лiтаратура, мастацтва, культура.

Менавiта паэзiя — вышэйшая форма лiтаратуры — выхоўвае ў чалавеку духоўнасць, узвышае яго. Я кажу пра сапраўдную паэзiю, якая заўсёды была ў традыцыях i беларускай, i рускай класiкi, бо i ў лiтаратуры можна служыць альбо Богу, альбо Сатане – узвышаць словам да нябёсаў альбо апускаць у бездань... Я хачу служыць Богу. Узвысiць чалавека духоўна — вось у чым сапраўднае прызначэнне паэта. I ў гэтым праяўляецца талент, дадзены яму Богам.

Няма духоўнасцi – няма i прагрэсу, няма поспехаў у навуцы i тэхнiцы. А першааснова духоўнасцi – культура як падмурак грамадства.

У Японii ў звычайнай сярэдняй школе шэсць разоў у тыдзень выкладаюць выяўленчае мастацтва, бо лiчаць, калi чалавек прывучаны да прыгажосцi, ён будзе iмкнуцца да яе ва ўсiм: i ў творчасцi, i ў вытворчасцi, i ў быце, i ва ўзаемаадносiнах з людзьмi, i ў думках, i ва ўчынках. Усё ўзаемазвязана...

Пра пакарэнне вяршынь

На жаль, сёння наша моладзь выхоўваецца на маскоўскiм бульварным «чтиве», якiм запоўнены нашы кнiгарнi, беларускую кнiгу хiба ў закуточку дзе знойдзеш. У апошнiя гады некаторыя мае калегi нават перасталi пiсаць, маўляў, навошта: i ганарары малыя, i надрукавацца праблема, i тыражы мiзэрныя. А калi выдаецца мала сапраўднай лiтаратуры, свабодная нiша лёгка запаўняецца бяздарнымi творамi бяздарных аўтараў, якiя маюць грошы. Зараз што хочаш, тое i друкуй! Напiсаў ахiнею, заплацiў у прыватным выдавецтве – выйшла кнiга, з’явiўся пiсьменнiк. А чытаеш – сорамна i нават брыдка становiцца...

Такое мора бяздарных кнiг! I з-за гэтай эрзац-лiтаратуры занiжаецца планка патрабавальнасцi i аўтараў да самiх сябе, i чытачоў да кнiгi. Чытач яе купiць раз, два. Бачыць – дрэнь, усё бязлiкае i нецiкавае. Думае, а i сапраўды нiчога яны не вартыя гэтыя пiсьменнiкi. Людзi ж шчыра вераць друкаванаму слову. Лiчаць, раз надрукавана, значыць, лепшае. Вось савецкi час крытыкуюць за цэнзуру. Цэнзура цi не, але рэдактура сапраўды была. I разам з тым была высокая лiтаратура. Заведама нiзкага ўзроўню вершы немагчыма было надрукаваць нi ў кнiжцы, нi ў часопiсе.

Наогул, лiчу, трэба вельмi патрабавальна адносiцца да выхаду кнiгi. Нават скласцi яе таксама трэба ўмець. Бывае, i добры верш, але ад яго лепш адмовiцца, бо ў канву менавiта гэтага зборнiка ён нiяк не кладзецца. Акрамя таго, у кожнага, нават i ў самага лепшага паэта, ёсць вершы моцныя, ёсць слабейшыя, бо ў творчасцi ён, як альпiнiст: узнiмаецца на вяршыню, каб яе пакарыць, а калi пакарыў, яму трэба спусцiцца ўнiз, набрацца сiл, адпачыць, каб потым зноў пачаць узыходжанне.

Пра туман i далягляд

Прыкра, што яшчэ з савецкiх часоў лiчыцца, што, калi напiсана па-беларуску, то гэта дрэнна. Чаму мы не паважаем сваё, як гэта робяць палякi цi лiтоўцы? Беларусь жа — цывiлiзаваная еўрапейская краiна. Мы — самабытная нацыя са старажытнейшай шматвяковай гiсторыяй i багацейшай культурнай спадчынай. У нас ёсць выдатнейшая лiтара-тура i выдатныя пiсь-меннiкi. Але ведаюць iх цяпер лiчаныя людзi, у школах не вывучаюць творчасць нават многiх беларускiх класiкаў, не кажучы пра сучаснiкаў. Хiба вырастуць з гэтых дзяцей культурныя, эстэтычна выхаваныя, сапраўды адукаваныя людзi? Сусветную мастацкую культуру, на жаль, таксама зараз не выкладаюць у школах. Як можна адлучаць ад вывучэння лепшых узораў сусветнага мастацтва моладзь Беларусi — краiны, якая шырока глядзiць у свет?

У вынiку атрымлiваецца: сусветнай культуры не ведаюць i сваёй пагарджаюць. Дык адкуль узяцца духоўнаму патэнцыялу нацыi, калi мы не жадаем ведаць чужое i сваё адмаўляем? Дзе ён, той патэнцыял? Рассейваецца, нiбы туман. Але калi туман разыходзiцца, далягляд адкрываецца, а тут...

Я многа працую з маладымi аўтарамi. Ёсць таленавiтыя, пiшуць вершы, прозу. Але ў iх ёсць адна бяда: яны амаль зусiм не ведаюць лiтаратуру: нi сваю, нi замежную, нi сучасную, нi класiку, многiх славутых iмён нават не чулi. Пiшуць часцей, на жаль, на рускай мове, але рускай паэзii i прозы не ведаюць i ведаць не iмкнуцца. Цi можна стаць паэтам пэўнага ўзроўню, калi ты не ведаеш сваiх папярэднiкаў? Яны ж i твой творчы падмурак, i той узровень, да якога трэба расцi...

Пра прэмiю i дарогi

Апошнi раз дзяржаўная прэмiя за дасягненнi ў галiне лiтаратуры прысу-джалася ажно шэсць гадоў таму. I вось нарэшце адзначана лiтаратура на высокiм дзяржаўным узроўнi. Я шчыра ўдзячны ўсiм, хто мяне падтрымаў, усiм, хто верыў у мяне, але лiчу, што гэты прарыў мы зрабiлi ўсе разам i гэта прэмiя не мне, а перш за ўсё нашай беларускай лiтаратуры. Ганаруся, што так высока адзначана менавiта паэзiя, тым больш сёлета, у аб’яўлены ў краiне Год роднай зямлi.

Прэмiя – гэта, канечне, прыемна, i дзякуючы шматлiкiм вiншаванням я, здаецца, пачынаю нарэшце верыць, што сапраўды стаў лаўрэатам. Але разам з тым думаю: як шкада, што на працягу гэтых гадоў «маўчання» многiя нашы выдатныя беларускiя пiсьменнiкi, якiя пакiнулi прыкметны след у беларускай лiтаратуры, так i пайшлi з жыцця не ўшанаваныя, не ўганараваныя.

Дзяржаўная прэмiя – гэта вялiкая адказнасць. Да сваiх вершаў, да працы над словам я заўсёды вельмi патрабавальны. Разумею, што цяпер трэба яшчэ вышэй узнiмаць творчую планку i, не спяшаючыся (а з кнiгамi я нiколi не спяшаюся, лiчу, што галоўнае – гэта дасканала працаваць, а выйдзе надалей кнiжка цi не — гэта ўжо як Бог дасць), узяцца за стварэнне новага дабротнага зборнiка.

Дарэчы, вельмi добра пiшацца мне якраз на Палессi. Некалi, яшчэ ў савецкi час, калi працаваў настаўнiкам, кожны год прыязджаў туды, жыў месяцамi, пiсаў вершы. На той час на адпускныя (якiх хапала) мог гэта сабе дазволiць, пасля, на жаль, ужо не. Колькi гадоў я не быў у любiмых маiх Лельчыцах!.. Хiба што вось з прэмii збяруся дый завiтаю зноў. Наогул, раней я многа вандраваў па Беларусi, Расii, Украiне, Лiтве. Новыя людзi, мясцiны, уражаннi, сустрэчы, натхненне. Дарогi – гэта паэзiя. А паэзiя – гэта дарогi...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter