Вяртанне забытых багоў i альтанак

Беларусы, больш чым які іншы народ, захавалі ў сабе здольнасць да вобразнага мыслення. Напэўна, паганская вера таму прычынай. Бо толькі маючы дужа развітае вобразнае мысленне, можна было пакланяцца адначасова многім багам. Богі сонца, ветру, грому, зямлі перапляталіся ў свядомасці нашага продка. Ён мог на працягу жыцця насіць у сабе нешта ад кожнага з іх...
Да такога роздуму пабу-джаюць работы народнага майстра Анатоля Зубанава з гарадскога пасёлка Краснасельскі, што ў Ваўкавыскім раёне. — Хочацца данесці да лю-дзей нашу беларускую культуру. Тое, што ўласціва толькі нам, але амаль забыта, — апавядае Анатоль. — Прырода, нібы знарок, стварае на дрэвах нарасці для мастака. З іх, з розных карэньчыкаў і ствараецца цуд. Анатоль выкладвае перада мной мноства скульптурак. Рукі самі цягнуцца да цяпла, якое ідзе ад «вернутых багоў». Яны могуць быць і сумнымі, і вясёлымі, і проста задуменнымі, і нечым разгневанымі... У залежнасці ад таго, з якога боку разглядаеш драўляную фігурку. Самая маленькая з мініяцюр — 2,5 см у вышыню. А змяшчае ў сябе 30 персанажаў! Якім чынам? У воку драўлянага, напрыклад, бога зімы Зюзі можна разгледзець адлюстраванне яшчэ адной фігуркі. Тое ж самае на пазногціках. Відаць, Зубанаў не пакідае ні аднаго вольнага лапіка на жывым драўляным целе сваіх стварэнняў. — Аднойчы сабралі нас, разьбяроў па дрэве, з усіх абласцей, — дзеліцца сваімі ўспамінамі Анатоль, — і сталі вучыць выразаць так званыя традыцыйныя рэчы. Пагля-дзеў я на ўсю гэтую навуку і зразумеў, што не для мяне яна. Выгаварыўся так: прыехаў жа проста паўдзельнічаць у мерапрыемстве, а не пераймаць традыцыі. Ды і што яму пераймаць! З маленства цягнула Анатоля да прыроды. У ваколіцах пасёлка Краснасельскі не знайсці дрэва ці кусціка, якія б ён не даследаваў. Зараз на прыкмеце ў Зубанава ёсць скульптуры-веліканы, у якіх не трэба нічога ні дабаўляць, ні аднімаць — так сама маці-прырода папрактыкавалася ў мастацтве на жывых дрэвах. Да іх можна вадзіць самых капрызных турыстаў — застануцца задаволеныя. Але пакуль турыстычных сцяжынак там не пракладзена, Анатоль водзіць па лесе сваіх выхаванцаў з гуртка «Лясная скульптура». Вучыць браць ад прыроды тое, што, у прамым сэнсе, ляжыць пад нагамі, — выкрутастыя корчыкі ды карэньчыкі. Каб пад добры настрой ператвараць іх у леса-вічкоў, пачвар, вадзянікаў, скамарохаў. Ёсць у калекцыі Зубанава скульптура «Мак» у выглядзе мноства спелых макавак. Знайсці і не заўважыць гэты цуд, здаецца, проста немагчыма. Але трапіў гэты «мак» у рукі майстра, і ён убачыў, што калі перавярнуць яго зверху ўніз і яшчэ трохі папрацаваць, то выразна будзе бачна жанчына-сірэна. Асобныя работы Зубанава выкананы з нарасцей, па якіх прайшоўся жук-караед. Чалавеку, аказваецца, застаецца толькі завяршыць яго малюнак. Але так, каб не было ніякіх падазрэнняў у «фальсіфікацыі». А колькі прастору для фантазіі змяшчае ў сабе «калючая» нарасць кучаравай бярозы і жылістая — карэльскай! Вазы, попельніцы, цукерніцы, кубкі з такога матэрыялу выглядаюць старадаўнімi і каштоўнымі. Цікавыя рэчы таксама атрымліваюцца ў Зубанава з нiцай вярбы і ясеня. А самыя неверагодныя — з грыбоў-трутавікоў, якія растуць на галінах і ствалах дрэў. З грыбных капялюшыкаў майстар зразае мякаць і засушвае. Атрымліваюцца цудоўныя парасончыкі для аздаблення драўляных статуэтак. Можна бясконца расказваць пра работы народнага майстра. Іх у яго — паўтысячы. А ў яго з’явілася магчымасць ажыццявіць сваю мару — пабудаваць для землякоў незвычайныя альтанкі з выкрутастых карчоў. Акурат да рэспубліканскага фестывалю «Дажынкі-2004», які ў верасні адбудзецца ў Ваўкавыску.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter