Вяртанне скарбаў першадрукара

Прэзентаваны пяць кніг з факсімільнага збору твораў Скарыны

У Нацыянальнай бібліятэцы адбылася прэзентацыя пяці кніг з факсімільнага выдання поўнага збору твораў Францыска Скарыны.

Гэта вынік першай часткі працы над агульнанацыянальным праектам, які рэалізуецца бібліятэкай сумесна з Банкам БелВЭБ. Ён прымеркаваны да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання і разлічаны на 2013—2017 гады.

Будучае шматтомнае факсімільнае выданне ўпершыню збярэ ўсе кнігі, якія былі надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе (1517—1519 гады) і Вільні (1522—1525 гады). У яго аснову пакладзены электронныя копіі лепшых работ беларускага першадрукара, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Унікальныя кнігі ўзнаўляюцца з максімальнай паўнатой, суправаджаюцца каментарыямі вучоных, а таксама перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Францыска Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы.

У ходзе прэзентацыі факсімільныя тамы былі ўручаны прадстаўнікам дыпламатычных місій краін, звязаных з лёсам беларускага першадрукара, таксама перададзены бібліятэкам усіх раёнаў Мінска.

Акрамя таго, выдадзеныя зборы кніг Францыска Скарыны будуць бязвыплатна перададзены ў бібліятэкі, музеі і архівы Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, а таксама ў міжнародныя арганізацыі — ААН і ЮНЕСКА.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter