Вяртанне ў родны Уборак

Пахам спелых яблыкаў ахутаны асеннім часам аграгарадок Лоеўскага раёна. У цэнтры яго пад адным дахам з адміністрацыяй ААТ «Ураджайная» размешчана аддзяленне паштовай сувязі. Узначальвае яго Алена Мятлушка. Уборак — яе родная вёска, тут яна нарадзілася і вырасла.

Маці, Валянціна Фёдараўна, працуе галоўным эканамістам мясцовай гаспадаркі. Вадзіцелем быў бацька Міхаіл Канстанцінавіч, якога дванаццаць гадоў таму не стала. Сёстры Таццяна і Аксана пасля атрымання вышэйшай адукацыі працуюць у гарадах. Алена атрымала спецыяльнасць закройшчыка верхняга лёгкага адзення ў Гомельскім прафтэхвучылішчы і мела магчымасць працаваць у абласным цэнтры, але сэрца прагла родных мясцін. Вярнулася дамоў, дзе і сустрэла свайго суджанага. Адгулялі вяселле. Ад гаспадаркі маладая сям’я атрымала кватэру. Гаспадыня працавала касірам сельгас­прадпрыемства, а восем гадоў таму замяніла паштальёна. 

Мінулым летам Алена Міхайлаўна ўзначаліла аддзяленне паштовай сувязі. Засвоіць новую справу ёй дапамагала перад выхадам на пенсію Марыя Кацуба. Абслугоўвае аддзяленне жыхароў Уборка, а гэта больш як дзве сотні двароў. Своечасова дастаўляецца адрасатам паштовая карэспандэнцыя, спажывецкія тавары, выплаты састарэлым адзінокім пенсіянерам. 

Калі ўзнікае неабходнасць, Алена Міхайлаўна замяняе паштальёна. Часта наведваюцца паштовыя работнікі да старэйшых жыхароў аграгарадка — Васіля Іванавіча і Надзеі Рыгораўны Дзятлавых. Былыя хлебаробы размянялі дзясяты дзясятак. Штомесячна выконваецца план па аказанні паслуг насельніцтву. Два гады таму пасля аптымізацыі аддзяленне паштовай сувязі перайшло да Рэчыцкага раённага вузла сувязі, дзе яно адно з лепшых. 

subbat50@mail.ru

Фота аўтара 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter