Народная газета

Вяртанне радзімы

Спадчына Наполеона Орды - больш за 1150 акварэляў і графічных твораў, прысвечаных архітэктурнаму багаццю Бацькаўшчыны

Яшчэ нядаўна большасці суайчыннікаў гэтае імя было невядома. А між іншым у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя кожная паважаная інтэлігентная сям’я на Беларусі лічыла проста за неабходнасць мець ва ўласнай бібліятэцы хаця б адзін альбом з рэпрадукцыямі яго мастацкіх твораў. Наш суайчыннік мастак Орда быў тым, хто ў адзіночку здзейсніў сапраўды тытанічную працу — нанёс на паперу ўсё архітэктурнае багацце сваёй Радзімы, захаваўшы яго тым самым для далёкіх нашчадкаў. Напалеон Орда — мастак і кампазітар, педагог і літаратар. Але больш за ўсё ён — патрыёт сваёй Айчыны.


Хлопчык нарадзіўся 11 лютага 1807 года ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці), у сям’і небагатага шляхціча, маршалка Кобрынскага Міхала Орды. Гэта быў час, калі геній вялікага Напалеона Банапарта ўжо грымеў па ўсёй Еўропе. Ці варта здзіўляцца, што свайго спадчынніка пан маршалак назваў менавіта Наполеонам! Міхал Орда не паспеў расчаравацца ў сваім французскім куміры. Ён памёр у 1809 годзе. Апеку над двухгадовым Напалеонам і чатырма ягонымі старэйшымі сёстрамі прыняла маці, Юзафіна Бутрымовіч, жанчына мужная і велікадушная. Ёй і давялося “выводзіць у людзі” сына, якому тэзаімяніны з французскім імператарам у юныя гады даставілі нямала непрыемнасцей і цяжкасцей. Бо была ж война 1812 года, было Банапартава ўварванне, палыхала пакінутая рускімі войскамі Масква, лілася кроў пры Барадзіне. 

Скончыўшы навучанне ў славутай Свіслацкай гімназіі, дзе ўжо выявіліся яго схільнасці да мастацтваў, ён раптам заявіў пра цвёрды намер паступаць на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Экзамены былі здадзены паспяхова, у 1823 годзе Орда стаў студэнтам. Год гэты быў годам хваляванняў. Паліцыя раскрыла таемнае таварыства філарэтаў, якое дзейнічала ў сценах універсітэта. Аднак дух вальнадумства знішчаны не быў. І хутка ў студэнцкім асяроддзі ўзнікла новае таемнае таварыства — “Заране”, члены якога падтрымлівалі сувязі з дзекабрыстамі, падзяляючы іх імкненне да кардынальных перамен. Орда быў адным з першых, хто ўступіў у яго рады.

Сянно

Праз год пасля няўдалага выступлення дзекабрыстаў на Сенацкай плошчы ў Санкт-Пецярбургу студэнцкае таемнае таварыства “Заране” было выкрыта. Цёзка французскага імператара разам са сваімі таварышамі быў выключаны з універсітэта з чацвёртага курса. І арыштаваны. Правёўшы пятнаццаць месяцаў за кратамі, Напалеон Орда быў адпушчаны ў радавы маёнтак пад нагляд паліцыі.

Магчыма, хто-небудзь іншы быў бы ў роспачы, але юнак заставаўся знешне спакойны. Ён самастойна скончыў адукацыю, праштудзіраваўшы праграму пятага курса. Пасля чаго спакойна згадзіўся выканаць прадпісанне, што прыйшло на яго імя, — а менавіта накіравацца на вайсковую службу ў конную гвардыю Літоўскага корпуса. У статусе коннагвардзейца ён і прыняў удзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1830—1831 гадоў, адразу ж перайшоўшы на бок паўстанцаў.

У барацьбе з царскімі войскамі Орда вылучыўся дзякуючы асабістай ініцыятыве і асаблівай адвазе, за што быў узнагароджаны залатым крыжам ордэна Virtuti Militari, атрымаўшы пры гэтым таксама чын капітана паўстанцкага войска. Зрэшты, паўстанне не мела шанцаў, бо сілы былі надта няроўнымі. Яно было задушана. Капітан Орда завочна асуджаны на смерць як “ваенная асоба, што здрадзіла прысязе расійскаму прастолу”. За яго галаву абяцалі даволі шчодрую ўзнагароду. Напалеон вымушаны быў ратаваць жыццё ўцёкамі за мяжу.

Полацк

Пажыўшы крыху ў Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, ён атабарыўся ў Парыжы, дзе ў верасні 1833 года атрымаў статус эмігранта і зблізіўся з суайчыннікамі Адамам Міцкевічам і Фрэдэрыкам Шапэнам, пазнаёміўся з выдатнымі дзеячамі еўрапейскай культуры — Феранцам Лістам, Джакомам Расіні, Джузэпэ Вэрдзі, Шарлем Гуно, Гектарам Берліёзам, Анарэ дэ Бальзакам, Анры Стэндалем, Палінай Віярдо, Іванам Тургеневым.

Атмасфера Францыі натхняла на заняткі творчасцю. І Напалеон Орда ўспомніў пра своё захапленне музыкай і жывапісам. Пры падтрымцы Шапэна ў Парыжы быў выдадзены зборнік музычных твораў Напалеона Орды, які прынёс яму вялікую папулярнасць у музычным асяроддзі. Паланэзы, вальсы, мазуркі, накцюрны, рамансы, серэнады.

Камянецкая вежа

Ужо вельмі добра знаёмыя з творчасцю Орды-кампазітара парыжане ў 1840-х гадах здолелі ацаніць і яго жывапіс. Першыя цыклы малюнкаў Напалеона Орды з’явіліся пасля яго вандроўкі ў 1840—1842 гадах па Францыі і Рэйнскай вобласці. Гэта былі акварэльныя пейзажы з архітэктурнымі збудаваннямі, напісаныя з такой любоўю, што не прыцягнуць да сябе ўвагу проста не маглі. 

Паспяховы і надта абаяльны мастак і музыка прыцягвае ўвагу прыгожых пані. Напалеон Орда вырашае завесці сям’ю. Жонка-францужанка дорыць яму сына Вітольда. У 1847 годзе Орду запрашаюць заняць пасаду дырэктара Італьянскай оперы ў Парыжы. Ён таксама займаецца выкладаннем музыкі. Жыццё можна было б расцэньваць як цалкам удалае. Але вось яна, наша асаблівая ўсходнеславянская рыса — схільнасць да настальгіі. Сум па радзіме ўсё часцей дае пра сябе ведаць. Жаданне вярнуцца дамоў часамі становіцца нясцерпным. У студзені 1857 года, пакінуўшы сям’ю і забяспечанае жыццё, 49-гадовы Орда вяртаецца на радзіму.

Мірскі замак

Дома высветлілася, што амністыя Аляксандра ІІ не стала поўнай. Былы паўстанец не атрымаў права на валоданне бацькоўскім маёнткам. Ён лічыўся ўласнасцю маці, а пасля яе смерці адышоў у дзяржаўную казну. Напалеон атрымаў толькі права на арэнду маёнтка. Хто ведае, можа і ўдалася б пазней дамагчыся Напалеону Ордзе вяртання праў на Варацэвічы, каб не паўстанне 1863 года. Аб удзеле ў ім мастака і кампазітара — даволі няпэўныя сведчанні. У 1866 годзе, праз два гады пасля таго як паўстанне было задушана, Орду арыштавалі і пасадзілі ў Кобрынскі турэмны замак. Аднак у 1867 годзе Орда быў вызвалены.

Бяздомны мастак, нішчы кампазітар, ён пасяліўся ў сястры ў маёнтку Моладава Кобрынскага павета — за Ордай быў устаноўлены нагляд. Зрэшты, Напалеон не жадаў нават у гэтай сітуацыі выглядаць ахвярай. Вельмі хутка ён пакінуў гасцінны дом сваякоў, прыняўшы прапанову аднаго з самых буйных магнатаў Украіны генерала Адама Ржэвускага паступіць да яго на службу, якая заключалася ў навучанні генеральскага сына музыцы. Гэта было рашэнне матэрыяльных праблем Орды. Атрымаўшы ў 1875 годзе абсалютную свабоду ў перамяшчэнні, Напалеон Орда вырашыў стварыць серыю мастацкіх альбомаў з дастаслаўнасцямі былой Рэчы Паспалітай — пятнаццаць гадоў ён хадзіў па іх дарогах з планшэтам і паперай. Вандроўніка лічылі за гонар прыняць і ў шляхетнай сядзібе, і ў магнацкім палацы, і на манастырскім падвор’і. Ён памёр ад прастуды, якую падхапіў у адной са сваіх апошніх паездак. Згодна з завяшчаннем яго пахавалі ў Янаве (цяпер Іванава Брэсцкай вобласці) у фамільным склепе.

Пасля сябе Наполеон Орда пакінуў больш за 1150 акварэляў і графічных работ, прысвечаных Радзіме. Сярод іх больш за 200 — беларускія архітэктурныя пейзажы. Аднаўляючы і рэканструіруючы разбураную часам і страчаную ў выніку войнаў і катаклізмаў архітэктурную спадчыну сёння, мы ў першую чаргу звяртаемся да альбомаў Орды. Яго работы дазваляюць устанавіць сапраўдны выгляд помніка гісторыі і культуры.

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

infong@sb.by

Версия для печати
Фетисов Виктор Васильевич, 67 лет, Брест
Я переложил для баяна и нар.инструментов 6 полонезов Н.Орды. Есть ли интерес у Вас к этому...?
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?
Новости
Все новости