Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Для чаго цяпер навукоўцы ставяць дамбы ў Белавежскай пушчы

Вяртанне пушчанскіх балот

У галоўным нацыянальным парку краіны ўжо некалькі гадоў рэалізуецца маштабны праект: зноў забалочваюць раней асушаныя балоты. Навошта? Пра тое мы гаварылі з каардынатарам праграмы ў падтрымку запаведнасці Белавежскай пушчы Віктарам Фянчуком.

Такія дамбы ўзводзяцца ў Белавежскай пушчы

Пра важнасць балот у розных экасістэмах можна разважаць доўга. І беларусы тое ўжо ведаюць з уласнага досведу жыцця: як вядома, раней балоты займалі ў нас каля 12,5% тэрыторыі краіны. Аднак пасля ўсесаюзнай меліярацыі 60-х гадоў іх плошчы ў Беларусі скараціліся на дзве траціны. Балоты асушвалі, здавалася б, пад добрыя мэты: каб здабываць торф, вырошчваць на іх ураджаі, забудоўваць... Таму й мала хто задумваўся пра наступствы. Ды ў прыродзе ж нічога лішняга не бывае. І балоты — патрэбныя! Вынікі неабдуманай барацьбы з імі выявіліся ў XXI стагоддзі, стварыўшы новыя праблемы, якія цяпер навукоўцы спрабуюць “разруліць”, і дзеля таго выбудоўваюць мадэлі новых, паважлівых адносін з дрыгвой, балотамі. У тым ліку і ў Белавежскай пушчы.

Віктар Фянчук
Паўторнае забалочванне раней асушаных балот не выпадкова ідзе ў пушчы: гэта ж унікальны аб’ект, эталон прыроды, прызнаны ва ўсім свеце. На жаль, і там асушальная меліярацыя пакінула след: асушана было 20 тысяч пушчанскіх гектараў. А што ў выніку? “Асушэнне балот прывяло да рэзкага падзення ўзроўню грунтовых вод, — гаворыць Віктар Фянчук. — Першымі ж адчулі недахоп вады дрэвы з павярхоўнай каранёвай сістэмай. Сур’ёзна паслаблі дрэвастоі, таму іх спачатку атакавалі розныя жукі-кузуркі, потым дрэвы пачалі гінуць, а ў 2000-х пачалася новая барацьба: ужо з сухастоем”.

Навуковец нагадвае, што ў пушчы гадамі чысцілі лес, думаючы, што гэта ёй на карысць. Але, як аказалася, і мёртвае дрэва для лесу таксама патрэбнае: “Навуковыя дадзеныя, атрыманыя ў Белавежскай пушчы, выразна паказваюць, што аднаўленне ў яе нетрах дуба, клёну і многіх іншых відаў дрэў магчыма толькі там, дзе лесам не кіруюць. Калі на зямлі ляжаць сухія дрэвы, то яны не даюць аленям пашкоджваць падрост”. Сур’ёзныя праблемы дае і “абязводжанасць”, таму “здароўе” пушчы апынулася ў прамой залежнасці ад жыцця балот.

Праграма па аднаўленні гідралагічнага рэжыму пушчы рэалізуецца Нацыянальным паркам “Белавежская пушча”, грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і Франкфурцкім заалагічным таварыствам. Праект стартаваў чатыры гады таму. “Работы вядуцца па трох асноўных напрамках: асушаныя балоты, натуральныя балоты, парушаныя меліярацыяй ды вадацёкі ўнутры лесу, — тлумачыць Віктар. — Выкананы работы на трох аб’ектах лясной меліярацыі (Барушчычы, Плянта, Саломенка), на Дзікім Нікоры — найбуйнейшым асушаным балоце пушчы. Яно нізіннае, у самым цэнтры запаведніка. Асушылі ў 1950-х, і яно больш нагадвала поле. А Дзікі Нікор — адзінае ў Беларусі месца натуральнага вырастання піхты белай. Цяпер там збудавана звыш сотні глухіх перамычак-дамбаў, якія й забяспечаць уздым узроўню грунтовых вод да паверхні — створацца перадумовы для аднаўлення балота”. Гэта, дарэчы, і дом для найрэдкай цяпер птушкі: вяртлявай чаротаўкі. Ды ранейшым аазісам жыцця Дзікі Нікор стане, калі адновіцца экасістэма, гадоў праз 30-35. Хоць ужо вясной 2017-га супрацоўнікі пушчы фіксавалі ўздым узроўню грунтовых вод.

Засяроджвае ўвагу Віктар і на балоце Дзікім — унікальным, старажытным, як і сама пушча: яго ўзрост — больш за 6 тысяч гадоў. Гэта адкрытае нізіннае балота, падобныя экасістэмы практычна зніклі ў Еўропе. Там гняздуюцца рэдкія ў ёй вяртлявая чаротаўка і вялікі падворлік. Балота — на водападзеле Балтыйскага і Чарнаморскага басейнаў, прычым у цэнтральнай частцы балота бяруць пачатак рэчкі Нараў і Ясельда. І менавіта балота Дзікае падсілкоўвае водамі ўсю Белавежскую пушчу.

Шмат працы ў пушчы і ў гэтым сезоне: пачаты работы па аднаўленні гідралагічнага рэжыму рэчкі Саломенкі, паўторным забалачэнні нізіннага балота Попелева. Прычым каб аднавіць гідралагічны рэжым рэчкі, яе вырашылі вярнуць у былое рэчышча — будуючы плаціны, якіх спатрэбіцца яшчэ больш за 15. Прычым, паколькі зона запаведная, то работы вядуцца ўручную.

Праект па аднаўленні гідралагічнага рэжыму пушчы не завершаны. Па словах Віктара Фянчука, вучоныя праз пэўны час гатовы ўбачыць станоўчыя эфекты ад забалочвання: будуць вяртацца на балоты птушкі, жывёлы й расліны. І паколькі Белавежская пушча сёння — гэта своеасаблівы эталон прыродаахоўнай дзейнасці, то і ўвага да яе адпаведная. Між тым у пушчы шмат праблем, бо яе тэрыторыя ў мінулым усё ж зведала розныя трансфармацыі, таму нароўні з прызнаннем значнасці Пушчы, варта прызнаць і яе далікатнасць. “Раней нам здавалася: што б мы з ёй ні рабілі, яна вытрымае ўсё, — разважае Віктар. — Але за 600 гадоў жыцця ў яе “заплечніку” назбіралася столькі гістарычнага грузу, што яна з цяжкасцю нясе той багаж. Мы вельмі спадзяемся, што працы па аднаўленні воднага рэжыму пушчы дапамогуць пушчы хоць трохі вярнуцца ва ўмовы яе “маладосці”. Сёння ж і ўявіць не магу, якой наша пушча стане яшчэ праз 600 гадоў. Напэўна, яна будзе іншай. Але я дакладна ведаю: шмат што залежыць ад нас з вамі ды ад тых магчымасцяў, якія мы пушчы дадзім сёння”.

Голас Радзімы № 37 (3541), чацвер, 28 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter