В коллекции Национального художественного музея появилось ценное произведение Михаила Кикоина

Вяртанне праз сто гадоў

У   Нацыянальным мастацкім музеі задумалі зрабіць выставу беларускіх мастакоў Парыжскай школы. Такая ідэя прыйшла пасля з’яўлення ў яго калекцыі «Нацюрморта» Міхаіла Кікоіна.

Гэты «Нацюрморт» — першы твор КІКОІНА ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея.
Фото белта

Гэта сапраўдная падзея не толькі для музея, але і для краіны. Яшчэ некалькі гадоў таму карціны Любіча, Цадкіна, Суціна і іншых мы бачылі толькі ў каталогах. Сёння хай пакуль і адзінкавыя творы ўраджэнцаў Беларусі, якія маюць дачыненне да Парыжскай школы, паступова збіраюцца ў каштоўную калекцыю музея. Гэта адбываецца ў першую чаргу дзякуючы мецэнатам і дыпламатам. «Нацюрморт» з’явіўся ў Мінску пры ўдзеле нашага пасольства ў Швейцарыі і ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна. 

Пошукі і шлях карціны Кікоіна на яго гістарычную радзіму аказаліся досыць складанымі. Андрэй Нажэскін расказаў, што ідэя вяртання твора менавіта гэтага майстра належыць непасрэдна кіраўніцтву Нацыянальнага мастацкага музея. Дыпламаты пачалі пошукі і знайшлі «Нацюрморт», які выстаўляўся ў адным з музеяў у Жэневе. Праўда, потым карціну перавезлі ў адну з галерэй ЗША. Але гэта не спыніла апантаных ідэяй вяртання людзей. Дыпламатычныя перамовы — і праз некалькі месяцаў запаветная карціна ў Мінску.

У бліжэйшыя дні гэты твор апынецца ў руках даследчыкаў. Загадчыца аддзела НММ Кацярына Ізафатава мяркуе, што гэта ранняя работа Кікоіна, якая адносіцца да так званага лабараторнага перыяду, калі мастак, знаходзячыся ў эпіцэнтры розных авангардных эксперыментаў, шукаў сябе і свой стыль. Але гэта яшчэ патрабуе навуковых доказаў. Пасля дасканалага вывучэння «Нацюрморта» і іншых неабходных працэдур ён будзе выстаўлены на ўсеагульны агляд.

Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў Гомелі ў сям'і банкаўскага служачага ў 1892 годзе. У          1904-м сям'я пасялілася ў Мінску. Кікоін вучыўся ў камерцыйным вучылішчы і мастацкай школе Я. Кругера, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Хаімам Суціным. Пасля яны разам паступілі ў народную мастацкую школу ў Вільні, дзе пазнаёміліся з Пінхусам Крэменем. У 1912 годзе Кікоін перабраўся да стрыечнага брата Язэпа ў Парыж, а крыху пазней пасяліўся ў інтэрнацыянальным інтэрнаце мастакоў «Вулей», дзе яго ўжо чакалі сябры Суцін і Крэмень. 

Наталля ІВАНОВА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter