Вяртанне Паўлінкі.

Выстава пад такой назвай у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрывае інтымныя старонкі жыцця і творчасці беларускага песняра.

Выстава пад такой назвай у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адкрывае інтымныя старонкі жыцця і творчасці беларускага песняра.

Разумная, дасціпная, вострая на язык дзяўчына, што выбірае самастойнае жыццё насуперак патрыярхальным поглядам і ўцякае з дому са сваім каханым Якімам, магла б скарыць сэрца і сучаснага юнака. Упэўнілася ў гэтым у час міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”. Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы рыхтаваў да яе парад Паўлінак. На адну ноч мінскі парк у цэнтры сталіцы ператварыўся ў сцэнічную пляцоўку жывых персанажаў неўміручай п’есы песняра.

Хоць жыццё не стаіць на месцы, але ідэалы жаноцкасці, мудрасці, прыгажосці застаюцца непарушнымі, нягледзячы на празмерную аголенасць у гламурных часопісах. Аднак дзяўчат, што пажадалі “ператварыцца” ў Паўлінак, заплёўшы валасы ў касу і апрануўшы беларускія касцюмы (вельмі падобныя на той, які бачым у спектаклі ў Купалаўскім тэатры), было ў Купалаўскім парку безліч. Вось ужо 99 гадоў на тэатральнай сцэне пан Быкоўскі заляцаецца да Паўлінкі. “Тудэма-сюдэма”, “каханенькія-родненькія” — культавыя камічныя рэплікі персанажаў.

Як такі вобраз нарадзіўся ў славутага беларускага паэта, драматурга, публіцыста Янкі Купалы? Хто стаў прататыпам свавольнай дзяўчыны, здольнай адрачыся ад бацькоў у імя кахання і светлага жыцця? Пра гэта даведалася карэспандэнт “НГ”.

Сэрцы трох

Даўно вядома сцверджанне, што жанчына бывае альбо разумная, альбо прыгожая. Каб у адной асобе былі ўвасоблены адразу ўсе гэтыя якасці, — трэба пашукаць. Купалаўская Паўлінка, атрымаўшы жыццё на тэатральнай сцэне ў Вільні ў 1913 годзе, увасобіла ў сабе прыгажосць і розум цэлага сузор’я выдатных актрыс.

П’еса “Паўлінка” была напісана ў фальварку Акопы, дзе жыла маці Янкі Купалы. Зараз гэта Лагойшчына. На выставе “Вяртанне Паўлінкі”, якую Дзяржаўны літаратурны музей імя Янкі Купалы адкрыў днямі, пачэснае месца адведзена рукапісу п’есы песняра. Побач з крыху пажоўклымі лістамі паперы, дзе прыгожым почыркам паэта распісаны вядомыя кожнаму школьніку вобразы, — падсвечнік маці Купалы Бянігны Іванаўны. “Прататыпам Паўлінкі стала прыгажуня Ядвіга Аўлачымская, — расказвае загадчык экспазіцыйнага аддзела літаратурнага музея Янкі Купалы Глафіра Кушаль. — Гэта была дзяўчына з вёскі Рубеж, што за кіламетр ад хутара Акопы. Увогуле, героі “Паўлінкі” былі “перапісаны” з мясцовых жыхароў вёскі Карпілаўка, што на Лагойшчыне. Вобраз Адольфа Быкоўскага драматург убачыў пасля сустрэчы з Павэлкам Ваяводскім, небагатым, але ганарлівым шляхціцам. І Крыніцкія, і Пустарэвічы таксама перадаюць характары мясцовых жыхароў”.

Унутраны свет Паўлінкі, як даказваюць іншыя даследчыкі, Купалу “падаравала” яго каханая Паўліна Мядзёлка.

З Янкам Купалам Паўліна Мядзёлка пазнаёмілася ў 1908 годзе ў Вільні. Зусім юная, яна прыйшла да знаёмых, а дзверы ёй адчыніў незнаёмец, які стаў жартаваць, пытаць, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат. Дзяўчына, даведаўшыся, што сустрэлася з паэтам Купалам, расчаравалася — “звычайны хлопец, які вядзе такую несур’ёзную гутарку”... Зноў лёс зводзіць Паўліну Мядзёлку і Янку Купалу ў 1913 годзе, калі была пастаўлена п’еса Купалы “Паўлінка”, дзе яна бліскуча сыграла галоўную ролю.

Пра тое, што звязвала Паўліну і славутага песняра — каханне ці проста сяброўства, — гісторыкі спрачаюцца да гэтага часу. Сама Мядзёлка ўспамінала, што аднойчы Купала падышоў да яе з прапановай рукі і сэрца. На што дзяўчына ласкава адказала: “Яначка, я цябе люблю як нашага паэта, як харошага сябра і не больш. А гэтага мала, каб быць тваёй жонкай”. Як сведчанне іх прыязнасці адзін да аднаго — фотаздымак, які падараваў Купала Паўліне і які яна захоўвала ўсё жыццё, бліскучы партсігар Мядзёлкі з выявай Янкі Купалы, якім яна карысталася пасля смерці песняра, і іншыя рэчы Паўліны Вікенцьеўны, што прадстаўлены на выставе.

Тэатральнай Паўлінцы налета споўніцца сто гадоў!

Спектаклем “Паўлінка” кожны свой сезон распачынае і тэатр, названы імем класіка. Да сярэдзіны 60-х вобраз беларускай дзяўчыны ўвасабляла Раіса Кашэльнікава. У розныя часы Паўлінкамі былі Ала Доўгая, Зоя Белахвосцік, Святлана Зелянкоўская, Юлія Шпілеўская. На выставе можна ўбачыць эскізы першых сцэнічных касцюмаў да “Паўлінкі” мастака Аскара Марыкса. Спектакль адразу атрымаў вялікую папулярнасць і за межамі Беларусі. Яго ставілі ў Латвіі, Літве і нават ЗША.

На выставе можна ўбачыць і сцэнічныя касцюмы Паўлінак розных часоў. Адзін з іх — з дамінуючым чырвоным колерам, другі — з сінім. Артыстка Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Ала Доўгая, якая была Паўлінкай да 1980-х, дзесяцігоддзі таму настолькі была папулярнай, што яе фота-здымак у купалаўскім вобразе быў змешчаны на каробках цукерак. “Калі іграла, атрымлівала цэлыя мяхі лістоў ад прыхільнікаў, — расказвае яна. — Хтосьці бачыў у Паўлінцы сімвал самой Беларусі! Юнакі расказвалі пра свае мары: “Вось бы сустрэць такую дзяўчыну, як Паўлінка!”

Сёння Паўлінку на сцэне Купалаўскага іграюць Святлана Зелянкоўская і Юлія Шпілеўская.  А выстава “Вяртанне Паўлінкі” ў музеі Янкі Купалы працягнецца да восені.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter