Что изменилось в гродненской Коложской церкви после капремонта

Вяртанне мураванага шэдэўра

У Гродне скончыўся капітальны рамонт славутай Каложскай царквы – будынка ХІІ стагоддзя. Нагадаем, ён пачаўся ў 2017 годзе і праходзіў у тры этапы. На першым аварыйную драўляную сцяну замянілі на новую, тэрмаўстойлівую. Былі выкананы вельмі складаныя работы па пад'ёме даху, устаноўлены аўтэнтычныя дзверы і вокны. Другі этап складаўся з шэрагу работ для засцярогі храма ад падтаплення падчас дажджоў і раставан-ня снягоў: замянілі адмостку, абсталявалі ліўневую і дрэнажную сістэмы. Трэці этап прадугледжваў унутранае аздабленне Каложы. І вось на пачатку года праваслаўныя вернікі атрымалi доўгачаканы падарунак – яны адсвяткавалі Каляды ў адноўленай святыні. 

Свята-Барыса-Глебскую Каложскую царкву XII стагоддзя могуць уключыць у спіс ЮНЕСКА.

Настаяцель храма, протаіерэй Аляксандр Балоннікаў, строга сачыў за якасцю будоўлі і вынікам застаўся задаволены. На гэтым тыдні ў царкве прайшоў падзячны малебен, гродзенскія будаўнікі і архітэктары атрымалі з рук бацюшкі памятныя граматы. Была праведзена сапраўды адказная работа, якая дазваляе некаторы час не хвалявацца за лёс аднаго з самых старажытных дзеючых храмаў краiны, які, дарэчы, плануюць унесці ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. 

Архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Алена СЧАСНАЯ: «Хутка прыхаджане і наведвальнікі царквы змогуць разгле­дзець падмурак, а таксама рэшткі некалі страчанай старадаўняй калоны Каложы».

Навуковы кіраўнік аб’екта, архі­тэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Алена Счасная, пагадзілася правесці невялікую экскурсію па храме. Яна паказвае на кавалкі фанеры памерам прыкладна два на два метры:

– Хутка тут будзе ўстаноўлена археалагічнае акно. Гэтую частку падлогі накрыюць трывалым шклом. Пад ім прыхаджане і наведвальнікі царквы змогуць разгледзець падмурак, а таксама рэшткі некалі страчанай старадаўняй калоны Каложы.



Але ці вельмі змяніўся храм пасля заканчэння ўнутраных работ?

– Было выканана аздабленне драўлянай сцяны ўнутры. Цалкам замянілі столь і падлогу ў алтарнай частцы. Бачыце вось той вялікі абраз наверсе? Для яго знайшлося месца, калі прыбралі разнастайныя напластаванні. Гэта вельмі старадаўняя рэч з Сафійскага сабора (Фары Вітаўта), які калісьці быў узарваны на Савецкай плошчы. Бачым і частку новага іканастаса. Ён трохі адрозніваецца па колеры.




Храм жыве паў­на­вартасным жыццём. Гэта даўно ўжо не музей. Што ж далей? Атрымліваецца, рэстаўрацыю, аб якой шмат гаварылі і пісалі, на пэўны час адклалі?

– Нядаўна прайшла чарговая навукова-практычная канферэнцыя, на якой вырашаліся два асноўныя пытанні. Першае датычылася каменнай часткі Каложскай царквы, якую не закранулі маштабныя рамонтныя работы. Да яе практычна не дакраналіся. Шмат пытанняў па кансервацыі каменнай часткі храма, стабілізацыі тэмпературна-вільготнаснага рэжыму ўнутры царквы. Разглядаюцца варыянты, вывучаецца міжнародны вопыт прымянення розных раствораў і тэхналогій. Усё ж такіх храмаў, дзе адна частка каменная, а іншая драўляная, больш няма. Акрамя таго, храм дзеючы. Сюды ўвесь год ідзе бесперапынная плынь турыстаў. Гэта таксама трэба ўлічваць.



– Але ж праведзена ўжо столькі даследаванняў, – канстатую факт. – Няўжо гэтага недастаткова?

– Недастаткова. Усё гэта патрабуе часу. Неабходна мець дакладнае ўяўленне аб існуючых расколінах. Дзе-нідзе ў ніжняй частцы будынка сыплецца цэгла. Што на гэта ўплывае? Магчыма, памяняўся клімат. Акрамя таго, падчас капрамонту адкрылі фрагмент калоны. Пакуль усё добра. Але як будзе далей? На ўсе гэтыя пытанні адказы павінны быць да пачатку рэстаўрацыі. Патрэбны падрабязныя архітэктурна-археалагічныя абмеры. Нягледзячы на тое што шмат гадоў храмам займаліся, іх па-ранейшаму няма. Адкрыты мур, як у дадзеным выпадку, мае на ўвазе прамалёўку кожнай цагліны. Сцяна разбіваецца на квадраты, і кожны элемент старанна фіксуецца, каб мець уяўленні аб тым, што адбудзецца з ім праз 20—30 гадоў. Акрамя таго, ёсць шмат участкаў з цэментавымі ўстаўкамі. А цэмент з вапнаю, як вядома, не сябруе. Неабходна зразумець, які яго аб’ём у тоўшчы муру.



Ёсць пытанні з другім выхадам з царквы. Плошча храма дазваляе змясціць больш за 50 чалавек. Калісьці тут было тры выхады. 

Адзін быў згублены падчас абрушэння сцяны. Другі можна адкрыць. Але ў той частцы сцяны ўтварыліся шматлікія расколіны. Таму трэба зрабіць так, каб нічога не павалілася. Улічваючы той факт, што аўтэнтычная падлога не захавалася, ёсць магчымасць правесці ў будынак хоць нейкае ацяпленне. 



– Калі параўноўваць першую і другую канферэнцыі і апошнюю, трэцюю, то прынятая пасля яе рэзалюцыя больш дакладная і рэзультатыўная, – кажа Алена Счасная. – Абмеркавалі нават неабходнасць развіцця інфраструктуры ў сувязі з павелічэннем колькасці турыстаў. Размяшчаць унутры царквы музейную экспазіцыю аб гісторыі храма было б няправільна. Усё гэта павінна быць арганізавана дзесьці на падыходзе да царквы, як і продаж сувеніраў, выставы і іншыя выгоды для абслугоўвання людзей, якія штодня прыязджаюць сюды. 

Нядаўна прайшла чарговая навукова-практычная канферэнцыя, на якой паднiмалася пытанне рэстаўрацыi каменнай часткі Каложы, якую пакуль не закранулі маштабныя рамонтныя работы.

Суразмоўніца адзначыла моманты па ўключэнні Свята-Барыса-Глебскай Каложскай царквы XII стагоддзя ў спіс ЮНЕСКА. З больш раннімі аб’ектамі, такімі як Мірскі замак або Белавежская пушча, рыхтавалася цэласнае дасье, дзе абгрунтоўвалася выключнасць аб’екта з розных пунктаў гледжання. Цяпер яно павінна складацца з дзвюх частак, адна з якіх – гэта план кіравання каштоўнасцю. У ім павінна адлюстроўвацца, як перасякаюцца розныя плыні наведвальнікаў, іх узаемадзеянне і гэтак далей. У выпадку станоўчага выніку адказнасць за Каложу будзе ўскладзена не толькі на прыход, але і на ўсю краіну. 

kondratieva@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter