В дворцово-парковом комплексе «Святск» скоро появится музейная экспозиция, посвященная его истории

Вяртанне легенды

На Гродзеншчыне працягваецца татальная рэканструкцыя гісторыка-культурных аб’ектаў. Адзін з самых знакавых і доўгачаканых — палацава-паркавы комплекс «Свяцк». Некалі раскошны маёнтак Валовічаў паступова набывае былую прыгажосць і веліч. Ход работ асабіста курыруе старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. Вельмі важна, каб першыя госці з’явіліся тут як мага хутчэй. Колькі яшчэ чакаць гэтага моманту і чым здзівіць турыстаў жамчужына Гродзеншчыны? Адказ на гэтае пытанне шукала карэспандэнт «Р».

Майстар агульнабудаўнічых работ Андрэй СЕРАДА бачыць змены, якія адбываюцца падчас рэстаўрацыі, кожны дзень.

Цяжкасці рамонту

Аднаўленчыя работы ў «Свяцку» пачаліся ў 2017 годзе, і з тых часоў ён прыкметна змяніўся. Яшчэ на пад’ездзе да маёнтка відаць, як удалечыні чырванеюць новыя дахi асноўнага будынка і двух флігеляў. Змяніўся і галоўны ўезд у маёнтак: з’явіліся спадзістыя карэтныя спускі па абодва бакі ад шырокай лесвіцы. Іх засталося толькі ўпрыгожыць дэкаратыўнымі элементамі і пафарбаваць. 

Хутка тут будзе цалкам унікальны аб’ект, дзе арганізуюць адпачынак для самых розных катэгорый грамадзян. У палацы з флігелямі і галерэямі размесцяцца музейны комплекс, рэстаран і гасцінічныя нумары, а таксама будзе працаваць своеасаблівы міні-санаторый. У гаспадарчым корпусе за садам адновяць стайню з карэтнай і кузню. А ў старадаўнім будынку, што захаваўся да нашых часоў, адкрыюць браварню з барам. У гасцявым доміку ля сажалкі з’явяцца шыкоўныя гасцінічныя нумары класа «люкс» для патрабавальных гасцей. 

Хутка ацалелымі інтэр’ерамі зоймуцца рэстаўратары.

Галоўны архітэктар ААТ «Гроднажылбуд» Анатоль Пархута курыруе гэты гісторыка-культурны аб’ект, а таму заўсёды ў курсе падзей, якія адбываюцца тут:

— Самае галоўнае дасягненне ў тым, што аб’ект выратаваны ад разбурэння. Усе бачылі, у якім стане знаходзіўся палац, калі будаўнічыя работы толькі пачаліся. Праз прагнілы дах у будынак зацякала вада, якая да таго ж трапляла пад падмурак. Цяпер па контуры выкананы дрэнаж, узмоцнены або заменены ўнутраныя перакрыцці, яны ўмацаваны за кошт спецыяльных «ін’екцый» у мур. На дадзены момант вядуцца аддзелачныя работы ў левым і правым флігелях, праз дзень-другi завершым уладкаванне даху. 

На будоўлі працуюць каля паўсотні чалавек. Будаўнікам «Гроднажылбуда» дапамагаюць спецыялісты ААТ «Белрэстаўрацыя». Агульны аб’ём работ па дагаворах падраду ўсіх пяці аб’ектаў, якія аднаўляюцца, складае каля 15 млн рублёў. Нягледзячы на тое што работы не спыняюцца, праекты даводзіцца час ад часу карэкціраваць.

Белая панна і асаблівая энергетыка

Палацава-паркавы ансамбль у Свяцку — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX стагоддзя. Аўтар гэтага манументальнага і грацыёзнага комплексу — італьянскі майстар Джузэпэ дэ Сака, які ў 1773 годзе пачаў будаўнічыя работы па просьбе гродзенскага магната Юзэфа Валовіча. Ён стварыў унікальны ўзор архітэктуры барока, што пераходзіла ў традыцыю класіцызму. Комплекс атрымаўся вельмі вялікі: сам палац, да якога прылягалі бакавыя галерэі, шэраг гаспадарчых пабудоў і, безумоўна, англійскі парк на плошчы 12 гектараў у асяроддзі каскада сажалак. Архітэктурную каштоўнасць палаца складана пераацаніць. Такіх у свеце ўсяго два. Малодшы «брат-блізнюк» нашага «Свяцка» знаходзіцца ў французскім Версалі. 

Такім «Свяцк» выглядае на старых фотаздымках.

— Першыя рабаванні палаца пачаліся яшчэ ў XIX стагоддзі, — успамінае сумныя старонкі мясцовай гісторыі Анатоль Пархута. — Потым з 1915 па 1930 год адбывалася планамернае спусташэнне. Ужо тады тут мала чаго засталося каштоўнага. Падчас Першай сусветнай вайны комплекс знішчалі сяляне. Паркавыя дрэвы пілавалі і пускалі на дровы, з палаца выносілі мэблю, люстэркі, скульптуры, выломлівалі паркет. У савецкі час тут быў шпіталь для афіцэраў, потым — санаторый для хворых на сухоты. Самі разумееце, што ўсё тут было перабудавана, перароблена і знішчана. У 2005 годзе палац апусцеў. І толькі пасля таго як аб’ект перадалі санаторыю «Азёрны», тут пачаліся перамены. 

На самай справе турыстам будзе цікава даведацца пра гісторыю гэтага ўнікальнага месца. Тут пануе асаблівая энергетыка. Да двух зрослых дрэў у зарослым парку і сёння прыязджаюць закаханыя, а страшную легенду пра дачку Валовіча перадаюць з вуснаў у вусны мясцовыя жыхары. Гучыць яна так: разгневаны бацька жорстка расправіўся з дачкой, якая пакахала конюха, замураваўшы яе жыўцом у калоне на другім паверсе палаца. Вось з тых часоў і пасыпаліся няшчасці на радавітую сям’ю. Палац апусцеў, а душа дзяўчыны блукае па пакоях у выглядзе белага ценю… 

Турыст чакае

Нават у часы, калі палац знаходзіўся ў стане запусцення, туды прыязджалі вясельныя картэжы і закаханыя пары. Гэты аб’ект вельмі важны для развіцця турызму ў рэгіёне. Асабліва цікавы ён з гістарычнага пункта гледжання, знаходзіцца ў маляўнічым месцы па дарозе на Аўгустоўскі канал. Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч спадзяецца на больш хуткае завяршэнне работ:

— Аб’ект і сёння выклікае цікавасць у турыстаў. З’езд з «аўгустоўскай» трасы да палацава-паркавага ансамбля заасфальтаваны, у планах — завяршыць асноўныя работы па перыметры палаца, перайсці да добраўпарадкавання тэрыторыі, якая прылягае. Як толькі з’явіцца магчымасць пад’езду да комплексу турыстычных аўтобусаў, плануем адкрыць часовую музейную экспазіцыю на аснове фотаматэрыялаў і дакументаў, што захаваліся. Акрамя таго, тут можна будзе выставіць частку старажытных артэфактаў, знойдзеных падчас рэканструкцыі, расказваць гасцям аб гісторыі палаца і яго ўладальніках Валовiчах. 

Часовая экспазіцыя будзе ў левым флігелі комплексу. У будучыні, калі работы ў палацы будуць завершаны ў поўным аб’ёме, пад невялікі музей адвядуць адзiн з пакояў цэнтральнай часткі будынка. Тут будуць адноўлены старажытныя роспісы на сценах, якія былі выяўлены будаўнікамі. Гэтым будуць займацца спецыялісты «Белрэстаўрацыі». Проста ў параднай лесвіцы, што вядзе на другі паверх, падчас даследавання слаёў тынкоўкі былі раскрытыя фрагменты старадаўняга роспісу. Ужо сёння тут цалкам выразна праглядаецца выява рыцара, які трымае ў руках шчыт. У будучыні яго адновяць, але прыступаць да падобных работ можна тады, калі ў будынку паставяць вокны і пусцяць цяпло. Аналагічным чынам другое дыханне праз многія гады атрымае роспіс «рамантычнай» залы з выявай неба на столі і пейзажнымi замалёўкамi на сценах. 

КАМЕНТАРЫЙ

Аляксандр КУПРАШЭВІЧ, дырэктар санаторыя «Азёрны»:

— Складана было чакаць нейкіх цікавых знаходак падчас правядзення работ, улічваючы стан, у якім мы атрымалі аб’ект. Але сёе-тое знайсці ўсё ж атрымалася. Цяпер у нас захоўваюцца старадаўнія дзверы, люстры, кафля, фрагменты ляпніны. 

Бібліятэка імя Карскага па нашай просьбе зрабіла для нас падборку літаратуры, дзе апісваюцца стравы, якія гатавалі ў тыя часы, касцюмы той эпохі. Актыўна супрацоўнічаем з упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама, разам распрацоўваем музейную канцэпцыю. Інфармацыі не так шмат, як здаецца на першы погляд, яе даводзіцца збіраць літаральна па крупінках. Спадзяёмся, што ў выніку карпатлівай працы нам будзе што паказаць нашым гасцям. 

kondratsieva@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter