Вяртанне класікі

У Мсціславе стартуе фестываль мастацтваў імя Мікалая Чуркіна

Фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна адкрываецца ў Мсціславе

Музычныя творы самых розных аўтараў, якія бліскуча здзейснілі закладзеную на Мсціслаўшчыне беларускую нацыянальную ідэю ў музыцы, прадставіць сёлетні фестываль мастацтваў імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна.

Ладзяць яго Магілёўскі аблвыканкам, Мсціслаўскі райвыканкам і Заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам народнага артыста і лаўрэата Дзяржаўнай прэміі нашай краіны, а таксама прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга. Імпрэза адбудзецца 20—21 верасня ў дванаццаты раз.

— Маленькімі літарамі мы малюем вялікія старонкі беларускага музычнага мастацтва пачатку ХХ стагоддзя, — адзначае маэстра Фінберг. — Паўстагоддзя творы Мікалая Чуркіна не гучалі ў Беларусі, пакуль наш калектыў не даў ім новае жыццё на фестывалі мастацтваў у Мсціславе. І гэта заканамерна, бо менавіта Мсціслаў і Магілёўшчына сталі калыскай беларускага нацыянальнага музычнага мастацтва. Моцны імпульс для далейшага развіцця яно атрымала дзякуючы падвіжніцкай і асветніцкай дзейнасці Мікалая Чуркіна.

Імя Чуркіна стала знакавым для беларускага музычнага свету. З-пад яго пяра выйшлі першыя беларускія буйнамаштабныя кампазіцыі нацыянальнага зместу — опера «Вызваленне працы» і сімфаньета «Беларускія малюнкі». Створаныя ў пачатку 20-х гадоў у Мсціславе, яны адкрылі новыя шляхі фарміравання беларускай музычнай прасторы, у якой амаль сто гадоў доўжыцца разгортванне крэатыўных ідэй славутага майстра.

Найлепшыя старонкі беларускай музычнай спадчыны прадставяць камерныя калектывы аркестра. У выкананні ансамбляў флейтыстаў, трубачоў, кларнетыстаў, струннага квартэта і струннага аркестра прагучаць творы Чуркіна, Туранкова, Абеліёвіча, Аладава, Вагнера, а таксама іх славутых папярэднікаў — Голанда, Манюшкі, Агінскага. Вакальны ансамбль аркестра падрыхтаваў праграму «Беларускае харавое мастацтва: мінулае і сучаснасць» з твораў айчынных кампазітараў розных эпох.

Як расказалі карэспандэнту «Р» у аркестры, працягам музычнага свята мастацтва стануць мерапрыемствы з нагоды 70-годдзя вызвалення Мсціслава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і раённыя «Дажынкі». Падарунак жыхарам горада і раёна падрыхтаваў і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі, які выступіць на Цэнтральнай плошчы з гала-канцэртам папулярнай музыкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter