Вяртанне Аскара Марыкса

У Мінску наладжана выстава работ мастака Аскара Марыкса

З нагоды 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Славацкай Рэспублікай і Рэспублікай Беларусь у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета прайшла прэзентацыя змястоўнага альбома-кнігі і наладжана выстава работ народнага мастака Беларусі Аскара Марыкса. Сярод арганізатараў — славацкае пасольства ў нашай краіне.

У чытачоў «Р», пэўна, узнікне пытанне: якое дачыненне мае названае пасольства да мастака? Ды і яго імя цяпер амаль невядома шырокай грамадскасці рэспублікі, асабліва моладзі. А між тым гэта вельмі цікавая і таленавітая творчая асоба, чый унёсак у тэатральнае мастацтва Беларусі даволі важкі. Народны мастак Беларусі Аскар Пятровіч Марыкс быў самааддана ўлюбёны ў тэатр і, як адзначае кандыдат мастацтвазнаўства Р. Частнова, меў да яго асаблівае пачуццё. На працягу ўсяго жыцця гэтае пастаяннае і непагаснае памкненне натхнялася і ўзбагачалася творчым і смелым эксперыментам у спалучэнні са скрупулёзным вывучэннем культуры, архітэктуры, жывапісу.

Нарадзіўся Аскар Марыкс у 1890 годзе ў Львове, на тэрыторыі былой Аўстра-Венгрыі. Мае славацкія карані. Закончыў Пражскі філіял Венскай акадэміі, дзе вучыўся на курсах архітэктуры і дэкаратыўнага мастацтва. Хутка трапіў у Маскву, там сустрэўся з вядомым тэатральным дзеячам П. Струйскім і працаваў у яго антрэпрызе.

У 1919 годзе Марыкс апынуўся ў Смаленску. Тут ён разам з рэжысёрам Львовым і мастаком Валянковым стварыў адну з першых франтавых труп — «Смаленскі рускі чырвонаармейскі тэатр». У Беларусь Марыкс прыехаў у 1920 годзе, маючы дзесяцігадовы практычны стаж работы мастаком-дэкаратарам, архітэктарам спачатку ў шэрагу гарадоў Заходняй Еўропы, а потым — у Маскве, Уфе і іншых расійскіх гарадах.

У Мінску Аскар Пятровіч працягваў актыўную творчасць. Разам з мастаком К. Елісеевым пад псеўданімам Елімар былі зроблены дэкарацыі для творчых аб’яднанняў горада.

Культурнае жыццё тады ў Мінску аднаўлялася бурна. Ладзіліся мастацкія выставы, у гарадскім тэатры паспяхова ішлі спектаклі Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, якое ўзначальваў Фларыян Ждановіч. На аснове трупы гэтага таварыства ў верасні 1920 года быў створаны нацыянальны Беларускі дзяржаўны драматычны тэатр, які сёння носіць імя Я. Купалы. З 1920 года мастацкім кіраўніком тэатра стаў Яўсцігней Міровіч. Ён і запрасіў Марыкса на пасаду галоўнага мастака.

Марыкс ведаў, што ў кожнага народа ёсць жыватворная крыніца, адкуль людзі чэрпаюць сілы, гістарычны вопыт, надзею і веру. Гэта — нацыянальная культура, якая ствараецца вялікімі намаганнямі многіх таленавітых людзей. У заходнеславянскай культуры Аскар Пятровіч лёгка знаходзіў агульныя рысы з беларускай. Мастак адчуваў блізкасць славянскіх культур, якія пры ўсёй шматграннасці, пры ўсіх адрозненнях у Беларусі, Украіне, Чэхіі, Польшчы, Расіі выраслі з аднаго мацярынскага кораня.

Дойлідства — гэта ж сведчанне старажытнай культуры, пераконваў ён. Адначасова Марыкс працаваў і ў жанры пейзажа. Усе архітэктурныя помнікі ён маляваў у пейзажным, так бы мовіць, асяроддзі: «Аскольдава магіла», «Вежы Мазепы», «Сабор на Берастове», «Нясвіжскі замак» і іншыя.

Творчае станаўленне Марыкса адбылося ўжо ў першых спектаклях, пастаўленых рэжысёрам Міровічам, якія знаёмілі гледачоў з нацыянальнай культурай, фальклорам, народным побытам і традыцыямі. Фальклорная п’еса «На Купалле», аформленая Марыксам сумесна з К. Елісеевым, прайшла бліскуча і надоўга стала візітнай карткай тэатра. Потым, ужо самастойна, Марыкс афармляў такія пастаноўкі, як «Машэка», «Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Я. Міровіча.

Упершыню ў гісторыі беларускага тэатральна-сцэнічнага мастацтва Марыкс стварае афармленне, якое не проста ілюструе падзеі, што адбываюцца на сцэне, а робіць дэкарацыі эмацыянальна дынамічнымі, выразнымі, і яны ствараюць адпаведную атмасферу. Вялікі поспех таксама мелі яго дэкарацыі да спектакляў «Салавей» З. Бядулі, «Цудоўная дудка» В. Вольскага, «Яўгеній Анегін» П. Чайкоўскага, «Дон Кіхот» Л. Мінкуса і іншых.

Свой стыль і каларыт уносіў Марыкс і пры стварэнні эскізаў для касцюмаў. Тут мастак прытрымліваўся высокай тэатральнасці, яго убранні вобразныя, дынамічныя, прыгожыя, адпавядаюць агульнаму настрою спектакля.

У вайну Марыкс эвакуіруецца ва Уральск, там ён галоўны мастак віцебскага тэатра (імя Я. Коласа), афармляе амаль усе спектаклі таго часу. Пасля вайны мастак вяртаецца ў Беларусь, дапамагае ладзіць работу абласных тэатраў у Гомелі, Гродне, Брэсце. У 1974—1976 гадах Марыкс працаваў над серыяй «Беларусь старажытная». Створаныя ім мастацкія палотны даюць падставу разглядаць гэты цыкл як гістарычную сюіту пра нашых продкаў. Яшчэ адно захапленне Марыкса — чаканка і вітражы.

Шчыры па натуры, Аскар Пятровіч перадаваў свой багаты вопыт моладзі. Мастаку было ўжо 70 гадоў, калі яго намаганнямі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце стварылі кафедру тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва. Быў распрацаваны і курс лекцый па гісторыі касцюма з паказам адзення розных эпох і народаў. А таксама эскізы беларускага народнага адзення.

Выпусціла ў свет згаданы альбом-кнігу на рускай, беларускай, славацкай і англійскай мовах мінскае выдавецтва «Чатыры чвэрці». Яго дырэктар Ліліяна Анцух расказала карэспандэнту «Р»:

— Гэта наш праект, з дапамогай якога адкрываем і вяртаем чытачам імя выдатнага творцы. Вучнямі майстра былі вядомыя мастакі Барыс Казакоў, Юрый Тур, Уладзімір Гардзіенка. І ўсё лепшае, што асацыіравалася ў іх з мастацтвам, звязана з імем Аскара Марыкса, яго патрабавальнасцю, прынцыповасцю і сумленнасцю. Нам удалося знайсці людзей, якія ведалі яго, у Славакіі наладзілі выставу работ мастака. Цяпер з ім сустракаюцца жыхары і госці беларускай сталіцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter