Вяртанне

Берасцейскi майстар Мiкола Кузьмiч завяршае работу па аднаўленнi захавальнiцы мошчаў Ефрасiннi Полацкай Калючая завiруха схапiла Брэст у свае назойлiвыя абдымкi. А тут, у майстэрнi, цёпла i ўтульна. Ад незвычайнай духмянасцi настоенай на лiпеньскiх зёлках гарбаты, гарачы кубачак якой адразу ж прапанавалi замерзламу чалавеку. Ад васковага водару, якiм поўнiлася прастора пакоя. Ад той гармонii, што звычайна пануе сярод людзей, якiя, можа, як след i не ўсведамляючы таго, твораць для многiх наступных пакаленняў.
— Ну вось, вы цяпер i не захварэеце, — абнадзеiў старэйшы сярод вучняў Мiкалая Кузьмiча Мiхась Фiлiпаў. — Тут энергетыка асаблiвая...
Што праўда, то праўда. Добразычлiвасць ва ўсiм. У прыязных усмешках i адкрытых тварах, у нечакана шчырай гутарцы. Цёплы клён далонь лашчыць, свецiцца чысцiнёй сярэбраная аправа ракi — куфра, у якiм будуць захоўвацца мошчы заступнiцы зямлi беларускай Найпадобнай iгуменнi Полацкай Ефрасiннi. Андрэй Мазько, Саша Андрайчук i Мiша Фiлiпаў надзвычай засяроджана шчыруюць над васкоўкамi. Праца карпатлiвая i тонкая — не адну сотню выплаўленых з воску невялiчкiх форм трэба давесцi да аднолькавай таўшчынi, з iх потым будзе адлiты срэбны арнамент, якi напрыканцы аздобяць рознакаляровыя плямкi эмалi.
Не без гонару Мiхаiл удакладняе, што крыжы на бакавiнах ракi — гэта яго работа. Пад пiльным вокам майстра з пластылiну ляпiў узор, якi, ужо адлiты з бронзы i пакрыты пазалотаю, заняў сваё месца на вякi. Да клёнавай асновы ўжо прымацаваны i залачоныя рэльефы. Адзiн — з выяваю святых зямлi беларускай з Ефрасiнняй Полацкай у цэнтры, другi прысвечаны перанясенню мошчаў Найпадобнай з Iерусалiма ў Кiеў. Верхняя частка будзе ўяўляць сабою абраз нябеснай заступнiцы ў сярэбранай аправе. Выгляд куфра, у якiм мошчы святой Ефрасiннi на пачатку мiнулага стагоддзя захоўвалiся ў полацкай царкве Спаса, аднаўлялi па нешматлiкiх фотаздымках...
“Гiсторыя мошчаў святой Ефрасiннi — iх вяртанне на Бацькаўшчыну, блуканнi па пакутах у гады “ваяўнiчага атэiзму” i канчатковае вяртанне ў Спаса-Ефрасiннеўскi манастыр — бадай, не менш цiкавая, чым само жыццё асветнiцы”, — прыгадвае Уладзiмiр Арлоў у сваёй кнiжцы “Таямнiцы полацкай гiсторыi”. Як вядома, Ефрасiння Полацкая напрыканцы жыцця здзейснiла паломнiцтва ў Святую Зямлю, дзе i памерла. Неўзабаве Iерусалiму пачалi пагражаць магаметане, i ў 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу, султан Саладзiн за выкуп дазволiў хрысцiянам пакiнуць горад разам са сваiмi рэлiквiямi. Як велiзарны скарб усходнеславянскiя манахi везлi з сабою раку з нятленнымi астанкамi Ефрасiннi. Iхнi шлях ляжаў да Кiева-Пячорскага манастыра, дзе мошчам давялося спачываць больш за сем стагоддзяў.
У красавiку 1910 года Кiеў развiтаўся з полацкай князёўнаю. На другi дзень Вялiкадня, распавядае Арлоў, у падземным храме Звеставання прайшло ўсяночнае набажэнства. Назаўтра святыню пераклалi ў новую кiпарысавую раку i вынеслi да тысяч багамольцаў. Мошчы i асобы, якiя iх суправаджалi, падарожнiчалi на трох дзяржаўных параходах. У насавой частцы аздобленага кветкамi, маем i сцягамi флагмана флатылii стаяла каплiца з люстранымi вокнамi, абапал яе — дзве залатыя харугвы. Раку з мошчамi паставiлi пад балдахiнам на карме белага карабля. Флатылiя з мошчамi прайшла па Дняпры ад Кiева да Оршы 695 вёрст, паўсюль сустраканая сцiжмамi вернiкаў.
З Оршы да Полацка мошчы святой везлi сухазем’ем. 23 траўня 1910 года, у дзень памяцi святой (5 чэрвеня па новым стылi), яе нятленныя астанкi вярнулiся ў Спасаўскi сабор. Iх чакала абкладзеная срэбрам кiпарысавая рака, зробленая ў вiзантыйскiм стылi на ахвяраваннi вернiкаў. Рака каштавала велiзарныя на той час грошы — 12 тысяч рублёў...
У 1922 годзе, паводле пастановы Камiсарыята юстыцыi РСФСР, дамавiну ўскрылi. Ускрыўшы куфар, мошчы адправiлi на атэiстычную выставу ў Маскву, адтуль — у Вiцебск, дзе iх дэманстравалi ў краязнаўчым музеi. А за год да гэтага ў Спаса-Ефрасiннеўскiм манастыры прадстаўнiкi новай улады рэквiзавалi ўсе каштоўнасцi. I сярод iх — сярэбраную раку вагою 40 пудоў. Толькi ў 1943-м вернiкi змаглi вярнуць нятленныя мошчы ў Полацк, дзе яны спачываюць i цяпер.
У 2002 годзе Мiтрапалiт Мiнскi i Слуцкi Фiларэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусi благаславiў берасцейскага майстра Мiколу Кузьмiча, чые рукi, душа i розум у свой час паслужылi адраджэнню страчанай нацыянальнай каштоўнасцi — Крыжа Ефрасiннi Полацкай, на пачын не меней важны — узнаўленне захавальнiцы мошчаў нашай нябеснай заступнiцы.
— З Божай дапамогаю ствараецца наша рака, паводле распараджэння Прэзiдэнта краiны, на гэтую справу выдзелена больш за 120 кiлаграмаў серабра, — распавядае Мiкола Пятровiч. — Ствараецца павольна: работа ж уся не цэхавая, не канвеерная — ручная. Ды тут спяшацца i нельга — важна кожны рух, кожны крок глыбока зазнаць уласным пачуццём. З новага года лiццём зоймемся. І вельмi хацелася б, каб тое, што мы ствараем, захавала ў сабе адбiтак нашых душ i сэрцаў. Бо гэта ёсць вяртанне да вытокаў, а разам з тым — вяртанне да сябе.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter