Вяртаемся да сябе

Сімвалам адраджэння стаў у найноўшай гісторыі Беларусі Нясвіж. Менавіта ў гэтым горадзе 12 гадоў таму ўпершыню загучалі мелодыі, народжаныя кампазітарамі, што жылі, тварылі на гэтай зямлі і ў іншых кутках нашай краіны ў вякі мінулыя і былі прызнаныя потым ці не ва ўсім свеце. Іхнія музы намаганнямі таленавітага калектыву — Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга вярнуліся ў Нясвіж, прывёўшы за сабою пакравіцелек жывапісу, тэатра... і нават навукі. І сёлетнім маем стала канчаткова зразумела, што і дагэтуль унікальны фестываль камернай музыкі "Музы Нясвіжа" вырваўся са сваіх традыцыйных межаў і што ператварыўся ён у вялікі фестываль мастацтваў, якім па праву могуць ганарыцца не толькі несвяжане, усе беларусы.

... праз музыку
сёлетнім маем стала канчаткова зразумела, што і дагэтуль унікальны фестываль камернай музыкі “Музы Нясвіжа” вырваўся са сваіх традыцыйных межаў і што ператварыўся ён у вялікі фестываль мастацтваў, якім па праву могуць ганарыцца не толькі несвяжане, але і ўсе беларусы.
За дванаццаць год фестываль камернай музыкі “Музы Нясвіжа”, які атрымаў ужо статус рэспубліканскага, майстэрствам аранжыроўшчыкаў і музыкантаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі ці не з аднаго нотнага радка вярнуў прафесіяналам і аматарам столькі твораў, што іх хопіць на вялікую энцыклапедыю музычнага мастацтва Беларусі.
Але місія гэтага унікальнага, не пабаюся сказаць, для ўсёй Еўропы музычнага фэсту не толькі ў тым, каб узнаўляць колішнія імёны выдатных музыкантаў, мастакоў, артыстаў — “Музы Нясвіжа” з яго выставамі, тэатральнымі пастаноўкамі ўжо стаў фестывалем мастацтваў. Задача фестывалю, як адзначаюць яго традыцыйныя арганізатары і перш за ўсё народны артыст Беларусі прафесар Міхаіл Фінберг, — адкрыць імёны сённяшнія. Дадам, адкрыць нанава, скажам, тых кампазітараў, што стваралі зусім нядаўна, у толькі што адышоўшым ХХ стагоддзі, а напачатку папсовага ХХІ аказаліся раптам незапатрабаванымі. Леў Абеліёвіч. Мікалай Аладаў, Анатоль Багатыроў, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Мікалай Чуркін — ім была прысвечана галоўная праграма 12-га па ліку фестывалю ў Нясвіжы.
“Гэтыя і іншыя славутыя творцы застаюцца знакавымі постацямі эпохі фарміравання і бліскучага росквіту беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы. Яны вельмі розныя па сваіх творчых памкненнях, па накіраванасці музычнай дзейнасці, — падкрэслівае нязменная вядучая канцэртаў доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. — Чуркін — знаўца і збіральнік фальклору розных народаў, засяродзіўся на выяўленні народна-жанравых вытокаў беларускай музыкі. Багатыроў і Аладаў раскрывалі эмацыянальна-вобразнае багацце гэтай музыкі, яе высокі маральна-этычны змест. Кіруючы вышэйшай навучальнай установай краіны, яны ўнеслі важкі ўклад у працэс станаўлення беларускага прафесійнага мастацтва ў розных яго ўвасабленнях. Абеліёвіч адкрываў філасофскія, псіхалагічныя, інтэлектуальныя таямніцы беларускага музычнага мастацтва, а Глебаў — яго невычарпальныя магчымасці ў выяўленні чалавечых пачуццяў, бліскучага ўвасаблення як у эстрадных, так і акадэмічных — оперна-балетных і сімфанічных творах, што атрымалі прызнанне не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі. Іх музыка, адкрываючы розныя бакі айчыннага музычна-прафесійнага свету, дэманструе і яго агульныя рысы: імкненне да народных вытокаў, высокую духоўнасць, патрыятызм ва ўвасабленні ваеннай тэмы, мастацкую ўзнёсласць”.
Сёлетні Нясвіж нарадзіў новую музычную традыцыю, якая вельмі пасуе да адзення фестывалю ў стылі Адраджэння. У адноўленай старажытнай Ратушы — сведцы магдэбургскага права горада — прайшла Першая беларуская асамблея выканаўцаў на драўляных духавых інструментах. Самы яе хвалюючы момант — канцэрт юных выканаўцаў на гэтых інструментах з усёй Беларусі. Юных віртуозаў, накшталт саксафаніста з Круглага, што на Магілёўшчыне, Аляксандра Карабаева. Яны перамаглі не на адным міжнародным конкурсе, сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі.
Музыка, якую выконвалі хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты, — з той, што некалі нават і не ведалі на Беларусі. Бо, па словах той жа Вольгі Дадзіёмавай — даследчыцы гісторыі нацыянальнай музыкі, доўгі час лічылася, што нацыянальнае беларускае — гэта фальклор і музыка ХХ стагоддзя. Чаму так адбылося? Народ наш быў рознамоўным і рознаканфессіянальным, і асэнсаванне агульнай спадчыны прыйшло не адразу. Зараз, дзякуй богу, захаванне і вяртанне музычных каштоўнасцей стала ўжо задачай дзяржаўнай. А народжаная некалі маэстра Фінбергам утапічная ідэя — паказваць у маленькіх гарадах старажытную камерную музыку, як кажуць, авалодала масамі. Камерныя фестывалі множацца па гарадках Беларусі, выхоўваюць на высокай музыцы новых свядомых грамадзян краіны. Сёлета ў Міры, напрыклад, на V рэгіянальным фестывалі мастацтваў “Мірскі замак” у канцэрце з праекта “Знакамітыя імёны Беларусі” слухалі музыку Мацея і Антонія Радзівілаў. Менавіта ў Нясвіжы Мацей напісаў лібрэта да оперы “Агатка, або прыезд Пана”, прысвечанай ідэі вызвалення прыгонных сялян.
...гістарычную памяць
Ці задумваліся вы, чаму такімі папулярнымі сталі ў народзе фестывалі менавіта ў маленькіх старажытных беларускіх гарадах? Чаму ў Нясвіж штогоднім маем імкнуцца аматары музыкі нават са сталіцы, у тым ліку паслы, дыпламаты розных замежных краін? Ці чаму да муроў другога радзівілаўскага замка — Мірскага, адкрытага для музычнага свету зноў жа народжаным у нетрах аркестра Фінберга фестывалем “Мірскі замак”, едуць сёння калектывы і салісты рознага кшталту — фальклорныя, эстрадныя? Тут нейкая асаблівая аура, кажуць людзі эмацыянальныя. Тут дыхае сама гісторыя, сцвярджаюць навукоўцы і ўжо каторы год прывозяць у Нясвіж, а сёлета і ў Мір свае навуковыя распрацоўкі, што тычацца музычнага мастацтва, архітэктуры, побыту тутэйшых гаспадароў маёнткаў, сядзіб, замкаў. Старажытны Нясвіж на працягу многіх стагоддзяў быў сімвалам і рупліўцам айчыннай гістарычнай спадчыны. І ўзнаўляемы сёння Нясвіжскі палац столькі можа расказаць нам пра нас! Сёння, калі раскапаныя валы вакол палаца паказалі свету старажытную цэглу-пальчатку — с адбітымі на ёй пальцамі стражытных майстроў, раптам і адразу паверылася: нічога не памірае, не адыходзіць у нябыт. Пакуль жыве памяць.
Ужо восенню, абяцаюць рэстаўратары, турысты змогуць наведаць частку адноўленых збудаванняў Нясвіжскага палаца. А пазней з’явяцца ў ім гасцініца, рэстаран, залы. Дзе будзе гучаць чароўная музыка, што не сыходзіць з душаў тутэйшых жыхароў каторы век, дазваляючы сцвярджаць, што Нясвіж і сёння захоўвае статус адной з культурных сталіц Беларусі.
...мецэнацтва
А зрабілі некалі Нясвіж культурнай сталіцай, пра якую казалі “у Нясвіжы, як у Парыжы”, мецэнаты. Радзівілы, што садзейнічалі развіццю ў тутэйшых мясцінах музыкі і танцаў, паэзіі і тэатра. Тэатральныя спектаклі, акцёрамі ў якіх былі сяляне, адбываліся прама на беразе возера, насупраць палаца, а глядзелі іх усёй князёўскай сям’ёй з балкона. Сёння балкон гэты чакае заканчэння рэстаўрацыі і, чаму б не, можа, зноў будзе выконваць функцыю віп-ложы...
Нехта скажа: мецэнацтва дзеля асабістай асалоды паноў... Дык не ж! Тая музыка, што нараджалася і выконвалася тут, разышлася потым па свеце, каб ужо ў якасці донара харчаваць музыку народаў як на Захадзе, так і на Усходзе. А што тычыцца люду простага, то ў сёлетні прыезд у музеі нясвіжскай Ратушы, дзе ўжо выстраілася экспазіцыя, давялося пачуць і ўбачыць рэчы дзівосныя. У вялікім каваным куфры хаваліся да часу грошы — спадчына дзяцей памерлых бацькоў, каб да паўналецця не засталіся малыя жабракамі. Пра гэта клапаціліся ўлады горада. А Радзівілы давалі пасаг дзяўчатам, што выходзілі замуж з небагатых сямей. За тыя грошы можна было купіць карову! І рабілі гэта толькі дзеля таго, каб не пакідалі людзі Нясвіж у пошуках лепшай долі, каб бераглася тут тая аура, што і сёння насычае нас дабром і любоўю.
І Адраджэнне нашых часоў пачалося на Нясвіжчыне з мецэнатаў. Хіба не быў ім Уладімір Несцеравіч Дражын, былы старшыня райвыканкама, а зараз беларускі пасол у балтыйскіх краінах, калі падхапіў ідэю маэстра Фінберга і пачаў шукаць сродкі для першага камернага фестывалю. Ці Леанід Фёдаравіч Крупец, цяперашні губернатар Мінскай вобласці, які ў свой час прыняў ад Дражына раён разам з традыцыямі “Муз Нясвіжа” і зрабіў усё, каб рос, шырыўся, мацнеў гэты фэст. Потым быў Фёдар Прывалаў з яго марай прыцягнуць у гэтыя мясціны столькі турыстаў, каб зарабляць мільёны долараў. Тыя прывалаўскія мільёны вітае і Ігар Мікалаевіч Макар — цяперашні гаспадар раёна. І робіць шмат, каб захацелася людзям з грашамі і цівавасцю ў вачах прыехаць, пажыць у Нясвіжы, пахадзіць па ваколіцах. Эканоміка раёна развіваецца вельмі дынамічна. А раз з эканомікай усё ў парадку, разважае Макар, можна і пра душу дбаць. Будуюць у Нясвіжы бібліятэку, хутка возьмуцца за новы Палац культуры і гасцініцу. Турыстычны бізнес, лічыць Макар, патрабуе немалых першапачатковых затрат. У інфраструктуру — дарогі ў горадзе ўпарадкоўваць і будаваць не перастаюць ці не цэлы год. У індустрыю забаўляльнага адпачынку — ствараецца ў горадзе аэраклуб, как палятаць можна было і над Нясвіжам, і над Мірам. Старшыня райвыканкама марыць і пра тое, каб унікальны фестываль “Музы Нясвіжа” стаў часткай турыстычнага маршруту. І ведаеце, што надае аптымізму і веры ў фестывальна-турыстычную будучыню гэтага краю? Спакойная заява Ігара Мікалаевіча Макара: “Мы заўсёды робім усё, што плануем”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter