Комиссия проверила как готовится Городокский район к областным "Дожинкам"

Вяршкi i карэнчыкi

Почырк чашніцкіх меліяратараў усюды аднолькавы: рабіць як для сябе
Почырк чашніцкіх меліяратараў усюды аднолькавы: рабіць як для сябе



Высокая камісія правярала, як рыхтуецца Гарадоцкі раён да абласных «Дажынак». Аб’езд паказаў, што ўсё ідзе па плане ці блізка да яго. Аднак, завітаўшы на поле каля вёскі Верамееўка, члены дэлегацыі здзіўлена пераглянуліся: там, дзе павінны былі весціся яшчэ меліярацыйныя работы, буяла кукуруза. Спачатку падумалі, што трапілі не туды. Але прадстаўнік мясцовай улады патлумачыў, што Чашніцкае ПМС, якому была даручана работа, здало аб’ект яшчэ ў маі, і тут паспелі пасеяць кукурузу.


І Міншчына для іх не чужая


Дырэктар УП «Чаш- ніцкае ПМС» Валерый Гаўрылаў нічога асаблівага тут не бачыць: 


— У Гарадоцкім раёне нам выдзелілі аб’ект пад рэканструкцыю на 85-ці гектарах. Аб’ект далёкі, за 140 кіламетраў. Якія расходы людзей вазіць... Вось і даставілі туды ці не ўсю тэхніку. Працавала адразу некалькі брыгад: і кусты ўбіралі, і пні карчавалі, і каналы капалі, і аралі. Зрабілі падоўжаныя рабочыя дні, прыхоплівалі выхадныя. Дрэнажа толькі ўклалі 20 кіламетраў. Паспелі за месяц з «хвосцікам» замест вызначаных па плане трох.


Падобнае — не адзіны факт, а почырк работы арганізацыі. І вымусіла «перабудавацца» на такі лад само жыццё. Дзяржаўных меліярацыйных аб’ектаў у сваім раёне не хапае. На гэты год — усяго два: «Варкі» ў ААТ «Проземля-Агра» і «Бярозкі» ў ААТ «Кашчынскае». Цяжкасці з фінансаваннем. Напрыклад, на «Бярозкі» патрэбна 6 мільярдаў рублёў, а паступіла з рэспубліканскага бюджэту толькі 700 мільёнаў, якія даўно выдаткавалі, хаця работы не спынілі. 


550а.jpg


Вось і даводзіцца шукаць аб’екты ў іншых месцах. Нават у суседняй Мінскай вобласці, Барысаўскім і Крупскім раёнах. У апошнім аб’ект 300 гектараў і коштам 6 мільярдаў рублёў, разлічаны на год, здалі летась за 3 месяцы. Значныя аб’ёмы работ чашнічане выконваюць і ў Барысаўскім раёне. 


Узнікае законнае пытанне: што, там няма сваіх меліярацыйных арганізацый? Ёсць, вядома. Толькі ў тым жа Барысаўскім раёне меліяратары займаюцца і будаўніцтвам, якое, асабліва ў горадзе, набыло размах. А дзе будоўля, там і грошы.


Чашніцкі раён і Барысаўскі — суседнія. Каб зменшыць расходы, амаль на мяжы з ім, у Красналуках, ПМС стварыла свой участак. У ім неабходная тэхніка і 30 чалавек мясцовых меліяратараў. Ад участка да аб’ектаў у Барысаўскім раёне ўсяго 12 кіламетраў, у той час як да Чашнікаў — усе 50.


Акрамя таго, рабочыя ўчастка аказваюць вялікую дапамогу ў навядзенні парадку на зямлі мясцовай гаспадарцы — КУСГП «Красналукскае» па так званай абласной праграме «Чыстыя палі». У ёй, між іншым, самы актыўны ўдзел прымае ўсё Чашніцкае ПМС.


Калі «Чыстыя палі» ва ўмелых руках


Наконт праграмы «Чыстыя палі», распачатай пяць гадоў таму старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Косінцам, існуюць розныя, часам супрацьлеглыя пункты гледжання. Адны вітаюць яе, што даўно трэба было за гэта ўзяцца, бо вобласць зарастае кустамі. Іншыя, наадварот, сцвярджалі, што гэта ўпустую выкінутыя грошы, бо тыя ж выразаныя кусты ў наступныя гады адрасталі яшчэ больш.


555а.jpg



Сёння відавочна адно: там, дзе разумна, па-гаспадарску падышлі да справы, праграма поўнасцю апраўдвае сябе. І прыкладам таму — Чашніцкі раён. Тут старшыня райвыканкама Уладзімір Булай даручыў гэту адказную работу не ўсяму «свету» (прадпрыемствам, арганізацыям і гэтак далей), а спецыялістам УП «Чашніцкае ПМС», дзе ёсць уся неабходная тэхніка. Навошта мучыцца з бензапіламі, паліць дарма гаручае, калі тыя ж кусты зімою можна спакойна зрэзаць лапатай бульдозера. А каб не пайшлі парасткі, вясною і летам карчавальнікам выцягваюць дашчэнту ўсе карані. 


Але і гэта яшчэ не ўсё. Кусты і карані гэтыя не пакідаюць на полі, а выкарыстоўваюць на паліва. Іх забіраюць сваёй тэхнікай камунальнікі, здрабняюць на спецыяльным абсталяванні на шчэпкі і ацяпляюць імі мікрараён горада, замяняючы тым самым каштоўныя газ і мазут. 


На такое ж паліва поўнасцю перавяло сваю кацельню і само ПМС.


Такі метад работы стаў прымяняцца і на дзяржаўных аб’ектах. На палях не стала велізарных буртоў, у якія ссоўваліся разам з верхнім слоем зямлі тыя ж кусты з карэннем, і перагнівалі яны гадамі.


Дзякуючы падтрымцы меліяратараў і пастаяннаму кантролю з боку старшыні райвыканкама Уладзіміра Булая за пяцігодку такім чынам ПМС вызваліла менавіта толькі ад кустоў па праграме «Чыстыя палі» паўтысячы гектараў зямлі ў гаспадарках раёна. Контурнасць палёў вырасла ў два разы: з 9 гектараў да 18.


Праўда, існуе праблема : далёка не ўсе сельгаспрадпрыемствы своечасова расплачваюцца за выкананую работу. Сёння яны павінны яшчэ 2,5 мільярда рублёў ПМС. Сітуацыя склалася з-за няўстойлівага фінансавага становішча некаторых аб’ектаў гаспадарання. Але ў апошні час яны імкнуцца пагасіць задоўжанасць прадукцыяй. Тым жа зернем.


Аднак асаблівая крыўда меліяратараў на энергетыкаў, у прыватнасці, Лукомльскую ГРЭС. На працягу двух месяцаў рабочыя  ПМС добраўпарадкоўвалі тэрыторыю, асушалі балота, якое падыходзіла амаль да галоўнага корпуса станцыі. 


— Работы вяліся ў надта складаных умовах, — паведала галоўны інжынер ПМС Марына Грыневіч, — часта ўручную, з лодак, бо пад зямлёю ішлі газаправоды, а ўверсе — лініі высокага напружання. Усе работы, аграмеліяратыўныя і культурнатэхнічныя, вяліся за кошт нашай арганізацыі, на што было выдаткавана паўтара мільярда рублёў. Работы да гэтай пары не толькі не аплачаны, але ГРЭС катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.


Калектыў УП «Чаш- ніцкае ПМС» звярнуўся ў Міністэрства энергетыкі. Адказ атрымалі ад намесніка міністра В. М. Каранкевіча надта лаканічны: «У сувязі з тым, што паднятае ў звароце калектыву УП «Чашніцкае ПМС» пытанне не адносіцца да кампетэнцыі Міністэрства энергетыкі, указаны зварот накіраваны, згодна з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», у Чашніцкі райвыканкам для разгляду ў адпаведнасці з кампетэнцыяй».


Тут выпрабоўваюцца бульдозеры


Як вядома, з развалам Саюза і рэзкім скарачэннем меліяратыўных работ спынілі сваё існаванне і некаторыя прадпрыемствы па выпуску меліяратыўнай тэхнікі. У прыватнасці, завод па вырабе многа- каўшовых экскаватараў у Эстоніі, без якіх праводзіць меліяратыўныя работы проста немагчыма.


Два гады таму паспрабаваў запоўніць гэты «прабел», і даволі ўдала, Коханаўскі завод. А палігонам для выпрабавання ўзораў сваёй новай тэхнікі ён выбраў Чашніцкае ПМС, куды і паступіў першы многакаўшовы экскаватар «ЭТЦ — 203».


Мы пабывалі на меліяратыўным аб’екце «Варкі», гэта ўсяго тры кіламетры ад Чашнікаў, дзе ён быў уключаны ў работу. Машыніст эскаватара Аляксандр Шамархан аб новай эксперыментальнай тэхніцы адазваўся так:


— Машына нядрэнная. На ёй устаноўлены лазер, які ўказвае нахіл і значна аблягчае работу. Не трэба цягнуць катушку, штангі, нацягваць тросы. Камфортная цёплая кабіна. Адзінае, добра, каб канструктары папрацавалі яшчэ над хадавой часткай экскаватара. На гразі, гліне гусеніцы прабуксоўваюць.


Ёсць і яшчэ адна прапанова: зрабіць стралу для падмены з меншымі, больш вузкімі каўшамі. Цяпер каўшы стаяць шырокія, пад ганчарную трубку. Але яе, у залежнасці ад глебы, цудоўна замяняе поліэтыленавая трубка, наконт шланга, якую выпускае завод «Інвет» у Верхнядзвінскім раёне. Трубка накручваецца на бабіну і ўкладваецца куды хутчэй.


У Чашніцкім ПМС працуюць ужо тры многакаўшовыя экскаватары «ЭТЦ-203». На іх работу прыязджалі паглядзець расіяне. Засталіся задаволенымі і выказалі жаданне набыць, бо і ў іх таксама разварочваецца меліярацыя.


На гэтым жа аб’екце «Варкі» праходзіў вельмі паспяхова выпрабаванне наш новы бульдозер «МТЗ-1502-01» Мазырскага трактарнага завода. Механізатар Аляксандр Скабіцкі хваліць беларускіх канструктараў:


— Савецкі «С-130», на якім я раней працаваў, з нашым новым «беларусам» і побач не стаяў. Тэхніка, што трэба! Вельмі праходная, лёгкая ў кіраванні і абслугоўванні, камфортная. Дзякуй вытворцам!


На аб’ектах ПМС зараз працуе 5 такіх бульдозераў Мазырскага трактарнага завода.


Пяцігодка толькі з Гаўрылавым!


Грэх было б не сказаць некалькі слоў пра кіраўніка Чашніцкага ПМС Валерыя Гаўрылава. Ён — тутэйшы, з вёскі з лірычнай назвай Зазерыца, дзе жыве і зараз. У свой час закончыў Велікалуцкі сельскагаспадарчы інстытут і дванаццаць год быў галоўным аграномам ў калгасе «Чырвоная Слабада». Падняў ураджайнасць зерневых з 7 цэнтнераў з гектара да 30. У меліярацыі прайшоў усе ступенькі, пачынаючы з забеспячэнца. І вось ужо трынаццаты год узначальвае Чашніцкае ПМС.


Валерыю Андрэевічу 69 год. Ён ахвотна называе свой узрост, бо выглядае значна маладзей. Заключылі кантракт яшчэ на пяцігодку, на якую ён вельмі аптымістычна настроены, бо ў меліярацыі павінны разгарнуцца важныя падзеі. І як жа ў такім разе без яго, без Гаўрылава?


Калектыў ПМС невялікі, усяго 86 чалавек, але дружны і згуртаваны вакол свайго дырэктара. Першыя яго дарадцы і памочнікі — галоўны інжынер Марына Грыневіч і галоўны бухгалтар Соф’я Стаўнічук, якія працуюць у арганізацыі звыш трох дзясяткаў год. 


Дырэктар беражэ здароўе сваіх людзей: дзе б меліяратары ні знаходзіліся — на аб’ектах у сваім раёне або за межамі яго, і нават у іншай вобласці — ім заўсёды дастаўляюць на поле гарачыя абеды. 


Пазбаўляе клопатаў і аб запасах на зіму гародніны. Кожнаму бясплатна выдае па 10 мяшкоў адборнай бульбы, капусту, моркву, а таксама зерне. І яшчэ — мёд. Ім адна гаспадарка разлічваецца за паслугі, аказаныя меліяратарамі.


І апошняя навіна. Работнікаў УП «Чашніцкае ПМС» зноў запрасілі ў Гарадок. Сказалі, што «гарыць» аб’ект да «Дажынак» і толькі чашнічане змогуць з ім справіцца.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»


Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter