“Дзе б ні працаваў, усюды выкладваюся, інакш не магу”, — шчыра прызнаецца кіраўнік вядомай гаспадаркі Станіслаў Сакалоўскі

Вярнуць славу "Гастэтаўскаму" і ўзняцца яшчэ вышэй

“Дзе б ні працаваў, усюды выкладваюся, інакш не магу”, — шчыра прызнаецца кіраўнік вядомай гаспадаркі Станіслаў Сакалоўскі


Дванаццаць гадоў таму багатая на гісторыю прысталічная гаспадарка атрымала статус адкрытагага акцыянернага таварыства “Гастэлаўскае” Мінскага раёна. Узначальвае вядомы ў рэспубліцы сельгаскалектыў Станіслаў САКАЛОЎСКІ, які пасля заканчэння Ваўкавыскага саўгаса-тэхнікума і Віцебскага ветэрынарнага інстытута прайшоў багатую школу кіравання ў вытворчых калектывах Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Завочна закончыў факультэт дзяржаўнага і мясцовага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 

Працоўная дзейнасць Станіслава Часлававіча адзначана ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў, Беларускага рэспубліканскага прафесійнага саюза працаўнікоў АПК. Ён уваходзіць у склад аграрнай камісіі Мінскага раённага Савета дэпутатаў. 


ПАСЛЯ нападу ў верасні 1939 года нямецка-фашысцкай Германіі на Польшчу, як апалыя лісты з дрэў, сыпаліся ў заходнебеларускія вёскі пахавальныя. Не абмінула бяда і ваўкавыскую сялянку Ганну Сайко, муж якой, кавалерыст Войска Польскага Юльян Сайко, загінуў у баях з акупантамі. Асірацелая ў тры месяцы дачушка Вераніка толькі па фотаздымку ведае бацьку. 

Да маладой удавы Ганны пасватаўся мясцовы халасцяк. Прапанову яна прыняла, бо цяжка было спраўляцца з прыватнай гаспадаркай, поле ўрабляць. Нарадзіла яшчэ дзвюх дзяўчынак. Старэйшую дачушку Вераніку забрала на выхаванне адзінокая цётка Паліна. Перакідваліся яны з хутара на хутар па сваяках і добрых людзях. Даводзілася і жабраваць у галодныя пасляваенныя гады. Наймаліся на працу да заможных сялян. Адным словам, перабіваліся з хлеба на ваду. 

Вераніка вырасла, стала працаваць у эксперыментальнай базе “Талькаўцы”, якая спецыялізавалася на вырошчванні насення кармавых буракоў і збожжавых. Прыгожую дзяўчыну прыкмеціў сын мясцовага каваля Вацлава Сакалоўскага. Сталі сустракацца. А  сваякі параілі сіраціне ісці замуж за шляхетнага Часлава. Заможныя бацькі жаніха справілі вяселле на хутары Прытайкаўцы, дапамаглі маладым збудаваць хату ў суседняй вёсцы Мсцібава.

Старанная Вераніка ў калгаснай брыгадзе лён, бульбу вырошчвала, на жніве да сёмага поту збажыну за касцамі ў снапы вязала, разам з сяброўкамі на малатарні да паўночы ўвіхалася. 

Вялікай радасцю для маладой сям’і было нараджэнне дзяўчынкі. Ксёндз параіў яе назваць Янінай. А калі нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Станіславам, Сакалоўскія вырашылі перабрацца да сваякоў у вёску Талькаўцы. За лета разабралі і перавезлі будынак на новы падворак. Там нарадзіліся яшчэ два хлопчыкі: Генадзь і Янак. 

Дзяцей дапамагала выхоўваць старэнькая цётка Паліна, да якой удзячная Вераніка адносілася як да роднай маці.

— Сто два гады пражыла бабуля Паліна, — з цеплынёю ў сэрцы ўзгадвае Станіслаў Сакалоўскі. — Да дабрыні і спагады прызвычайвала, працаваць прывучвала. Перад адыходам у вечнасць спакойна вымавіла: “Хутка жыццё праляцела, быццам дзверы адчыніла і зачыніла”. Ад яе мы даведаліся пра нялёгкае дзяцінства маці і заўсёды шчыра імкнуліся дапамагаць ёй. 

У шэсць гадоў я смела выганяў на луг карову і адбываў калейку на пасьбе. Пяць гуртоў пасвілася вакол вёскі Талькаўцы, у якой было звыш ста дваццаці двароў. Некаторыя гаспадары па дзве каровы і некалькі галоў маладняку гадавалі. 

Усёй сям’ёю выходзілі на сенажаць. Бацька з дзедам Вацлавам касілі, а мы сушылі пакосы і зграбалі ў копы. Канём сцягвалі іх на грудок і стагавалі. 

Штогод кіраўніцтва эксперыментальнай базы “Талькаўцы” замацоўвала за маці, як і за іншымі сялянкамі, па тры гектары цукровых буракоў. Некалькі разоў за лета праполвалі іх, а ўвосень пасля заняткаў у школе дапамагалі ўручную ўбіраць і ачышчаць ад зямлі караняплоды. Грузілі на конныя павозкі і звозілі з поля. 

Як выдаваўся вольны час, наведваліся на хутар Прытайкаўцы да дзеда Вацлава і бабулі Ганны. Там спрадвеку жылі бацькавы продкі. Прасторны драўляны дом патанаў у старым садзе, акружаным з усіх бакоў векавымі разгалістымі ліпамі. Бабуля частавала салодкімі чарэшнямі, вішнямі, духмянымі яблыкамі і грушамі. Ласаваліся і мёдам, які дзед выкачваў з тоўстых калод.

Дзядулю Вацлава ведала ўсё наваколле як выдатнага каваля. У пяцьдзясят гадоў пайшоў на пенсію, і яго ў кузні вёскі Раднікі замяніў бацька. Пераняў майстэрства выкоўваць металічныя прылады для працы на зямлі. Вяскоўцы аддзячвалі часцей за ўсё каваля бутэлькай самагону. І бацька прызвычаіўся да такіх “пачастункаў”, а мы, трое яго сыноў, ніколі гарэлкі не каштавалі. За пяцьдзясят пяць пражытых гадоў нават шклянкі піва не выпіў і ні адной цыгарэты не высмаліў. Такімі нас выхоўвалі дома і ў школе. Дырэктар Тайкаўскай васьмігодкі Мікалай Васільевіч Пацэнка цікавіўся не толькі паспяховасцю, але і адносінамі ў нашых сем’ях. Цудоўна выкладалі прадметы настаўнікі Тамара Аркадзьеўна і Аркадзь Дзянісавіч Чумаковы. Інтэлігентнасць іх была не толькі ў тым, што кароў і свіней не трымалі, а былі высокаадукаванымі і культурнымі асобамі. І нас такімі выхоўвалі. 

У ваўкавыскай гаспадарцы “Гнезна” даглядае жывёлу малодшы брат Янак, а Генадзь — вадзіцель. Сястра Яніна пасля заканчэння медвучылішча да пенсіі працавала ў Ваўкавыскай раённай бальніцы.

— А як вы вызначалі сваё будучае?

— Пасля васьмігодкі падаў дакументы ў Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Спецыяльнасць будаўніка, на якую паступаў, перавялі ў Бабруйскі сельгастэхнікум, і трэба было там вучыцца. Але маці мяне не пусціла, бо ростам не ўдаўся. Нават паўтара метра ў вышыню не дасягаў. У прыёмнай камісіі перааформіў дакументы на ветэрынарнае аддзяленне і застаўся вучыцца ў Ваўкавыску. Любіў спецыяльныя прадметы.

ВЕТЭРЫНАРЫЯ — навука цікавая. Яе выкладалі высокапрафесійныя спецыялісты. Практыкаваўся ў гродзенскай вёсцы Індура. Мясцовы ветурач адправіў мяне па заяўцы на падворак старэнькай гаспадыні, у якой занядужала свіння. Укалоў жывёліне дозу стрэптаміцыну і развітаўся. Назаўтра бабуля паведаміла, што свінні не стала. Адчуў сваю віну, што не той укол даў. Каб неяк згладзіць сітуацыю, дапамог закапаць тушу на агародзе. На ўсё жыццё запомніў гэту недарэчнасць. 

— Пэўна, такім выпадкам сапсавалі сваю рэпутацыю на практыцы?

— Тры месяцы практыкаваўся, і кіраўніцтва гаспадаркі запрасіла пасля атрымання дыплома на працу. Але ў тэхнікуме накіравалі ў бераставіцкую вёску Грыцавічы ўчастковым ветфельчарам. Праз месяц пайшоў у армію. Служыў у інжынерна-сапёрных вайсках на Паўднёвым Урале. Два гады абучаў курсантаў сапёрскай справе. 

— Не ўзгадвалася прымаўка пра сапёра, які памыляецца толькі раз?

— Вучыў іншых, а ў самога ў руцэ выбухнуў узрыўны пакет, і застаўся шрам на ўсё жыццё. Служыў старанна. Двойчы камандаванне заахвочвала водпускам. Родныя парадаваліся, што ўзмужнеў, падрос. Як у тэхнікуме, так і ў арміі актыўна займаўся спортам. На бегавой дарожцы пастаянна першынстваваў. Быў прызёрам у дывізіі. 

Дужым вярнуўся пасля службы дамоў. 56  матацыклаў  “Ява”  было  ў нашых Талькаўцах. Такім картэжам курсіравалі вечарамі на танцы ў навакольныя вёскі Шылавічы, Кукалкі, Сямёнава. Мне пасля службы маміна маці падарыла грошы на матацыкл. Ужо старою  яна імкнулася загладзіць віну перад дачкою, што маленькаю аддала яе на выхаванне сваячцы. Маці ўсё даравала. 

ВОСЕННЮ паехаў вучыцца ў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Бацькі вельмі радаваліся, што паступіў. Першым у Талькаўцах стаў студэнтам інстытута. На другім курсе зімою атрымаў пасведчанне механізатара і ранняй вясною з іншымі аднакурснікамі працаваў на сяўбе ў Віцебскім раёне, дзе не хапала механізатараў. На трактары Т-74 рыхтаваў глебу, сеяў збожжавыя. За месяц зарабіў 350 рублёў. Справіў абноўкі. І так кожную вясну да заканчэння інстытута выязджалі ў гаспадаркі і добра зараблялі. Дамоў наведваўся ладна апранутым. Аднакурснік прывозіў з Варкуты, дзе яго маці працавала на гандлёвым складзе, джынсы “Мантана” коштам 150 рублёў. Я мог дазволіць сабе такую раскошу. З сябрамі хадзілі на танцы ў педагагічны і медыцынскі інстытуты. А сваё каханне сустрэў на Браслаўшчыне. З аднакурснікам Федзем Папковым паехалі ў яго вёску Прагошча. У клубе пазнаёміўся з маладзенькай навучэнкай Наваполацкага музычнага вучылішча Алай Юц, якая завітала ў госці да сяброўкі. Закахаўся з першага погляду. Два гады сустракаліся. Выгружаў вагоны, каб зарабіць грошай на дарогу, і ляцеў у Наваполацк. Гулялі па старажытных вулачках Полацка, любаваліся Сафійскім саборам, прыкладаліся да ракі Прападобнай Ефрасінні Полацкай.

На чацвёртым курсе ўвосень абвянчаліся ў Шылавіцкім касцёле, што побач з нашай вёскай Талькаўцы. У ветэрынарным інстытуце выдзелілі пакойчык у інтэрнаце. Перад атрыманнем дыплома ветурача ў нас нарадзіўся першынец. Хрысцілі Яўгена ў касцёле. І другога сына Віталя таксама. 

— Станіслаў Часлававіч, ведаю, што вам давялося працаваць не толькі ветурачом, але і кіравалі гаспадаркамі ў Пастаўскім і Ваўкавыскім раёнах, узначальвалі раённае ўпраўленне сельскай гаспадаркі. Як вопытнага спецыяліста вас прыкмецілі і прапанавалі ўзначаліць некалі вядомы на ўвесь Саюз калгас імя Гастэлы, зімовыя палі якога ў брычцы аб’язджаў Мікіта Хрушчоў. Доўгія гады гаспадаркай кіраваў вопытны Яўген Ліўшыц, з якім, дарэчы, мне даводзілася сустракацца не толькі ў гаспадарцы, але і ў далёкай Аўстраліі. Запомніліся налітыя слязьмі вочы Яўгена Сымонавіча, які з боллю ў сэрцы гаварыў, што кожную ноч у снах блукае  па гастэлаўскіх нівах. 

Шмат кіраўнікоў змянілася з таго часу ў некалі перадавым калектыве. Знізіліся вытворчыя паказчыкі. Гаспадарка перажывала не лепшы перыяд. Вам не страшна было прымаць кіраўніцтва ёю? 

— Дзе б ні працаваў, усюды выкладваюся, інакш не магу. Так, гаспадарка свой рэсурс вычарпала, і ёй патрэбна было новае дыханне. Правільным было падпарадкаванне яе гарадскім уладам. Старшыня назіральнага савета Сяргей Лецко прапанаваў узначаліць калектыў. Прапанову прыняў і адразу ўзяўся за справу. 

Дзяржава выдзеліла пазыкі на будаўніцтва двух буйных жывёлаводчых комплексаў у вёсках Канюцічы і Скарынічы. На адным з іх 1500 галоў буйной рагатай жывёлы і на другім — 2500. У вёсцы Шчытомірычы гадуем 500 кормнікаў. Усяго ўтрымліваем 4700 буйной рагатай жывёлы, з іх 1600 дойных кароў. Летась ад кожнай атрымалі па 7600 кілаграмаў малака, а сёлета плануем пераадолець 8-тысячны рубеж. 

— Чым гэта гарантавана? 

— Мяняем генетыку жывёлы. Можам выйсці і на дзесяцітысячныя гадавыя надоі. Эканамічная служба аналізуе, ці выгадна гэта. Высокі кошт лацінаамерыканскага шроту. Кілаграм роўны па цане тром кілаграмам малака. 

Дзе наша навука? Чаму беларускія вучоныя не прапануюць альтэрнатыву? Сельская гаспадарка рэспублікі ўзнялася не дзякуючы вучоным. Кіраўнікі вывучылі ў заходніх краінах сучасныя тэхналогіі і ўкараняюць іх. Вядомы гаспадарнік Герой Сацыялістычнай Працы Алег Валадзько прывёз з Заходняй Еўропы новыя тэхналогіі апрацоўкі зямлі, сарты насення, энерганасычаную тэхніку і ўсё разумна прымяніў у гаспадарцы. Поспех не заставіў сябе доўга чакаць. 

 — У “Гастэлаўскім” высяваем замежнае насенне цукровых буракоў, кукурузы, бульбы, збожжавых і атрымліваем высокія ўраджаі. А дзе беларускія перспектыўныя сарты? 

 — Трэці год працуем над генетыкай дойнага статка чорна-пярэстай пароды. Раней у гаспадарцы ўтрымліваўся генафонд жывёлы, а потым гэту справу запусцілі і сёння аднаўляем. 

Рэнтабельнасць малака ў былыя гады трымалася на ўзроўні 40 працэнтаў. Высокай была і ў іншых сельгаспрадпрыемствах рэспублікі, а цяпер упала. Гэта дзяржаўная праблема. Неабходна прааналізаваць сітуацыю і высветліць, чаму так атрымліваецца. 

— А вытворчасць мяса як?

 — Сабекошт кілаграма ялавічыны склаў 34 тысячы недэнамініраваных рублёў, а прадаём па 25 тысяч за кілаграм. Толькі дзякуючы аб’ёму вытворчасці малака выходзім са стратнай сітуацыі. Закупачныя цэны замарожаныя. Энерганосьбіты, запчасткі, тэхніка пастаянна растуць у цане. Прывагі на адкорме буйной рагатай жывёлы атрымліваем на еўрапейскім узроўні — звыш кілаграма ў суткі. І надоі амаль еўрапейскага ўзроўню. Нашымі сучаснымі фермамі, вытворчымі паказчыкамі захапляюцца італьянцы, немцы, а фінансава пахваліцца няма чым. 

— Калі вы прынялі “Гастэлаўскае”, кадры не мянялі?

— Давялося сутыкнуцца з асобамі, якія ўсім былі незадаволены. Смута хадзіла. Кагосьці давялося адправіць на заслужаны адпачынак, іншыя самі напісалі заявы. Кадры памяняліся. Калектыў за сем гадоў майго кіраўніцтва згуртаваўся ў аднадумцаў. Мой першы намеснік Вальдэмар Жылюк, які ўзначальваў ваўкавыскую гаспадарку “Рось”, інжынер па спецыяльнасці. Для яго шырокі фронт дзейнасці. Шмат будуем, рэканструіруем. 

— Што вас найбольш хвалюе як кіраўніка?

— Захаваць аб’ёмы і высокі ўзровень вытворчасці і выйсці на далейшы рост эканамічных паказчыкаў. Самыя нязначныя памылкі вядуць да фінансавых затрат, і яны недаравальныя. Вялікая адказнасць перад людзьмі, іх сем’ямі. Побач працуюць два сыны. Віталь закончыў Брэсцкі будаўнічы ўніверсітэт, а Яўген пасля Гродзенскага энергетычнага тэхнікума завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. Дзве нявесткі тут працуюць. Мы з жонкаю маем унукаў — Кірыла, Арцёма і Максіма. Чакаем яшчэ папаўнення. Спадзяемся, што Бог падорыць унучку.

Дзеці не падводзяць. Яўген студэнтам на канікулах працаваў памочнікам камбайнёра на жніве. Цяпер інжынер па працаёмкіх працэсах, займаецца дэльтаскрэперамі, робатамі, якія дояць кароў. Добразычліўцы куды толькі не пісалі, што сыноў уладкаваў. Члены камісіі, што разбіралі гэтыя скаргі, сустрэлі на комплексе Яўгена, перапэцканага жыжкай. Чые дзеці пойдуць такую працу выконваць? Другі сын адказвае за новабудоўлі. І яму нелёгка. Камісія пытанне закрыла. 

— Станіслаў Часлававіч, якой бачыцца перспектыва гаспадаркі?

— Пра гэта цяжка гаварыць. Яўген Ліўшыц быў гаспадаром і паступаў так, як лічыў патрэбным, а мне як кіраўніку акрэслены шматлікімі інструкцыямі вузкі калідор — і ні кроку ў бок. Радуе, што склаўся касцяк высокапрафесійных спецыялістаў. У кожнага разуменне і адказнасць. Людзі адчулі асалоду жыцця ў калектыве.

— Тое, што побач сталіца, не перашкаджае дзейнасці калектыву?

— У нас працуюць людзі з розных куткоў Беларусі. Прыцерліся, абжыліся. Кадраў хапае. Адносіны дабрадушныя. Імкнёмся вярнуць былую славу “Гастэлаўскаму” і ўзняцца яшчэ вышэй. 

Уладзімір СУБАТ

Мінскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter