Вярнуць нельга забыць

Мастацкі музей адзначыць 70-годдзе вызвалення Беларусі

Юбілей Нацыянальнага мастацкага музея — не адзіная нагода зрабіць каляндар выставак насычаным і незвычайным. Там таксама адзначаць 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Не застанецца без увагі і чэмпіянат свету па хакеі.

Выстава мастацкага шкла, партрэты рускіх мастакоў апошніх стагоддзяў, работы нашага земляка Роберта Геніна з прыватнай калекцыі — усё гэта можна ўбачыць у музеі ўжо сёння. Далей будзе яшчэ цікавей. Па традыцыі будуць адзначацца юбілеі мастакоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускага выяўленчага мастацтва. Сёлета гэта Павел Маслені¬каў, Арлен Кашкурэвіч, Васіль Шаранговіч і іншыя. Цікава, што ў гэтым годзе круглая дата і ў аўтара праекта галоўнага корпуса музея — заслужанаму архітэктару Беларусі Міхаілу Бакланаву споўнілася б сто гадоў. Гэтай даце нададуць асаблівую ўвагу.

Тры месяцы будзе доўжыцца выстаўка «Дзесяць стагоддзяў культуры Беларусі». Праект унікальны па сваіх маштабах і падборы работ. На выставе прадставяць творы не толькі з уласных запаснікаў, але і работы, у тым ліку дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, з іншых музеяў Беларусі, а таксама замежных. Так сталася, што ў савецкі час некаторыя з іх апынуліся ва ўстановах іншых краін. Вядома, вяртаць іх не хочуць, а вось паказаць пагадзіліся. Так, прывязуць старадрукі з Санкт-Пецярбургскай бібліятэкі, «Партызанскую Мадону» Міхаіла Савіцкага — з Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі, творы нашага земляка Яўсея Маісеенкі з калекцый музеяў некалькiх краiн і г.д.

Выстаўка «О спорт! Ты — мір» будзе прысвечана чэмпіянату свету па хакеі. Плануецца сабраць творы жывапісу, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія былі зроблены нашымі майстрамі ў тым ліку яшчэ і ў савецкі час. Дарэчы, гэтай спартыўнай падзеі будзе прысвечана «Ноч музеяў». Па традыцыі яна адбудзецца 18 мая, якраз у самы разгар хакейнага першынства. Канцэпцыя свята яшчэ распрацоўваецца.

Віншаваннем ад Літоўскага мастацкага музея будзе праект «Альбом Вільчынскага», Эрмітаж прадставіць японскую графіку ХVII—XIX стагоддзяў. З польскім бокам вядуцца перамовы наконт выстаўкі работ нашага славутага мастака Фердынанда Рушчыца.

Таксама музей рыхтуецца да 70-годдзя вызвалення Беларусі, запланавана спецыяльная выстаўка ў пастаяннай экспазіцыі. Знакавыя творы Валянціна Волкава, Міхаіла Савіцкага, Уладзіміра Сухаверхава будуць суседнічаць з палотнамі іншых майстроў, якія таксама пісалі вайну.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter