Вяргіні таксама лечаць

Чаму ў кругабегу жыцця ветурач з шаркаўшчынскага ААТ “Буеўшчына” Ала Баговіч выбірае ўсё яркае і пярэстае...

То плуг, то каса: вёсцы жыць па-старому.

І звыкнецца маці — ці ж праўда ў слязах?

Хто-небудзь ды будзе вяртацца дадому:

І з пашы карова, і з выраю птах.

Алесь КАСКО

ПРЫГАДВАЕЦЦА семінар па жывёлагадоўлі, які праходзіў у КУВСП “Гарадзец”. Адзін з тэхналагічных прыёмаў, які прапанаваў прадэманстраваць старшыня райвыканкама Мечыслаў Морхат некаму з ветурачоў перад прысутнымі — было выпальванне рагоў у маленькіх цялушак. Дарэчы, гэта важнае мерапрыемства павінны праводзіць на месцах галоўныя ветурачы з той мэтай, каб пасля, калі цялушкі стануць дарослымі каровамі, не траўміравалі рагамі адна адну ў часы прагулак або пры выгульным утрыманні ў даільных залах. Дык вось, пасля прапановы кіраўніка раёна ветурачы насцярожыліся: “Хто ж адважыцца прылюдна паказаць, як гэта робіцца?”. І тут з натоўпу прысутных на семінары выйшла маладжавая стройная жанчына. Яна зайшла ў адну з клетак, дзе знаходзіліся пры халодным утрыманні маленькія цяляты гаспадаркі. Пры дапамозе спецыяльнага прыбора акуратна, прафесійна зрабіла патрэбную аперацыю жывёле. Ёй нават па-добраму пазайздросцілі вопытныя ветурачы.

Гэта была Ала Баговіч — ветурач з ААТ “Буеўшчына”. Адкуль у жанчыны такія, скажам, мужчынская хватка, уменне, спрыт, а значыць, і любоў да сваёй прафесіі? Аказваецца, бацька Алы Георгій Баніфацавіч Мышко 40 гадоў адпрацаваў галоўным ветурачом у былым калгасе “Усход”. Калі яшчэ Ала хадзіла ў школу, бацька, прыйшоўшы з работы, гаварыў пра жывёлу, пра яе лячэнне і пра розныя выпадкі са сваёй практыкі. Дзяўчына чула ўсё гэта і ганарылася бацькавай прафесіяй. Таму не было іншага выбару, як пайсці дзяўчыне па яго сцяжынцы.

ПАСЛЯ школы, не раздумваючы, Ала Мышко паехала паступаць у Віцебскую акадэмію ветэрынарнай медыцыны. Вучылася з вялікім задавальненнем, а пасля заканчэння навучальнай установы прыехала працаваць у родную гаспадарку. Прызначылі яе на пасаду ветфельчара, і стала яна выконваць свае абавязкі разам з бацькам. Набытыя веды падмацоўвала практыкай. У чым сумнявалася, брала ўрокі ў бацькі. А калі Георгій Баніфацавіч пайшоў на заслужаны адпачынак — узначаліла ветэрынарную службу гаспадаркі.

У суседняй вёсцы Ала сустрэла свайго суджанага. Фёдар працаваў у гэтай жа гаспадарцы шафёрам. Апошнім часам Фёдар Еўдакімавіч атрымаў больш магутную аўтамашыну “КамАЗ” і выконвае розныя транспартныя работы ў сельгаспрадпрыемстве.

Першыя гады сумеснага жыцця маладая пара жыла ў вёсцы Корніца, непадалёку ад бацькоўскага дома Алы. У Алы і Фёдара нарадзілася трое дзетак. Шматдзетнай сям’і стала цеснавата жыць у невялікай вясковай хаце, і гаспадарка выдзеліла ім домік у вёсцы Буеўшчына. Цяпер іх будынак прыкметна адрозніваецца ад іншых. Калі трымаць накірунак на Браслаў, то з правага боку вёскі можна заўважыць ярка-зялёны дом.

— Такі колер фарбы выбрала жонка. Яна любіць усё яркае, пярэстае, каб выдзяляцца сярод іншых, — заўважыўшы нашу цікаўнасць, сказаў Фёдар Еўдакімавіч і запрасіў у мініяцюрны садок, дзе растуць карлікавыя яблыні, грушы і мноства кветак.

ПРАЎДА, прыехалі мы да Баговічаў позняй восенню, калі ў палісадніку большасць кветак адцвіло, але буялі рознакаляровыя вяргіні. Якіх там толькі не было: немахровыя, каўняровыя, півонявыя, анемонавыя, дэкаратыўныя, пампонныя, карлікавыя. Усе так вабілі вока!

— Жывёла і кветкі, неяк не стасуецца? — пытаюся ў Алы Георгіеўны, якая прыехала на веласіпедзе паабедаць.

— Люблю ўсё жывое на зямлі. У нас на падворку карова, цялё, свінні, куры, качкі. Калі жылі ў Корніцы, займалася нутрыямі. Тут пакуль такой магчымасці няма. Пастаянна каля жывёлы я на асноўнай працы. У маім, так скажам, абіходзе жывёлагадоўчыя фермы “Буеўшчына”, “Дубнічкі” і “Корніца” — каля 1400 жывёлін. Мая непасрэдная задача, каб яны былі здаровымі. Але мы, ветэрынарныя ўрачы, як і медыцынскія, не маем права адмаўляць, калі дзе патрабуецца наша дапамога, — паведаміла Ала Баговіч.

— Такая вялікая гаспадарка, і як вы дабіраецеся да ферм? — працягваю размову.

— Для нас, спецыялістаў жывёлагадоўчай галіны, гаспадарка выдзеліла аўтамашыну. Але калі яна занятая, то саджуся на веласіпед і ў дарогу. Цяпер прасцей, бо ўся жывёла ў памяшканнях.

— Ала Георгіеўна, а чым займаюцца вашы дзеці?

— Старэйшы сын Фёдар ужо, як кажуць, на сваім хлебе. Пасля заканчэння Віцебскага будаўнічага каледжа ён застаўся працаваць у адной з будаўнічых арганізацый Віцебска.

Дачка Святлана вырашыла стаць педагогам — займаецца ў Віцебскім педагагічным універсітэце імя Машэрава. Маленькі Юра ходзіць у другі клас Іёдскай сярэдняй школы. Калі Свеце трэба матэрыяльна дапамагчы, то Юру, як самаму меншаму, патрабуецца больш увагі ўдзяляць у сэнсе вучобы.

— Кажуць, што вы лепшая чытачка ў вёсцы?

— Як жа не наведваць бібліятэку, калі яна непадалёку ад дома? Чытаю розную літаратуру, але больш пазнавальную, зразумела, пра кветкі, пра кампазіцыі, каб пасля прымяніць на практыцы.

— Начытаецца кніг і з патрабаваннямі да мяне. Я ўжо як выканаўца: прынясу, прывязу, выкапаю, — уключыўся ў размову гаспадар.

— Прызнайцеся, Ала Георгіеўна, як на ўсё ў вас хапае часу?

— Гарэлкі я не п’ю, з жанчынамі на лаўцы не сяджу. Надарыцца вольная хвіліна, дык я яе з кветкамі праводжу, а зімою кніжкі чытаю. А тое, што вы прыгадалі пра той семінар, — вяртаемся да першапачатковай размовы, — дык гэта мая звычайная работа.

ЖЫЦЦЁ — кругабег. І пра гэта трэба памятаць, каб карыснае пакінуць на зямлі, каб сцежкі да бацькоўскага дома ніколі не зарасталі. Па выхадных наведваюцца да бацькоў Фёдар і Святлана. Тады шумна і весела становіцца ў доме.

Кацярына СОСНА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter