Вялікім быць непроста

Міністэрства антыманапольнага заканадаўства і гандлю выступае за новыя спосабы рэгулявання дамінантаў на рынку

Навіна дзесяцігоддзя: інфляцыя за мінулыя паўгода выдалася не толькі ўдвая меншая за чакаемую, але і мінімальная з 2007 года. У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю акцэнтуюць увагу на тым, што, па сутнасці, абышлося ўсё без іх умяшання і надзвычайнага кантролю. Праўда, зазор для працы ведамства, а значыць, і для зніжэння цэн, усё ж ёсць. Ляжыць ён у плоскасці нядобрасумленнай канкурэнцыі і барацьбы з хітрымі манапалістамі.


Змёны манапалістаў можна адшукаць у Дзяржрэестры суб'ектаў-дамінантаў на сайце МАРГ. Напрыклад, ільвіную долю таварных рынкаў займаюць у цэлым па краіне 175 арганізацый. Тут значацца такія флагманы, як прадпрыемства «Беларуськалій», Завод горнага воску, «Нафтан», «Белшына», «Амкадор», «Белкамунмаш» і іншыя. Аб іх важкай долі ў эканомiцы краiны ніхто не спрачаецца. Але спецыялісты міністэрства ў апошні час усё ж не супраць яшчэ раз ацаніць становішча спраў. Бо ў рэестры могуць знаходзіцца прадпрыемствы, якія былі ўключаны туды даўно, але іх роля з часам знізілася, а выкрасліць іх са спіса забыліся.

Так, да прыкладу, у рэестры да нядаўняга часу знаходзілася цырульня Віцебска. Калісьці яна была ледзь не адзінай на ўвесь горад, але зараз канкурэнтаў у яе шмат. Кожнае ж сваё павышэнне цэн даводзілася ўзгадняць толькі гэтым цырульнікам. Несправядлівасць ліквідавалі.

Не абышлося і без іншых знаходак-крайнасцей. У прыватнасці, знайшліся прадпрыемствы — адзіныя па аказанні розных паслуг і работ у пэўнай мясцовасці, але былі яны па-за рэестрам.

— Так, у яго трапілі арганізацыі, якія выконваюць работы па паверцы прылад вымярэнняў альбо тых, якія выкарыстоўваюцца ў метралагічных лабараторыях, АІС «Разлік-ЖКП». Адно з апошніх рашэнняў — уключэнне шэрагу прадпрыемстваў сістэмы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты па паслугах правядзення экспертызы пры сертыфікацыі паходжання тавараў і сертыфікацыі прадукцыі ўласнай вытворчасці, — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення антыманапольнага рэгулявання МАРГ Алеся Абраменка гартае спіс.

Часам прадпрыемствы адчайна супраціўляюцца пападанню ў рэестр дамінантаў і спрабуюць адстаяць сваю пазіцыю праз суд. Так было з «Мінск Крышталь» — кіруючай кампаніяй холдынга «Мінск Крышталь Груп», лікёра-гарэлачнымi заводамi Віцебска, Брэста, Гомеля, Гродна, Клімавіч, а таксама з Мазырскім спіртагарэлачным заводам. У красавіку Вярхоўны Суд падтрымаў міністэрства ў рашэнні папоўніць рэестр імёнамі гэтых прадпрыемстваў. Значыць, надалей ім трэба будзе дэклараваць цэны і ўпісвацца ў гранічны нарматыў рэнтабельнасці.


Аднак у антыманапольным ведамстве задумаліся аб альтэрнатыўных спосабах рэгулявання працы дамінантаў. Намеснік міністра Ігар Вежнавец:

— Многія гады асноўным спосабам рэгулявання з'яўлялася цанавое. Аднак практыка паказвае: прамое ўмяшанне ў працу прадпрыемстваў не заўсёды эфектыўнае. Для развіцця канкурэнтнага асяроддзя, абароны інтарэсаў малога і сярэдняга бізнесу важна, каб умовы пакупкі тавару былі зразумелымі, адкрытымі і недыскрымінацыйнымі для спажыўцоў незалежна ад формы ўласнасці. Мы прапануем выкарыстоўваць альтэрнатыўныя спосабы рэгулявання дзейнасці суб'ектаў-дамінантаў. Гаворка ідзе аб усталяванні правілаў недыскрымінацыйнага доступу да тавараў, што вырабляюцца або рэалізуюцца суб’ектам, доля якога на таварным рынку складае больш за 70 працэнтаў. Гэта дазволіць істотна спрасціць доступ да тавараў і паслуг, перш за ўсё ў інфраструктурных галінах, зрабіць яго максімальна празрыстым.

druk@sb.by

Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?